Сёлетні жнівень стаў першым працоўным месяцам на новых пасадах работнікаў аддзела па адукацыі райвыканкама.
З 19 жніўня дырэктарам Міёрскай СШ № 3 імя Я. Томкі працуе Святлана Леанідаўна ПАЛЬЧЭХ.
Сваю кар’еру пачынала ў Туркоўскай школе ў 1985 годзе, калі скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава. Тут набывала практычны вопыт выкладання матэматыкі, арганізоўвала пазакласную і пазашкольную работу, была намеснікам дырэктара па вучэбнай.
У сельскай школе любілі і ўрокі Святланы Леанідаўны, і яе саму. Строгая, але справядлівая, з глыбокімі ведамі прадмета і педагогікі, яна граматна выбудоўвала навучальны пра- цэс. Тлумачыла так, што выводзіць складаныя формулы атрымлівалася нават у нясхільных да дакладных навук дзяцей. Кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі таксама высока ацэньвала прафесіяналізм настаўніцы. У 1997 годзе яе запрасілі на пасаду інспектара, пасля стала галоўным спецыялістам. З 2017-га намеснікам па вучэбнай рабоце вырашала надзённыя задачы, выкладала профільны прадмет, паспяхова рыхтавала вучняў да алімпіяд у Міёрскай СШ № 2.
На кожнай пасадзе Святлана Пальчэх праяўляла высокую педагагічную граматнасць і кампетэнтнасць, была ўзорам ва ўсіх справах і ўчынках.
З 23 жніўня дырэктарам раённага Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі прызначана
Вольга Рышардаўна МІЛАШЭВІЧ.
Нарадзілася ў Павяцці. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, дзе ў 2009 годзе атрымала дыплом спецыяліста па дашкольнай адукацыі і лагапедыі. Першы вопыт набывала настаўнікам-дэфектолагам у Прудзінкаўскай пачатковай школе Верхнядзвінскага раёна. У родны край вярнулася праз пяць гадоў. Сваю ціхую і непрыкметную старонняму воку работу граматна і кампетэнтна выконвала ў Міёрскай базавай школе, у дзіцячым садку № 2. Цярпенне і ўменне маладога педагога клапаціцца пра дзяцей, настойлівасць і імкненне дасягаць найлепшых вынікаў у навучальным працэсе высока ацэньвае кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама. Паважаюць Вольгу Рышардаўну бацькі, дзякуюць ёй за падтрымку.
З 29 жніўня Міёрскім яслі-садком № 1 загадвае Нэлі Францаўна СІНІЦА.
З 1994 года працавала выхавацелем Міёрскага яслі-садка № 2. Сярэднюю спецыяльную адукацыю па профілі атрымала ў Полацкім педвучылішчы, вышэйшую пазней – у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава.
Нэлі Францаўна – прыклад таго, як трэба любіць сваю справу. Заўсёды ішла на працу з радасцю, праводзіла цікавыя заняткі, прыдумвала штосьці новенькае, прагрэсіўнае, каб развіваць у кожным падапечным творчую і гарманічную асобу. Даводзілася і заваёўваць маленькае сэрцайка, што надта няпроста. Аднак дзеці ёй давяралі, з імі складваліся сяброўскія стасункі. За гэта выхавацелю ўдзячны бацькі. Творчы падыход у справе выхавання, шматграннасць, умелыя арганізатарскія здольнасці, уважлівасць да дзяцей і клопат пра іх – менавіта гэтыя якасці пацвярджаюць прафесіяналізм педагога.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Наталія СТАНКЕВІЧ.