Авторизация
 

Сесія раённага Савета дэпутатаў прайшла ў Міёрах

 Нягледзячы на актыўнае ўзаемадзеянне праваахоўных і дзяржаўных органаў, перамагчы і выкараніць злачыннасць практычна немагчыма. Чалавек – слабая істота і заўсёды будзе схільны да ўласцівых яму заганаў. Аднак трымаць сітуацыю ў пэўных рамках, забяспечваць законнасць і парадак ва ўсіх сферах жыццядзейнасці кансалідаванаму грамадству цалкам па сіле. На чарговай сесіі дэпутаты раённага Савета прааналізавалі эфектыўнасць сумесных намаганняў па папярэджанні правапарушэнняў, захаванні дзяржаўнай маёмасці і законных інтарэсаў жыхароў Міёршчыны. 

Па інфармацыі начальніка райаддзела ўнутраных спраў Васіля Балада, аператыўная абстаноўка на тэрыторыі раёна застаецца падкантрольнай праваахоўным органам. За пяць месяцаў сёлета па ўсіх лініях служб зарэгістравана 88 злачынстваў – на адно больш, чым летась. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 43,8. Паказчык вышэй за сярэднеабласны і рэспубліканскі. У той жа час дзякуючы прынятым мерам не дапусцілі вымагальніцтва, згону аўтамабіляў, незаконных дзеянняў у адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Не зарэгістравана рабаванняў у магазінах дзяржаўнай уласнасці, менш крадзяжоў, у тым ліку з жылля грамадзян, а таксама злачынстваў сярод судзімых, п’яных, з удзелам непаўналетніх.


На працягу паўгода захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да змяншэння злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, зарэгістравана 37. Аднак у сельскай мясцовасці, асабліва на тэрыторыі Завуццеўскага, Павяцкага, Мікалаёўскага, Новапагосцкага сельсаветаў, іх паболела. Назіраецца рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Павялічваецца колькасць забойстваў, махлярства, наўмыснага знішчэння маёмасці, крадзяжоў дзяржаўнай маёмасці і маёмасці юрыдычных асоб.


Раскрываемасць па лініі крымінальнага вышуку склала 70,3 %. Спрацавалі горш, чым за аналагічны перыяд летась, але ў цэлым разблыталі ўсе клубкі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, выйшлі на след удзельнікаў леташніх крадзяжоў.


Вялікую работу правялі ў рамках даручэння кіраўніка дзяржавы па захаванні дзяржаўнай маёмасці. Праваахоўнікі арганізавалі 72 маніторынгі сельгасарганізацый раёна. Паўсюль выявілі парушэнні і недахопы. Агульнымі намаганнямі забяспечылі інвентарны ўлік тэхнікі. Нястачы няма. У складах і боксах перш за ўсё не хапала элементарнага парадку.


Па-ранейшаму на рабочых месцах шматлікія вартаўнікі нецвярозыя. 13 прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. І па гэтай прычыне выявілі 38 фактаў дробнага скрадання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей дзяржмаёмасці, у тым ліку 26 у сельгасарганізацыях раёна. Накіравалі 95 прадстаўленняў па выпраўленні прычын і ўмоў, якія са- дзейнічаюць правапарушэнню. Аднак адрэагавалі не ўсе, складзена шэсць пратаколаў.


Асабліва актуальная праблема захавання лома металаў. Цана на яго ў Расійскай Федэрацыі значна вырасла. У сувязі з гэтым праваахоўныя органы прыгранічных раёнаў канстатуюць, што спроб вывазу каштоўнага тавару з нашай краіны паболела. Гэта ставіць пад пагрозу базу арганізацый раёна. Тым больш на многія тэрыторыі свабодны доступ: пляцоўкі для захавання не абсталяваны, не агаро- джаны з усіх бакоў, на ўязных варотах няма замкоў, адсутнічае адпаведны бухгалтарскі ўлік. На асабістых падвор’ях лом таксама не павінен ляжаць абы-дзе і навідавоку. Парадак – перш за ўсё, інакш не мінуць адміністрацыйнай адказнасці.


У раёне выявілі 32 эканамічныя злачынствы, у тым ліку 14 крадзяжоў, 13 службовых падробак, два перавышэнні ўлады, па адным факце махлярства, бяздзеяння службовай асобы, атрыманне хабару. 14 злачынстваў належаць да катэгорыі цяжкіх, 17 маюць карупцыйную афарбоўку.


У сакавіку-красавіку сёлета па выніках рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці Упраўленне па Віцебскай вобласці Следчага камітэта ўзбудзіла 21 крымінальную справу ў адносінах да службовых асоб Міёрскага райспажыўтаварыства, якія з выкарыстаннем паўнамоцтваў у 2012-2015 гадах учынілі шэраг крадзяжоў і службовых падробак. Пяць карупцыйных злачынстваў выявілі ў АПК, па адным у сферы лясной і камунальнай гаспадарак, запляміў гонар мундзіра міліцыянер. Як бачна, нягледзячы на рангі і званні перад законам усе роўныя.
Аналіз дынамікі злачыннасці, яе структуры сведчыць, што істотны ўплыў на ўзровень правапарадку аказваюць лад жыцця і паводзіны асоб, якія маюць судзімасць, а таксама алкагалізацыя насельніцтва. Як заўважыў начальнік РАУС, да барацьбы з п’янствам трэба падключацца ўсім. З нелегальнага абароту адабрана 132,5 літра самагону і бражкі, 87 літраў алкагольнай прадукцыі, пяць самагонных апаратаў. Ад грамадзян паступіла сем паведамленняў пра парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. Ад суб’ектаў прафілактыкі ніводнага.


Праваахоўнікі імкнуцца ўплываць на сітуацыю праз адміністрацыйную практыку, прымусовае накіраванне ў ЛПП. Аднак гэтага недастаткова. Па-ранейшаму чакаюць большай дапамогі ад кіраўнікоў на месцах. Камісіі па барацьбе з п’янствам павінны працаваць не толькі на паперы. Прадастаўляць інфармацыю па асобах, якія злоўжываюць спіртным і жывуць з пенсіянерамі, таксама трэба своечасова.
Адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі – не дапусціць безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Сёлета абстаноўка спакойная. Аднак назіраецца негатыўная тэндэнцыя росту злачынстваў супраць іх палавой недатыкальнасці, узбуджаны чатыры крымінальныя справы.


У рамках рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” абследаваны патэнцыяльна небяспечныя аб’екты, якіх 123 у раёне. На спартпляцоўках парушэнняў не выявілі. Два прадстаўленні складзены ў адносінахда Дзісенскага лясгаса, што з’яўляецца ўладальнікам былога завода ў Клётавым Двары. У распараджэнні КУП “Язна” закінутыя двухпавярхоўкі ў Ісце. Прэтэнзіі да ўтрымання былога інтэрната ў Волкаўшчыне, а таксама адміністрацыйнага будынка СУП “Цітова”.


Вялікая работа праводзіцца па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Аднак абстаноўка ўжо з пачатку года ўскладнілася. На тэрыторыі раёна два забойствы.


Намаганні суб’ектаў прафілактыкі, калектываў і грамадзян аб’ядноўваюць грамадскія пункты аховы правапарадку. У бягучым годзе правялі звыш 50 пасяджэнняў, дзе разгледзелі асоб з ліку сямейных скандалістаў, нядобранадзейных сем’яў, судзімых, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, аматараў спіртнога. Аднак, на думку Васіля Балада, не ўсюды належны эфект. У гэтай рабоце важны і ўдзел кіраўнікоў гаспадарак.


Летась назіраўся значны рост злачынстваў у грамадскіх месцах, сёлета пацішэла. Турбуе права- ахоўнікаў сітуацыя па кафэ “Мала- дзёжнае”. Вулічнага асвятлення няма, адсутнічае і агароджа, аўтамашыны пад’язджаюць аж да ганка. З-за нізкай культуры спажывання спіртнога ўстанова штодзень зачыняецца ў прысутнасці нараду міліцыі. Часта разбіраюцца матэрыялы па фактах хуліганства, прычынення цялесных пашкоджанняў, страты маёмасці ва ўстанове.


Патрабуе пільнай увагі сітуацыя ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. У рамках прафілактычных і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў выяўлена адно правапарушэнне з некурыльнымі тытунёвымі вырабамі, прызначанымі для смактання ці жавання. У красавіку ўстаноўлены факт захавання гашыша, узбуджана крымінальная справа. І чарговае папярэджанне – не вырошчваць дома мак.


Праведзеныя Дзяржаўта- інспекцыяй прафілактычныя мерапрыемствы ў цэлым забяспечылі кантроль за абстаноўкай на дарогах раёна, здарэнняў менш. У выніку аднаго чацвёра атрымалі раненні. Адно ДТЗ адбылося з удзелам дзіцяці. Аднак ёсць праблемы, якія незалежна ад вынікаў работы супрацоўнікаў ДАІ ўплываюць на стан дарожна-транспартнага траўматызму. Не адзінкавыя факты выпуску на лінію няспраўных аўтамабіляў, якія не прайшлі тэхагляд, неналежнага ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі. За гэтыя правапарушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 33 службовых асоб і гаспадарак раёна.


У рамках спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў “Увага – дзеці!” абследавалі прылеглыя да ўстаноў адукацыі ўчасткі. Выяўлены шэраг недахопаў, якія ўплываюць на бяспеку дарожнага руху, што непасрэдна звязана з дзіцячым траўматызмам.
Так, неабходна абнавіць дарожную разметку “Дзеці” паблізу шматлікіх школ. Ямкавага рамонту патрабуюць пад’язныя шляхі да дзіцячага садка №2 у райцэнтры, а таксама Язненскага, Завуццеўскай, Новапагосцкай, Дворнасельскай устаноў адукацыі. Дрэнная асветленасць дарог і падходаў да садкоў №№ 2 і 3 у Міёрах, Завуццеўскай, Узмёнскай і Павяцкай школ. Атсутнічае асвятленне ля Туркоўскай, Дворнасельскай і Слабадской. Шмат дзе неабходны знакі зніжэння хуткаснага рэжыму з 60 да 40. Усе недахопы давядзецца выпраўляць да пачатку новага навучальнага года.


Патрабуюць замены знакі, якія не адпавядаюць эксплуатацыйным патрабаванням, выцвілі, не чытаюцца на аўтадарозе Верхнядзвінск-Шаркаўшчына-Казьяны. Шмат дзе трэба высякаць кустоўе, з-за якога ўчасткі сталі асабліва небяспечнымі.


Закранутыя праблемы – работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Іх вырашэнне дапаможа ўтрымаць стабільную абстаноўку ў раёне і палепшыць узровень грамадскай бяспекі. Быць добрасумленнымі і нераўнадушнымі ў важнай справе аховы правапарадку заклікала ўдзельнікаў сесіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. 

Фота з архіва рэдакцыі.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта