Авторизация
 

Усе недахопы - як на далоні, адзначылі на Дні сельсавета ў Туркове

 Сустрэчы інфармацыйных груп райвыканкама з працоўнымі калектывамі і з насельніцтвам па месцы жыхарства прайшлі 18 снежня ў Туркоўскім сельсавеце. Прадстаўнікі ААТ «Туркова» даведаліся пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна з першых вуснаў. У мехмайстэрню завітаў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. З ім і актуальныя пытанні абмеркавалі.

Кіраўнік раёна падзякаваў аграрыям за актыўную грамадзянскую пазіцыю падчас мінулай выбарчай кампаніі і значны ўнёсак у агульны каравай Міёршчыны. Пры іх непасрэдным удзеле раён атрымаў зерня больш леташняга на 10 тысяч тон. Гэтага, да прыкладу, камбікормаваму заводу хопіць на тры месяцы бесперабойнай работы.


Ігар Валер’евіч спыніўся на паказчыках і асноўных накірунках сельскагаспадарчай галіны, вядучых прадпрыемстваў раёна. Падзяліўся грандыёзнымі планамі на будучы год, у ліку якіх выпуск першай прадукцыі на металапракатным заводзе, разгортванне будаўніцтва райпаліклінікі, дзіцячага садка, кардыяцэнтра, жылля. Праектуецца і мульціфункцыянальны цэнтр з басейнам, гасцініцай на 70 месцаў, кафэ і фітабарам. Зручнаму размеркаванню новых аб’ектаў пасадзейнічае сёлетняе пашырэнне тэрыторыі Міёр на 98 гектараў, 40 з якіх займае завод па вытворчасці белай бляхі. Усё дзеля паляпшэння ўмоў жыцця і дэмаграфічнай сітуацыі. Цяпер у нас 19 660 жыхароў.


Фармат сустрэчы не абмежаваўся выступленнем, а перайшоў у дыялог. Хвалюе аграрыяў, што абочыны, канавы пазарасталі кустамі і дрэвамі. Месцамі праезд тэхнікі да сельгасугоддзяў абцяжараны. Цяпер якраз адпускная кампанія, гатовы павысякаць непатрэбную расліннасць сабе на дровы. Толькі не ведаюць як. Кіраўнік раёна параіў звярнуцца ў сельсавет, там па ўзгадненні з дарожнай службай выдаюць дазвол на высечку. Аднак папярэдзіў, што ўбіраць давядзецца не толькі кусты, але і пасечаныя рэшткі.
Турботы жыхароў на падведамнай тэрыторыі агучыў на прыёме грамадзян старшыня Туркоўскага сельсавета Пётр Ціхановіч. Разбіта асфальтавае пакрыццё па дарозе на Дрыгучы, бруд і ямы з вадой. На мясцовым узроўні гэта ўжо ўспрымаецца як абавязковая частка пейзажу. Натуральны вынас пакрыцця коламі транспарта вялікі. Падсыпка часова паляпшае становішча, у дажджлівую пару рабіць яе бессэнсоўна.


Немагчыма прайсці па вуліцы ў Масцішчы. Дарога на балансе УП ЖКГ, яе працягласць каля 700 метраў. Не мае грунтовага пакрыцця. Ад асадкаў пясчаная падсыпка раскісае, дзеці ў калеях губляюць боты.
Пасля сустрэч з насельніцтвам і прыёму грамадзян мерапрыемства перамясцілася ў райвыканкам. Пры падвядзенні вынікаў кіраўнікі інфармацыйных груп паведамілі, што жыхароў Туркоўскага сельсавета перш за ўсё непакояць мясцовыя дарогі. Сітуацыя з перамяшчэннем ускладняецца па вуліцах Юбілейнай і Камсамольскай у Туркове, у Цімошкаве, застаецца праблемным шлях на Краснаўцы.


 Падчас папярэдніх аб’ездаў населеных пунктаў рэйдавыя групы вылучылі шмат станоўчага па добраўпарадкаванні. Устанавілі каля 200 метраў новых агародж. Адрамантавалі і ўбралі каля 300 метраў старых. Акуратна ля прыватных домаўладанняў, аб’ектаў сацыяльнай сферы. Многае зроблена на суботніках па ўборцы могілкаў. Чыста на месцы шасці знесеных хат.


265 гектар у населеных пунктах сельсавета аднесены да земляў агульнага карыстання. Частку перадалі сяльчанам для касьбы і выпасу жывёл. Тэрыторыі паблізу грамадскіх будынкаў даглядаюць работнікі арганізацый. Непрыдатную для земляробства апякуюць прадпрыемствы, шэфы. Удзячны Пётр Ціхановіч за неацэнную дапамогу ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за сродкі на грамадскія работы. Каля 50 га, якія належаць вяскоўцам, вынесены ў палі севазвароту ААТ «Туркова» для вырошчвання зерневых і бульбы, што вызваляе ад многіх праблем і задавальняе абодва бакі. Замянілі і ўшчыльнілі ўчасткі паблізу Рыкуноў. Засмечаныя баршчэўнікам пераворвалі. У сельсавеце змагаюцца з ім на поўную моц. Батанічны агрэсар апанаваў абочыны дарог, каналы, імкнецца абжываць і лепшыя землі. Хімічныя прэпараты прымянілі на 10 гектарах. Перачакаўшы цяжкую часіну, баршчэўнік зноў бярэцца ў рост. У наступным годзе ваяваць з ім прадоўжаць.


 Шмат крытыкі прагучала ў адрас ААТ «Дрыгучы», на падведамнай тэрыторыі якога пераважае безгаспадарлівасць. Не змагаюцца з ёй ля ферм і вытворчых памяшканняў. За некаторыя дзверы сельгасаб’ектаў зазірнуць сорамна і агідна, што відавочна на слайдах. Тут даўно час задумацца пра суботнікі, санітарныя дні. Аднойчы навесці парадак, каб пасля толькі падтрымліваць. Пераймаць добрыя традыцыі давядзецца ў суседзяў з ААТ «Туркова», дзе заўжды нават у непрывабную шэрую пару чыста і акуратна ля аб’ектаў. Не дапускаюць бескультур’я і ў памяшканнях.


Як заўважыў старшыня райвыканкама, сельгаспрадпрыемствы не толькі павінны трымаць марку, але і садзейнічаць паўсюднаму парадку на падведамнай тэрыторыі. Пра дарогі таксама трэба клапаціцца, бо разбураюцца яны ў першую чаргу коламі магутнай тэхнікі. Зручнасці і камфорту дапаможа дасягнуць супольная дзейнасць усіх служб, не павінна заставацца ў баку насельніцтва.

Фотаматэрыял аўтара.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта