З 1 снежня начальнікам дзісненскага цэха швейнай фабрыкі «Віцябчанка» прызначана Лідзія Іванаўна УРБАНЧУК.
Нарадзілася ў вёсцы Аўласенкі, што на Язненшчыне. Пасля заканчэння Язненскай сярэдняй школы асвойвала майстэрства стварэння бытавых рэчаў і адзення ў швейным вучылішчы № 19 г. Віцебска. На сваім першым працоўным месцы «кравец шырокага профілю» прымала заказы ў Дзісненскім камбінаце бытавога абслугоўвання.
У 2001 годзе разам з сям’ёй пераехала ў Дзісну і ўладкавалася на «Віцябчанку» швачкай. Расла па службовай лесвіцы: спачатку брыгадзір, затым кантралёр, нейкі час выконвала абавязкі майстра. У 2005-ым паступіла ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж на спецыяльнасць «Тэхнік-тэхнолаг швейнай прамысловасці».
Амаль паўтара гады Лідзія Іванаўна як фізічная асоба займалася рамонтам і пашывам адзення. Здымала памяшканне ў будынку КБА. Але сувязі з «Віцябчанкай» не парывала: адначасова па дагаворы падраду працавала тэхнолагам. Цяпер да гэтых абавязкаў дадаліся і клопаты начальніка цэха. З уласным бізнесам давядзецца пачакаць.
Работы майстар швейнай справы не баіцца. У гэтай сферы яна занята ўжо амаль 20 гадоў. Калі трэба тэрмінова справіцца з планам – сама таксама садзіцца за машынку. Сваёй задачай лічыць забяспечыць стопрацэнтную выпрацоўку, каб у людзей быў дастойны заробак. На сённяшні дзень ён складае каля 500 рублёў. Цяпер выконваюць заказ на тысячу ўцепленых мужчынскіх штаноў. Плануюць справіцца месяцы за паўтара – у дзень адшываюць па 40 – 50 пар. Яшчэ ў папцы заказаў жаночыя фастрыгаваныя паліто. Аб’ёмы работы вялікія, але гэтаму ў цэху толькі рады.
Замужам, у сям’і трое дзяцей.
Алена ВАРОНІНА
Фота з архіваў рэдакцыі.