Цяпер на першым плане для ўсіх работнікаў жывёлагадоўлі павінна быць вытворчасць малака. Толькі рэалізацыя гэтай прадукцыі забяспечвае рэгулярнае паступленне асноўных грашовых сродкаў на выплату заробку, набыццё паліва і запчастак, разлікі за электраэнергію, падаткі і іншыя мэты. На ўсё фінансаў не хапае, пры тым малочны струмень з ферм сельгаспрадпрыемстваў недаравальна хутка пачаў мялець. Як выправіць становішча?
Пра гэта ішла размова ў чацвер, 26 лістапада, на рабочай нарадзе з кіраўнікамі і галоўнымі заатэхнікамі сельгаспрадпрыемстваў, якую праводзіў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Шокель.
Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Батура адзначыў, што пры колькасным захаванні малочных гуртоў пагалоўе буйной рагатай жывёлы памяншаецца. Толькі з пачатку лістапада валавая вытворчасць малака абвалілася на 8,2 % у параўнанні з аб’ёмамі за 25 дзён кастрычніка. Асаблівае зніжэнне валавых паказчыкаў адбылося ў «Мікалаёўскім» (сёлетні лістападаўскі надой складае толькі 59,4 % леташняга), «Дрыгучах» (69 %), райаграсэрвісе (78 %). За апошні дзень усяго па 3,3 кілаграма надойвалі на карову ў «Язне», 3,6 – у «Мікалаёўскім», 5,3 – «Пад’ельцах» і «Мерыцы». І гэта пры большых супраць мінулагодніх запасах кармоў.
Не можа задавальняць таварнасць: у сярэднім яна 87,7 %, ад 72 % у «Язне» да 94,7 % у «Мікалаёўскім». Трэба звярнуць увагу на якасць надою. Не надта шмат гаспадарак рэалізуюць малако толькі гатункам «экстра».
Выступленне спецыяліста ў асноўным прысвячалася пытанням кармлення і догляду статка, узнаўлення пагалоўя. Першае патрабаванне – не крыўдзіць жывёлу, гэта прама ўплывае на яе прадукцыйнасць. Кармасумесі для кароў павінны быць аднолькавымі па кампанентах раніцай і вечарам, раздача канцэнтратаў – пад строгім кантролем, праца аператараў – адпавядаць патрабаванням тэхналогіі. Абавязковыя прагулкі, арганізацыя пакрыцця. Для цялушак на ўзнаўленне важны не толькі кармленне, але і ўтрыманне ў сухіх і без скразнякоў памяшканнях.
Адзначаны патрабаванні да вырошчвання цялят, асабліва сысуноў.
Ва ўсім гэтым і многім іншым нібы нічога новага, затое жорсткае патрабаванне паўсюль і ўсім дзейнічаць строга па рэгламенце.
Начальнік райсельгасхарчу звярнуў асаблівую ўвагу на забеспячэнне ферм і ўсёй галіны кадрамі, правядзенне восеньскай дыспансерызацыі кароў і іншага пагалоўя, арганізацыю і выніковасць працы ветработнікаў. Прагучалі парады і кансультацыі спецыялістаў галіны, заслуханы тлумачэнні шэрагу кіраўнікоў і галоўных заатэхнікаў гаспадарак.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота для ілюстрацыі.