На гарачую лінію па пытаннях наяўнасці пустых і старых дамоў, іх зносу і продажу, непарадку на прысядзібных надзелах паступілі 42 звароты з 13 рэгіёнаў вобласці.
Больш за ўсё з Віцебска, Оршы, Полацка, а таксама з Віцебскага, Глыбоцкага, Аршанскага, Пастаўскага і Чашніцкага раёнаў. Кожны прааналізаваны. Асобныя факты пацвердзіліся. Мясцовым органам улады прапанавана прыняць меры па навядзенні парадку.
Аднак у шэрагу выпадкаў недагледжаныя жылыя дамы і навакольныя тэрыторыі – віна ўласнікаў. Напрыклад, у Віцебску адзін з прысядзібных надзелаў стаў звалкай бытавых адходаў. Хату ніхто не даглядае.
Нярэдка безгаспадарлівасць аднаго жыльца стварае нязручнасці суседзям. Асабліва ў блакіраваных жытлах. Так, па вуліцы Свечкіных у Віцебску адна палова дома і ўчастак ля яго ў парадку, другая – патрабуе тэрміновага рамонту, надзел парос бур’яном. Аналагічная сітуацыя па вуліцы Пясочнай.
Варта адзначыць, што заканадаўствам прадугледжаны правілы ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў, выконваць іх павінен кожны ўласнік ці арандатар. За парушэнне пагражае адміністрацыйная адказнасць. Мясцовым органам улады неабходна наладзіць работу з грамадзянамі, каб яны сачылі за парадкам ля дамоў і пастаянна гэта кантраляваць.
Фота для ілюстрацыі.