Раённая грамадская прыёмная па зборы паступаючых ад насельніцтва грамадска-значных ініцыятыў па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і іншых праблемах краіны і рэгіёна працуе ў будынку райвыканкама з 13 лістапада.
Ужо праведзена сем дзяжурстваў. Звярнуцца ў прыёмную можна асабіста па аўторках і пятніцах з 16.00 да 20.00 (кабінет № 28 на першым паверсе) ці па тэлефоне 5 19 50 у гэты ж час.
Дзяжураць у нашай прыёмнай адказныя работнікі райвыканкама, раённых устаноў і служб, дэпутаты раённага Савета, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Сярод прапаноў прагучала меркаванне аб неабходнасці ўзмацнення ідэйна-патрыятычнага выхавання дзяцей у школе. Субяседніца нагадала ранейшыя часіны, калі кожны ўчынак вучня маглі абмеркаваць публічна на школьнай лінейцы, класным сходзе, піянерскім зборы. Дзеці адчувалі ўвагу і карэкціравалі свае паводзіны, погляды і меркаванні. Але кожны час дыктуе свае метады і формы выхавання. Цяпер іншыя ўмовы, ранейшая прамалінейнасць не надта да месца, а што выхаваўча-патрыятычную работу трэба ўдасканальваць і паляпшаць – бясспрэчна. Гэтыя заўвагі прыняты да ўвагі і будуць выкарыстаны пры планаванні работы ў школах.
Іншыя звароты мелі дачыненне да мясцовых праблем. Жыхары райцэнтра адзначалі неабходнасць рамонту праезнай часткі на адной з вуліц, выдалення небяспечнага дрэва і ўборкі хмызнякоў у горадзе. Гэтыя запыты адрасаваны камунальнай службе. Раённая грамадская прыёмная працягвае дзейнасць, мы чакаем прапановы нераўнадушных жыхароў раёна па пытаннях канстытуцыйнай рэформы, надзённых праблемах грамадскага жыцця.
Аксана АШУРКА, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Фота для ілюстрацыі.