Авторизация
 

ДАІ нагадвае: чалавек, стань яркім на дарозе!

 Снежаньскі снег сагнала дажджом. Зімовыя вечары рэзка счарнелі і раніцай віднее толькі бліжэй да дзевяці гадзін. Асабліва неспрыяльная пара для тых, хто за рулём. Едзеш, як крадзешся, і спадзяешся на Божую дапамогу, каб не зачапіць пешахода ці веласіпедыста, якія ў час пік дзеляць вуліцы нароўні з аўтатранспартам.

 

У патоку людзей рэдка хто адметны святлоадбівальнымі элементамі. У асноўным усе ў цёмным адзенні, якое нават у водблісках вулічных ліхтароў зліваецца з чорным фонам дарожнага пакрыцця. У непагадзь можна проста некага не заўважыць ці надта позна спахапіцца.

Самае небяспечнае месца – пешаходны пераход. Колькі разоў у інтэнсіўным святле фар ад сустрэчнага транспарта ў апошні момант заўважаеш чалавека, які знянацку з’яўляецца на зебры. Ні налева, ні направа не паварочваючы галавы, не ўпэўніўшыся, што іх прапускаюць, цвёрда ступаюць на дарогу смельчакі. Дзе там убачыш яго здалёк, калі на ім ніводнага святлоадбівальнага элемента.

 

Таму штораз пры пад’ездзе да пешаходніка, нават калі блізка нікога няма, лепш прытармазіць. І тут насцігае другая праблема. Калі ты стараешся быць пільным, ззаду з усіх «конскіх сіл» як угарэлы імчыць абгоншчык. У нашым райцэнтры такая з’ява надта распаўсюджаная. Неаднойчы ліхач, якіх нямала і на буйнагабарытным транспарце, ледзьве паспяваў спыніцца перад пешаходам.

 
Шмат у нас веласіпедыстаў. Двухколавы транспарт даступны ўсім: і на работу зручна дабірацца, і ў магазін. Прычым ездзяць практычна ўсю зіму, у снегапад і галаледзіцу таксама. Рэдка калі ў камізэльцы і з дадатковым абсталяваннем – фарамі белага колеру спераду і чырвонага – ззаду. Няма культуры паказваць рукой паварот, таму ніколі не ведаеш, калі і ў які бок можа скіравацца непрадказальны двухколавы транспарт. Днём лягчэй на машыне з веласіпедыстам размінуцца. У цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі ўсё можа скончыцца цяжкімі наступствамі для здароўя.

 
У кагорце дзяцей, якія раніцай спяшаюцца ў школу, яркіх і заўважных куды больш. Добра прыкметная ў цемры дзяўчынка ў бялюткай куртачцы са святлоадбівальнай тканіны, хлопчык з салатавымі смайлікамі на рукзаку ці ў шапачцы з дэкаратыўнымі мільгаючымі рожкамі. Верхняе адзенне і абутак, на якім сталі модныя палоскі ці пластыкавыя святлоадбівальныя ўстаўкі, ужо гарантуюць дзіцяці асабістую бяспеку. Любяць яны хадзіць з ліхтарамі, а іх цяпер вялікі выбар у продажы. Важна, каб пра сваіх дзяцей клапаціліся ўсе бацькі. Аптымальны варыянт – чатыры святлоадбівальнікі з усіх бакоў.

 

Старшы дзяржінспектар ДАІ РАУС Аляксандр Савейка нагадвае:
– У цёмны час сутак святлоадбівальны элемент – неад’емны атрыбут кожнага пешахода і веласіпедыста. З імі чалавека бачна за 400 метраў, а гэтага дастаткова, каб папярэдзіць наезд. За адсутнасць флікера пагражае штраф ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі пешаход п’яны, штраф павялічваецца да 5 базавых. У выніку аварыйнай сітуацыі заплаціць давядзецца ўсе 8. Калі з-за пешахода без флікера ўчынена лёгкае цялеснае пашкоджанне іншаму ці пацярпеў транспартны сродак, груз, дарожнае пакрыццё, іншая маёмасць, ці ён знік з месца здарэння, памер штрафа можа дасягнуць 20 базавых велічынь.

 

Куды танней і здаравей абыдзецца флікер і элементарнае падпарадкаванне правілам дарожнага руху. Аднак не ўсе задумваюцца пра гэта, абыякавых да ўласнай бяспекі яшчэ шмат, пра што сведчаць вынікі лістападаўскай акцыі «Пешаход». Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 26 пешаходаў і веласіпедыстаў, дзевяць з якіх былі нецвярозыя.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта