Авторизация
 

Сістэму адукацыі Міёршчыны абмеркавалі на сесіі раённага Савета дэпутатаў

 На чарговай сесіі дэпутаты раённага Савета разгледзелі пытанне «Аб стане і перспектывах развіцця сістэмы адукацыі Міёрскага раёна». На базе СШ № 3 імя Я. Томкі азнаёміліся, як пастаянны аналіз сітуацыі і ацэнка дынамікі па ўсіх накірунках дзейнасці, своечасова прынятыя рашэнні дапамагаюць паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў і дасягаць вынікаў у навучанні і выхаванні моладзі.

Па інфармацыі начальніка аддзела па адукацыі Аляксандра Жука, у раёне 22 адукацыйныя ўстановы, у тым ліку 13 агульнай адукацыі, 6 дашкольных, а таксама сацыяльна-педагагічная, цэнтры дзяцей і моладзі, карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. У сувязі са змяншэннем колькасці навучэнцаў за 2017 – 2019 гады зачынілі тры ўстановы, чатыры рэарганізавалі. Адукацыйны працэс забяспечваюць 488 педагогаў, з якіх 326 настаўнікаў і 77 выхавацеляў. 85 % ад агульнай колькасці маюць вышэйшую адукацыю.


Для эфектыўнай работы калектываў, павышэння матывацыі да навучання ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база. У раёне 18 камп’ютарных класаў, два кабінеты хіміі, тры – фізікі, шэсць мульцібордаў, 12 інтэрактыўных дошак, 17 тэлевізараў, з якіх сем з доступам у інтэрнэт, 12 набораў робатаў-канструктараў, 136 персанальных камп’ютараў, у тым ліку 19 ноўтбукаў, дзевяць фотакамер, 31 праектар, 108 адзінак друкавальна-капіравальнай тэхнікі. Закуплена праграмнае забеспячэнне па прадметах для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання ў сярэдніх школах. Нядаўна новай камп’ютарнай тэхнікай папоўніліся дашкольныя ўстановы. Не абдзелена і спартыўная база. За мінулы – сёлетні гады на 75 тысяч рублёў набылі разнастайны інвентар, запасаюцца лыжным. У адрамантаваных спартыўных залах займаюцца цяпер вучні СШ № 3 імя Я. Томкі, Туркоўскай, Завуццеўскай школ. Пэўная ўвага добраўпарадкаванню тэрыторый.


 У цэлым на набыццё камп’ютарнай тэхнікі накіравалі 175 тысяч рублёў. На бягучы рамонт, закуп сучаснага вучэбнага абсталявання, мэблі затрацілі 150 тысяч бюджэтных сродкаў.


Умацоўвае матэрыяльную базу і пазабюджэтная дзейнасць. За восем месяцаў сёлета ўстановы адукацыі раёна зарабілі 41,9 тысячы рублёў, у тым ліку за адукацыйныя паслугі – 28 тысяч. Рост склаў 19,9 %.


Аддзел па адукацыі даглядае 18 адзінак транспарта, 10 з іх амаль новыя: з пачатку эксплуатацыі не прайшло і двух гадоў. Сёлета дастаўка арганізавана для 586 вучняў і выхаванцаў садкоў.


У параўнанні з леташнім да 98,4 % павялічыўся ахоп школьнікаў гарачым харчаваннем, 100 % – сельскіх. Натуральныя нормы харчавання па асноўных прадуктах выконваюцца на 90 – 100 %.


Садкі раёна наведваюць 646 выхаванцаў. Ахоп дашкольнай адукацыяй трох – шасцігадовых малышоў складае 97 % (98 – горад, 96 – сельская мясцовасць). Арганізаваны падвоз 100 выхаванцаў у 10 устаноў. Працуюць шэсць груп кароткачасовага знаходжання.
У раёне 1 872 школьнікі. Намецілася станоўчая дынаміка ў цэнтралізаваным тэсціраванні. У 2019 годзе па выніках іспытаў Міёршчына ў рэйтынгу раёнаў займае восьмае месца (летась 22). Па ўсіх 12 прадметах сярэдні бал выпускнікоў устаноў адукацыі раёна вышэй за сярэдні абласны па рэспубліцы, па сямі дысцыплінах – вышэй за абласны паказчык. Асабліва парадавалі дзісенскія, язненскія і вучні СШ № 2.


Высокі і дастатковы ўзровень ведаў паказалі 40 % выпускнікоў 9 класаў і 65 % – 11-х. Па выніках экзаменаў 11 атрымалі атэстат з залатым медалём, адзін – з сярэбраным, 31 узнагароджаны пахвальным лістом. У дзевяці дзевяцікласнікаў пасведчанне з адзнакай.
44,2 % дзевяцікласнікаў і 48,4 % адзінаццацікласнікаў працягваюць навучанне ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. 50 % выпускнікоў паступілі ў вну.


У раёне развіваецца дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне. Адкрыты класы прафесійнай накіраванасці. Сёлета прадметы на павышаным узроўні ў сярэднім звяне вывучаюць 68 вучняў. 144 з 10-х і 11-х класаў ахоплены профільным навучаннем, што складае 76,2 %. У чатырох установах адукацыі дзейнічаюць класы прафесійнай скіраванасці.


І праблемных пытанняў нямала, але работа праводзіцца значная. Як адзначыў куратар сацыяльнай сферы намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, чалавецтва заўсёды разглядала працу педагога як самую высакародную, адказную, вызначальную ў лёсе кожнага чалавека і грамадства ў цэлым. Значная яго роля і цяпер, асабліва ў развіцці. Прычым, не толькі асабістых якасцей, але сістэмы адукацыі ў цэлым. У раёне адукацыйны працэс адпавядае сучасным запатрабаванням, дынамічны ў імкненні ісці наперад, у чым упэўніліся дэпутаты падчас эскурсіі па класах і кабінетах СШ № 3 імя Я. Томкі. У сферы адукацыі самастойна вырашаюць пытанні забеспячэння харчаваннем дзяцей, даглядаюць свой аўтапарк, неабходны для падвозу выхаванцаў. Але і без удзелу старонніх не абысціся. Падзяка кіраўнікам устаноў і прадпрыемстваў раёна, якія дапамагаюць у рамонце тэхнікі, надзейныя сябры ў вырашэнні іншых пытанняў. Заўсёды падстаўляе плячо дэпутацкі корпус.


Валерый Анатольевіч звярнуў увагу, што выхаванцы, якія выйшлі з-пад крыла нашых педагогаў, паспяховыя ў вучобе, рабоце. Сведчаннем таму вялікі інвестыцыйны праект па будаўніцтве завода белай бляхі ў райцэнтры, які рэалізуе выпускнік СШ № 2, залаты медаліст, а цяпер бізнесмен Аляксей Кавалёнак. Гэта прыклад таго, як кожны можа пасадзейнічаць развіццю нашага рэгіёна.


***
На сесіі заслухалі справаздачу старшыні райсавета дэпутатаў Марыі Баніфатавай аб дзейнасці дэпутацкага корпусу і стане спраў на падведамнай тэрыторыі. Пра ўзаемадзеянне са сваімі выбаршчыкамі расказаў дэпутат райсавета па Туркоўскай выбарчай акрузе № 30 Раман Пухальскі. Дэпутаты ўнеслі змяненні ў рашэнне ад 28 снежня 2018 года № 66.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта