Авторизация
 

На сесіі міёрскага Савета дэпутатаў са справаздачай аб рабоце райвыканкама ў 2020 годзе выступіў старшыня Ігар КУЗНЯЦОЎ

 Новыя працоўныя месцы, пашыраныя жылыя кварталы, увод металапракатнага завода і першая белая харчовая бляха – на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання са справаздачай аб рабоце райвыканкама ў 2020 годзе выступіў старшыня Ігар КУЗНЯЦОЎ. Захаваны працоўныя калектывы, збояў у вытворчай і бюджэтнай сферах не было. Кожны ў раёне меў магчымасць працаваць, карыстацца сацыяльнымі дабротамі, выхоўваць дзяцей. На рост дастатку і паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва нацэлены і ў 2021-ым.

 

З чыстым прыбыткам

Аналізуючы паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, Ігар Валер’евіч адзначыў станоўчую дынаміку і прырост па большасці з іх. За студзень – лістапад арганізацыі ўлічваемага сектара эканомікі зарабілі 109 мільёнаў рублёў, што складае каля 115 % да аналагічнага перыяду 2019 года. Забяспечана рэнтабельнасць продажу, якая за студзень – кастрычнік склала 2,8 %. У аграпрамысловым комплексе вырабілі прадукцыі ў супастаўных цэнах больш чым на 58 мільёнаў рублёў ці на 106 % да ўзроўню 2019-га. Вышэй тэмп росту рознічнага гандлю. Ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг атрымалі каля 9 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. З ім працуем на працягу апошніх чатырох гадоў.

 
За 10 месяцаў атрымана 137 мільёнаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Пяцігадовы план да кастрычніка выкананы на 145 %. 74 з іх займаюць будаўніча-мантажныя работы, 16 % накіравалі на набыццё машын і абсталявання. Са слоў Ігара Валер’евіча, другі год запар па выніках за дзесяць месяцаў сярод 21 раёна вобласці Міёрскі займае другое месца пасля Аршанскага па аб’ёме інвестыцый. У 2018-ым выступаў абсалютным лідарам. Аналагічна па будаўніча-мантажных работах.

 
 За справаздачны перыяд на новыя рабочыя месцы за кошт стварэння вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкавалі 233 чалавекі пры заданні 70. Сярэднямесячны заробак па раёне склаў амаль 850 рублёў, што на 18 % больш, чым летась. Важная для раёна знешнеэканамічная дзейнасць. За студзень – верасень на экспарт паставілі тавараў на 944 тысячы долараў ЗША, што амаль у 12 разоў больш за аналагічны перыяд летась. Рэалізоўвалі прадукцыю мясакамбіната, ММПЗ-груп, «Капіталдрэўпрадукта», у тым ліку ялавічыну замарожаную і ахалоджаную, тлушч буйной рагатай жывёлы, харчовыя субпрадукты, драўніну бондарную, лесаматэрыялы ўздоўж распілаваныя, халоднакатаны пракат.

 

Інвестыцыі

Завяршэнне будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі стала значнай падзеяй года. Інвеставана 742,5 мільёна рублёў. Гэты ўнікальны аб’ект стварыў усе перадумовы для прыцягнення ў раён новых інвестараў. Напрыклад, следам узнікла ідэя ўзвесці міжраённы медыцынскі цэнтр. Ужо распрацавана бізнес-канцэпцыя, вызначана месца размяшчэння. Бясплатна яго паслугамі змогуць карыстацца жыхары нашага і пяці бліжэйшых раёнаў. Добрую тэндэнцыю падхапіў «Санта Рытэйл», які пашырыў гандлёвую сетку райцэнтра новым магазінам. Інвестыцыі склалі каля 3 мільёнаў рублёў. Чакаюцца і новыя «ластаўкі».

 
Сучасныя тэхналогіі забою, апрацоўкі і захоўвання мясной прадукцыі збіраюцца ўкараняць на мясакамбінаце. Ужо зацверджаны бізнес-план інвестыцыйнага праекта. Узгоднена дакументацыя для ўзвядзення дзіцячага садка і паліклінікі ў райцэнтры.

 

Будаўніцтва і аднаўленне

За 11 месяцаў індывідуальныя забудоўшчыкі ўвялі ў эксплуатацыю 2 872,8 квадратнага метра жылых памяшканняў, што склала 115 % да задання. З 26 шматдзетных сем’яў 24 палепшылі свае жыллёвыя ўмовы шляхам долевага ўдзелу ў будаўніцтве шматкватэрнага дома. У райцэнтры чакаецца ўвод 40-кватэрнага па вуліцы Лермантава, 27. «ММПЗ-груп» запаўняе новым жыллём прастору ў раёне вуліц Дружбы і Партызанскай. Амаль гатовы дзевяцікватэрны дом у Дзісне, што прызначаны для адселеных са старога і аварыйнага жылля.

 
Аднаўленне – таксама важная задача. Так, пасля капітальнага рамонту ўведзена ў эксплуатацыю 3,7 тысячы м2 агульнай плошчы жылых памяшканняў. УП ЖКГ мадэрнізавала цепласеткі ў райцэнтры і аграгарадку Язна агульнай працягласцю 1 753 метры. Нямала зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторый, розных куточкаў райцэнтра, вуліц. Працягвалася пераўтварэнне Камуністычнай, мадэрнізавалі выратавальную станцыю, узводзілі інжынерныя сеткі жылой забудовы квартала «Русачкі». За студзень – кастрычнік будаўніча-мантажныя работы выкананы ў аб’ёме 100 мільёнаў 622 тысячы рублёў, што ў супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду летась склала 109 %.

 
У 2020 годзе правялі праектна-вышукальніцкія работы па чарговым 40-кватэрным жылым доме, які з’явіцца па вуліцы Камуністычнай, 74 у райцэнтры. Адобраны горадабудаўнічыя планы па Дзісне, мікрараёне «Русачкі». У працэсе аналагічныя работы па сядзібнай забудове «Сосны». У прыярытэце паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. З бюджэту раёна на капітальны рамонт затрачаны 298 тысяч рублёў, на бягучы і добраўпарадкаванне – 200 тысяч. Новых сродкаў для навучання, а таксама інвентару і абсталявання набылі на 122 тысячы рублёў.

 
У лістападзе распачаўся капітальны рамонт СШ № 3 імя Я. Томкі, які фінансуецца з Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.
На кантролі – ўмацаванне здароўя насельніцтва. Захаваць яго дапамагае фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе завяршылі капітальны рамонт другога паверха.

 

Медыцыне – надзейнае плячо

У сувязі з пандэміяй каронавіруса на сістэму аховы здароўя ў 2020 годзе выпала сур’ёзная нагрузка. Свой высокі ўзровень прафесіяналізму і гатоўнасць да самых няпростых выпрабаванняў пацвердзілі медыкі раёна. Гэта 64 урачы, 260 сярэдніх медыцынскіх работнікаў, 254 іншага персаналу. У мінулым годзе прыступілі да працы сем маладых спецыялістаў, у тым ліку два ўрачы, пяць работнікаў сярэдняга звяна.

 
Кіраўніцтва раёна заўсёды імкнулася дапамагчы медыкам усім, чым магло. Дзякуючы падтрымцы падведзены медыцынскія газы ў інфекцыйны корпус раённай бальніцы, зроблены касметычны рамонт у райпаліклініцы, Дзісненскай бальніцы сястрынскага догляду, Новапагосцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Выдаткі на барацьбу з каронавірусам склалі 1 048 413 рублёў. Выдзелены дадаткова 120 тысяч.

 

Разам і зладжана

У заключным слове старшыня райвыканкама падзякаваў за плённую работу дэпутатам, кіраўнікам арганізацый і ўстаноў. Выканаўчая і заканадаўчая ўлады сумесна робяць усё магчымае для развіцця Міёршчыны і паляпшэння дабрабыту яе жыхароў. Каб ажыццявіць задуманае і знайсці новыя ідэі, неабходна выканаць шэраг задач. У тым ліку палепшыць працоўную дысцыпліну ў сельскай гаспадарцы, ствараць камфортныя ўмовы для бізнесу, нарошчваць вытворчасць працы і адпаведна – заробак, развіваць сферу паслуг, выходзіць на новыя рынкі збыту ўласнай прадукцыі і іншыя.

 
Даклад старшыні райвыканкама дапоўнілі дэпутаты райсавета: намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Андрэй Батура, старшыня Завуццеўскага сельвыканкама Аляксандр Качан. Яны падзяліліся поглядамі на будучыя прагнозы развіцця кожны ў сваёй сферы, работу з выбаршчыкамі.

 

У прыярытэце – сацыяльная сфера

Пра вынікі выканання бюджэту ў 2020-ым і яго фарміраванне на 2021 год праінфармавала намеснік начальніка райфінаддзела Кіра Рундо. Яна заўважыла, што за справаздачны перыяд давялося вырашаць шэраг праблем, фінансаванне якіх не прадугледжвалася ў бюджэце. Спатрэбіліся дадатковыя сродкі на добраўпарадкаванне раёна, уносіліся змяненні ў планы па сацыяльна значымых расходах. Падтрымка з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў дазволіла фінансаваць мерапрыемствы па выдаленні баршчэўніка Сасноўскага, рэкультывацыі мініпалігонаў. Субвенцыі з рэспубліканскага дарожнага фонду дапамаглі прадоўжыць капітальны рамонт вуліцы Камуністычнай у райцэнтры з элементамі добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі.

 
Праект бюджэту раёна на 2021 год распрацаваны адпаведна прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і грашова-крэдытнай палітыкі. Па падатковых і непадатковых даходах у сукупнасці прырост да ўзроўню 2020-га павінен скласці 10,4 %, што дазволіць забяспечыць трывалую базу. Асноўнымі крыніцамі застануцца падаткі: падаходны з фізічных асоб, на дабаўленую вартасць, на ўласнасць, прыбытак, іншыя выручкі пры рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, якія сфарміруюць прыбытковую частку на 93 %.

 

Захаваецца пералік, устаноўлены на тэрыторыі раёна: збор з нарыхтоўшчыкаў, курортны, падаткі з уладальнікаў сабак. Прадоўжыцца практыка добраахвотных узносаў грамадзян у выглядзе «самаабкладання». Яны акумулююцца як дадатковая крыніца ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Прадугледжаны датацыі ў 18 мільёнаў рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Сярэдні ўзровень датацыйнасці па раёне складае амаль 50 %.

 
Аб’ём расходаў бюджэту на 2021 год вызначаны ў жорсткіх умовах эканоміі ў суме звыш 36 мільёнаў рублёў, да чакаемага выканання за 2020-ы ў 96 %. 78 % усіх рэсурсаў маюць сацыяльную скіраванасць, таму расходы на яе закранаюць у той ці іншай меры кожнага жыхара раёна. Праект бюджэту зацверджаны па даходах у суме звыш 36 мільёнаў рублёў, па расходах – каля 35,9 мільёна рублёў.
 
Адным з найважнейшых пытанняў на парадку дня сесіі стала вылучэнне дэлегатаў на Усебеларускі народны сход, дзе будуць прапрацоўвацца пытанні, якія дапамогуць вывесці развіццё краіны на новы ўзровень. З ліку дэпутатаў раённага Савета выбралі чатырох. Гэта Марыя Баніфатава, Яўген Баран, Уладзімір Пашковіч і Генадзь Паршута. Дзелавыя і актыўныя ў сваіх сферах дзейнасці, паважаныя насельніцтвам, ведаюць пра яго праблемы і патрэбы. У кожнага ёсць прапановы і ідэі, як палепшыць узровень жыццезабеспячэння. Іх агучаць на высокім узроўні. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2021
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта