Немалаважная роля ў эканоміцы раёна адводзіцца малому і сярэдняму бізнесу. Прадпрымальніцкі сектар актыўна асвойвае сферу паслуг, гандлю, вытворчасці. На нарадзе ў райвыканкаме прааналізавалі сітуацыю на рынку прадпрымальніцтва.
Пры раённым выканаўчым камітэце дзейнічае Саюз прадпрымальнікаў. У яго ўваходзяць найбольш актыўныя і ініцыятыўныя суб’екты гаспадарання Міёршчыны. На чале са старшынёй Дзмітрыем Грыгаровічам вядуць дыялог з органамі мясцовага кіравання. Супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае: з аднаго боку – стварэнне аптымальных умоў і юрыдычная падтрымка бізнесу, растлумачэнне норм і правоў, з другога – папаўненне бюджэту раёна, новыя рабочыя месцы, уклад у развіццё рэгіёну.
Несумненны плюс маленькага гарадка для прыватнага бізнесу – льготнае падаткаабкладанне, адзначае начальнік аддзела эканомікі Раіса Лакотка. У дапамогу прадпрымальным грамадзям Дэкрэт № 7, Указ № 345.
У раёне зарэгістраваны 301 індывідуальны прадпрымальнік. З іх 277 дзеючых, 24 знаходзяцца на стадыі ліквідацыі. Асноўная прычына закрыцця прыватнага бізнесу – неўсведамленне сваіх магчымасцей і рызыкі. Некаторыя пачынаюць уласную справу імгненна. Прыходзяць рэгістравацца і лічаць, што з паловай праблем ужо справіліся. Хаця да канца не вызначыліся, у якой сферы рэалізавацца. Вабіць перспектыва працаваць на сябе, падтрымка мясцовай улады. Неабходна дакладна ўяўляць, што адтэрміновак і часу на роздумы не будзе.
Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Алены Шалонька, на Міёршчыне адносна невысокая шчыльнасць прадпрымальніцкага сектара – 4,4 на 1000 чалавек. Для прыкладу, па Віцебскай вобласці – 7,5. З 21 раёна займаем 18 месца разам з Верхнядзвіншчынай. Калі браць сярэдні бізнес, на 1000 чалавек у вобласці даводзіцца 18 прадпрыемстваў, у нас – толькі 12,4.
У структуры прыватнага бізнесу Міёршчыны каля 50 % суб’ектаў займаюцца гандлем, 40 % аказваюць паслугі, 8 – 9 % маюць уласную вытворчасць. У сярэднім прадпрымальніцтве сітуацыя падобная: 50 % – гандаль, 42 – 43 % – паслугі, вытворчасцю займаюцца адзінкі. Паступленні ў мясцовы бюджэт складаюць 18 – 22 % ад агульнай колькасці падаткаў.
Пра рэалізацыю праекта «Разам для грамады і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці» гаварыла каардынатар Надзея Дударонак. Яго асноўная мэта – дабрабыт і развіццё раёна праз узаемадзеянне ўлады, бізнесу і насельніцтва. Плён такога супрацоўніцтва ўбачым на фестывалі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Спецыяліст акрэсліла праблемы ў арганізацыі, заклікала паўдзельнічаць і дапамагчы разнастаіць свята, надаць яму экалагічны накірунак.
Найперш неабходна стварыць брэндавую сувенірную прадукцыю з лагатыпам фестывалю і наогул Міёршчыны. Не хапае пляцовак і месц для сямейнага адпачынку. Зацікавіць дзяцей і дарослых, асабліва прыезджых, магчымасць пабыць на прыродзе.
Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жанна Падаляка прасіла клапаціцца пра чысціню і эстэтыку. Не абмяжоўвацца тэрыторыяй ля сваіх гандлёвых аб’ектаў. Добраўпарадкоўваць Міёршчыну, па магчымасці дапамагаць яе пераўтвараць.
Суб’екты гаспадарання таксама неабыякавыя да праблем раёна і ўносяць пасільны ўклад у яго развіццё. Дырэктар рынка Аляксандр Гаравец прапанаваў аб’яднацца і стварыць дзіцячую пляцоўку для катання на скейтбордзе, роліках. Гэта стане прыемным і патрэбным падарункам гораду.
Прыватны бізнес набірае абароты. Задача мясцовай улады – стварыць для гэтага аптымальныя ўмовы. Разам працаваць на імідж роднага краю, праяўляць грамадзянскую адказнасць і ўдзельнічаць у агульнай справе. Новымі вытворчасцямі, фінансавай падтрымкай, свежымі ідэямі.
Фота для ілюстрацыі.
Алена ВАРОНІНА.