Завяршыць восеньскае ворыва – цяпер у ліку надзённых задач для механізатараў ільнозавода.
Заданне для атрада з пяці трактараў з плугамі вялікае – 1 170 гектараў. Аднак яно ледзь не на дзве трэці ўжо выканана і штодзённая прыбаўка дасягае 45 га. Хаця апошнім часам на цяжкіх суглінках угоддзяў сельгаспрапрыемства «Узмёнскі край» забяспечыць такі вынік было цяжкавата. Але там плантацыя ў 123 гектары ўжо апрацавана, днямі льнозавадская тэхніка пераехала на два полі, якія наогул складаюць стогектарную плошчу ля Паташні – цэнтральнай сядзібы ААТ «Мерыца».
У гэтай гаспадарцы ёсць дзе разгарнуцца на энерганасычаным «Беларусу-3522» Уладзіміру Місніку, амаль на такім жа магутным 3022-ім Сяргею Цвіценку, на масавых і надзейных 1221-ых Генадзю Маляўку і Аляксандру Казлоўскаму. Вялікі вопыт, старанне і веданне тэхнікі дазваляюць дабівацца добрых вынікаў Анатолю Мацуру на самым малым МТЗ-80.
Каб выключыць вялікія пераезды трактараў з плугамі, механізатары завода пакідаюць тэхніку на машынных дварах гаспадарак, дзе працуюць. Яны ўжо аралі ў ААТ «Пад’ельцы» і «Дрыгучы». На аддаленыя палеткі сельгаспрадпрыемстваў, а цяпер у Паташню іх што-
дзень дастаўляюць механік Міхаіл Абдулаеў ці вадзіцель УАЗіка Анатоль Лагун.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота для ілюстрацыі.