Авторизация
 

Дзень інфармавання прайшоў у Дзісне

 Стан дарог, безнаглядныя сабакі, бягучы рамонт вытворчых памяшканняў, сітуацыя па COVID-19 у раёне. Гэтыя і іншыя пытанні цікавілі гараджан падчас Дня інфармавання ў Дзісне. Праблемных момантаў узнімалі няшмат, бо ў працоўных калектывах з імі імкнуцца спраўляцца самастойна. Напярэдадні інфармацыйныя групы аб’ехалі вуліцы горада і вынеслі свой вердыкт: добраўпарадкаванне – справа агульная і звыклая як для калектываў прадпрыемстваў, так і для гаспадароў прыватных домаўладанняў.

 

Інфармацыйная група першага намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шокеля сустрэлася з працоўнымі калектывамі Дзісненскіх лясгасу і ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Найбольш актуальная тэма – грамадскія хваляванні на фоне прэзідэнцкіх выбараў. Не паддавацца на правакацыі, дакладна акрэсліваць сваю грамадзянскую пазіцыю, адказна ставіцца да сваёй будучыні і працоўных абавязкаў заклікаў Аляксандр Казіміравіч. За гэты неспакойны час аграрыі раёна намалацілі 11 тысяч тон збожжа, усяго 41 тысячу – 80 %. Для іх галоўная задача – забяспечыць краіну хлебам. Так і лясгасаўцам у клопатах пра зялёныя насаджэнні расслабляцца некалі, заняты добраўпарадкаваннем роднага горада і раёна камунальнікі.

 
Прасіў быць асцярожнымі на дарозе і вадзіцеляў, і пешаходаў начальнік аддзялення ДАІ РАУС Аляксандр Капусцін. Непакоіць, што расце колькасць кіроўцаў, для якіх не праблема сесці за руль у нецвярозым стане. Па гэтай прычыне з пачатку года пазбавіліся правоў 52 чалавекі (+12 да ўзроўню 2019-га). Аляксандр Мікалаевіч нагадаў: з 25 жніўня пачынаецца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!» На працягу двух тыдняў бліжняе святло ці дзённыя хадавыя агні будуць абавязковымі для аўтаўладальнікаў. Пільную ўвагу супрацоўнікі ДАІ таксама нададуць падвозу дзяцей у школу. Начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі заўважыў, што вельмі важна клапаціцца пра сваю бяспеку. Прытрымлівацца правіл дарожнага руху, абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак.

 
 Не адмаўляцца ад вакцынацыі супраць грыпу заклікала галоўны санітарны ўрач Галіна Федуковіч. Сёлета кампанія пачынаецца раней – з 15 верасня. У раёне сітуацыя па каронавіруснай інфекцыі стабілізавалася: з пачатку красавіка адзначана 106 захварэлых, усе выздаравелі. Большасць з іх перанеслі інфекцыю ў лёгкай форме, лятальных зыходаў не зафіксавана. Тым не менш спецыялісты не выключаюць магчымасці другой хвалі COVID-19. Важна захоўваць рэспіраторны этыкет, дыстанцаванне, мыць рукі з мылам і па магчымасці радзей наведваць масавыя мерапрыемствы, выкарыстоўваць сродкі аховы органаў дыхання. Задумацца пра здароўе, сваё і сваіх падначаленых, гаварыла Галіна Валер’еўна.

 
Статыстыку пажараў па рэспубліцы агучыў намеснік начальніка РАНС Уладзімір Рачыцкі: з пачатку года здарылася 3 955 загаранняў, дзе загінула 386 чалавек. Адпаведныя лічбы па раёне склалі 13 і 2. Асноўная прычына трагедый у неасцярожным абыходжанні з агнём, дадатковы фактар рызыкі – нецвярозы стан. Неабходнасць клапаціцца пра бяспеку – сваю і родных людзей – падкрэсліваў Уладзімір Паўлавіч. Трымаць у спраўным стане печы, не перагружаць электрасеткі, не пакідаць дзяцей без нагляду. Засцеражэ ад непрыемных сітуацый і папярэдзіць трагедыю аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Калі патрэбна дапамога – тэлефанаваць на адзіны экстранны нумар 112.

 

Што хвалюе гараджан

Падчас сустрэч у калектывах выслухалі шырокі спектр пытанняў.
Супрацоўнікаў дзіцячага садка непакояць безнаглядныя сабакі. Іх няшмат, аднак парой бывае не адбіцца ад галодных братоў меншых. Гаспадары вядомы, але ніяк не разбяруцца са сваімі гадаванцамі. Да іх можа быць прыменена адміністрацыйная адказнасць. Вырашэнне пытання ўзялі пад апеку ўчастковыя міліцыянеры і ўчастак жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

 
 Калі можна будзе атрымліваць электронныя рэцэпты ў Дзісне, цікавіліся педагогі. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па экспертызе і рэабілітацыі Анжаліка Сухоўская патлумачыла, што такая магчымасць у дзісненцаў з’явіцца ў наступным годзе. Сёлета паспрабуюць увесці электронныя рэцэпты хаця б на адным участку. Працэдуру стрымлівае толькі адсутнасць інтэрнэта.

 
Работніца Дома рамёстваў, што жыве на ўскрайку горада, падзялілася, што частыя госці на яе падворку – лісы. Наведацца могуць і днём, і ноччу. Прыхопліваюць з сабой курэй. Справіцца з непажаданымі гасцямі дапамогуць паляўнічыя.

 
У калектыве «Віцябчанкі» прасілі добраўпарадкаваць тэрыторыю ля школы. Вакол «ляжачага паліцэйскага» збіраецца вада, утвараецца вялікая лужына. Рызыкуюць быць аблітымі з ног да галавы несумленнымі вадзіцелямі вучні і выпадковыя прахожыя. Недахоп выправяць дарожнікі. Яшчэ супрацоўнікі запрашалі, каб у калектыў перыядычна наведваўся ўрач – правесці кансультацыі, памераць ціск.

 

Факты ў лічбах

Для годнага жыццезабеспячэння насельніцтва эканоміка дзяржавы павінна працаваць, заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Шалонька. На Міёршчыне ў штатным рэжыме дзейнічаюць усе прадпрыемствы, своечасова выплачваецца зарплата, пенсіі і дапамогі. Аб’ём уласных даходаў, якія паступілі ў бюджэт раёна ў першым паўгоддзі, склаў больш за 7 мільёнаў рублёў, калі на заробак супрацоўнікаў бюджэтнай сферы выдаткавана звыш 8 мільёнаў. За паўгоддзе прадпрыемствы раёна пералічылі ў Фонды сацыяльнай абароны насельніцтва і пенсіённы каля 8 мільёнаў рублёў. Пры тым, што штомесячная агульная сума прызначаных пенсій і дапамог дасягае амаль 4 мільёнаў. Нават улічваючы стабільную работу ўсіх сфер эканомікі раёна, даходаў, атрыманых у бюджэт, і паступленняў у пенсіённы фонд недастаткова для фінансавання першачарговых расходаў. Як вынік – раёну штогод неабходна прыцягваць каля 60 % патрэбных сродкаў з рэспублікі.

 

Алена ВАРОНІНА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта