Пажарная бяспека, дзейнасць назіральных камісій па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын, у тым ліку надзвычайных сітуацый, часта абмяркоўваюцца на пасяджэннях. Невыпадкова, бо задача Саветаў базавага і пярвічнага ўзроўняў, усіх кіраўнікоў – стварыць належныя ўмовы, каб не здаралася няшчасных выпадкаў. Гэта вялікая работа, якая патрабуе пастаяннага навучання насельніцтва, выхавання культуры быту і выканання элементарных правіл паводзін, барацьбы з п’янствам і іншымі асацыяльнымі праяўленнямі. Праводзіць яе трэба пастаянна, не шкадуючы часу і сіл, бо за бяздзейнасць і пралікі даводзіцца разлічвацца жыццямі і здароўем людзей.
На чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Ганін адзначыў, што на Міёршчыне функцыянуюць 11 назіральных камісій. Кожную ўзначальвае свой старшыня, у склад уключаны суб’екты прафілактыкі, у тым ліку выратавальнікі, праваахоўнікі, медработнікі, педагогі, газавікі, энергетыкі, спецыялісты санітарнай службы, сацыяльнай абароны, а таксама тыя, хто мае на балансе ведамасны жыллёвы фонд. Камандай яны павінны не менш за два разы ў месяц абследаваць домаўладанні, каб аператыўна выяўляць прычыны і ўмовы, якія ўплываюць на бяспеку жыццядзейнасці людзей.
Аднак аналіз справаздач сведчыць, што патэнцыял назіральных камісій у поўнай меры не задзейнічаны. Толькі Завуццеўская, Міёрская, Новапагосцкая на працягу года працавалі звыш 18 разоў. На падведамных тэрыторыях абследавалі ўсе домаўладанні сацыяльна ўразлівай катэгорыі грамадзян, адзінокіх і старэйшых за працаздольны ўзрост вяскоўцаў. Астатнія менш актыўныя: у асобных энтузіязму хапіла ўсяго на пару рэйдаў у пачатку года. Недахопы ў рабоце з рознымі катэгорыямі грамадзян пацвердзілі наглядна слайдамі.
Тым часам па інфармацыі РАНС, не зарэгістравана пажараў толькі на тэрыторыі Завуццеўскага і Узмёнскага сельсаветаў. Па Новапагосцкім і Язненскім, Павяцкім, Туркоўскім – здарыліся па два выпадкі, Мікалаёўскім і Перабродскім – па адным. На тэрыторыі Міёрскага – чатыры. У райцэнтры – сем, у Дзісне – пяць. У цэлым па раёне здарылася 28 пажараў, на якіх загінулі тры чалавекі.
Сярод асноўных прычын – неасцярожнае абыходжанне з агнём, у большасці выпадкаў пры курэнні. Пасадзейнічала бядзе і злоўжыванне алкаголем. Частыя загаранні з-за парушэнняў правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення, цеплагенеруючых агрэгатаў і прыстасаванняў, электрасетак і электраабсталявання. У двух выпадках да няшчасця прывёў аварыйны рэжым работы электраправодкі аўтамабіля. Па адным пажары выклікалі прыродныя з’явы і дзіцячае свавольства.
Заўважана, што дзейнасць назіральных камісій цалкам залежыць ад арганізацыі работы на месцах. Яе эфектыўнасці садзейнічае супольнасць усіх суб’ектаў прафілактыкі, калі кожны па сваёй кампетэнцыі вывучае праблемы і спрыяе іх выпраўленню. Цяпер дзейнасць у камандзе стрымлівае складаная эпідэміялагічная сітуацыя па COVID-19. Толькі вогненнай стыхіі хвароба – не перашкода. Каб не дапусціць непапраўнага, працоўныя калектывы павінны клапаціцца пра бяспечныя ўмовы пражывання сваіх калег і ветэранаў. Важная адказнасць працаздольных паўналетніх дзяцей за састарэлых бацькоў. Старшыням сельсаветаў разам з суб’ектамі прафілактыкі, сельскім актывам варта ўзмацніць работу з асобамі, схільнымі да злоўжывання спіртнымі напоямі, непрацоўнымі, сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Звернута ўвага на парадак абследавання домаўладанняў і неабходнасць зазіраць не толькі ў жылыя памяшканні, але і ў надворныя пабудовы, дзе сёлета здарылася шэсць пажараў. На гэта паўплывала незаконнае будаўніцтва лазняў, гаражоў, хлявоў, што не адпавядае патрабаванням бяспекі і стварае надзвычайныя сітуацыі. Гэта таксама трэба кантраляваць пэўным службам.
Сёлета шэсць пажараў адбылося па прычыне парушэння правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Таму разгледзелі пытанне аб далучэнні ў склад назіральных камісій электратэхнічнага персаналу раёна электрасетак і вытворчага збытавога ўчастка, выключаючы нагрузку на работнікаў энергагазінспекцыі. Заўвагі і прапановы ўключаны ў праект рашэння.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота для ілюстрацыі.