Госконтроль: о проверках, качестве товаров и закупках

 Камітэт дзяржкантролю вобласці сумесна з дзяржаўнымі органамі сфарміраваў план выбарачных праверак на Віцебшчыне на першае паўгоддзе 2020 года.

У яго ўключылі 425 праверак суб’ектаў вобласці (летась было 582). Правам правесці іх скарысталіся тэрытарыяльныя пад- раздзяленні 18 дзяржаўных органаў (з 39). Найбольш запланавалі МНС, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства прыроды, Міністэрства па падатках і зборах, Мінфін.


План выбарачных праверак размешчаны на афіцыйным сайце Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь. Дадаваць новыя суб’екты, а таксама кантралюючыя органы ў якасці сувыканаўцы не дапускаецца. Уносіць змяненні магчыма толькі ў выпадку выключэння праверкі ці кантралюючага органа са складу выканаўцаў, а таксама змяненняў пачатку яе правядзення. Інфармацыя аднаўляецца кожны тыдзень па чацвяргах.


Кантралюючыя і наглядныя органы павінны прыступіць да праверкі на працягу месяца, пазначанага ў плане. У выпадку рэарганізацыі суб’екта неабходна не пазней месяца, які наступае за пачаткам праверкі, прызначыць праверку правапераемніка без унясення змяненняў у план. За яго выкананнем сочыць Камітэт вобласці праз інтэграваную аўтаматызаваную сістэму кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

Калі гандляваць,
то па правілах

Адно з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, зарэгістраванае ў Полацкім раёне, скарысталася выгадным размяшчэннем сваіх гандлёвых месц ля рынку ў цэнтры горада, каб рэалізаваць прадукты з мінулым тэрмінам прыдатнасці. Цэны знізілі. Аднак пакупнікоў не падманеш. У Полацкі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю пасыпаліся званкі са скаргамі.


Факты пацвердзіліся. Толькі ў адным гандлёвым месцы з продажу знялі 17 найменняў тавараў: сала, каўбасныя і мясныя вырабы, малако, смятану, сыркі плаўленыя з мінулым тэрмінам прыдатнасці да 253 дзён на агульную суму больш за 220 рублёў. Напрыклад, пакупнікам прапаноўвалі каўбасны сыравэнджаны «Мясны сюрпрыз», які трэба было з’есці яшчэ ў сакавіку 2019 года. «Каўбасу аматарскую «Ад Бульбаша» нельга спажываць са жніўня. Сыркі захоўвалі свае харчовыя якасці толькі да 28 верасня.


Не ўказвалася інфармацыя пра асноўныя спажывецкія ўласцівасці прадуктаў, цэны, дату вырабу, тэрмін прыдатнасці, месца размяшчэння вытворцы, колькасць тавару, пра фасоўшчыка і ўпакоўшчыка і інш. Выявілі і парушэнні санітарных норм. Канцылярскімі сашчэпкамі з цэннікамі, якія аформлены на мясныя і каўбасныя вырабы, пашкодзілі абалонку. На падлозе пад халадзільнай вітрынай у кардонных каробках захоўвалі сыр.
За парушэнні да адказнасці прыцягнулі прадаўца і юрыдычную асобу па двух артыкулах Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Праінфармаваны Полацкі райвыканкам для ўзмацнення кантролю, каб падобнае на паўтарылася.

Закупкі
без парушэнняў

На пастаянным кантролі выкананне патрабаванняў заканадаўства пры закупках за кошт уласных сродкаў дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў, ва ўстаўных фондах якіх больш за 25 % акцый (доляў) належаць дзяржаве.
Адно з парушэнняў, якое дапускалі суб’екты гаспадарання, – несвоечасовае размяшчэнне інфармацыі ў сістэме «Тэндары» на сайце рэспубліканскага УП «Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн».


Так, напрыклад, згодна з рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28.11.2012 № 224 юрыдычныя асобы, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці вобласці ці больш за 25 % акцый (доляў) ва ўстаўных фондах належыць ёй, абавязаны ажыццяўляць закупкі за кошт уласных сродкаў праз конкурсы, электронныя аўкцыёны і іншыя віды канкурэнтных працэдур закупак, а таксама з адной крыніцы. Парадак павінен быць размешчаны ў адкрытым доступе ў інфармацыйнай сістэме «Тэндары» на працягу трох рабочых дзён пасля яго зацвярджэння. Аднак нярэдка многія спазняюцца ці наогул забываюцца гэта зрабіць. Напрыклад, у лістападзе мінулага года ўстаноўлена, што шэраг прадпрыемстваў прамысловасці, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гандлю парушалі тэрміны размяшчэння ад трох дзён да 15 месяцаў.


За парушэнні 13 службовых асоб прадпрыемстваў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (арт.11.77 КоАП), разглядаюцца матэрыялы ў адносінах яшчэ 10.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.