Як сельскі хлопчык з вёскі Гараўцы Туркоўскага сельсавета стаў паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Кар’ерную лесвіцу старшы саветнік, кіраўнік аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Часлаў ШУЛЬГА адолеў лёгка, дасягнуўшы яе вяршынь.
Сакрэт поспеху — у працавітасці і адказнасці за даручаную справу, якія закладзены ў дзяцінстве. Дапамагаць бацькам тады лічылася не правам — абавязкам. Пасол памятае, як у першым класе пасвіў авечак і на гэтым зарабіў свой першы рубель. Большыя грошы з таварышамі-аднакласнікамі знаходзілі літаральна пад нагамі: збіралі журавіны на балоце. Прырода на Міёршчыне — сапраўдны скарб, яе немагчыма не любіць, да яе немагчыма не вяртацца.
З НЕПАДРОБНЫМ захапленнем Часлаў Шульга згадвае пра родную туркоўскую зямлю:
— Мясціны прывабныя: лес, балота, рэкі. Што можа быць лепш для духоўнага сталення?! З маленства спасціг дабрыню і працавітасць, сельскую працу. Бацькі прывучалі кожную справу выконваць якасна, добрасумленна. Упэўнены, што гэтыя азы і скіравалі мяне па жыцці. Дарагія сэрцу мясціны вабяць і зараз. Хоць не часта, але сюды прыязджаю. Цікава паглядзець на змены, новую інфраструктуру. Тут жыве радня, якую бязмежна люблю.
Часлаў Казіміравіч памятае вясёлыя будні ў Туркоўскай школе, удзячны сваім настаўнікам. Усе прадметы яму спатрэбіліся ў жыцці, а веды па іх сталі адпраўным пунктам у вялікі свет. Асабліва сябраваў з матэматыкай і фізікай, якія з лёгкасцю здаў пры паступленні ў Беларускі дзяржаўны політэхнічны інстытут.
Выбраў аўтатранспартны факультэт. Відаць, паўплывала не толькі цікаўнасць юнака да тэхнікі, але і тое, што тата быў вадзіцелем. У вучобе Часлаў Шульга вызначаўся стараннем. І вынес з інстытута галоўную ісціну:
— Вучыцца, самаадукавацца трэба ўсё жыццё, інакш застанешся на ўзбочыне. Тым больш, для ўдасканалення ў сучасным грамадстве безліч умоў. Напрыклад, дыстанцыйнае навучанне. Гэта ж які крок наперад: можна спасцігаць веды, не выходзячы з дома!
ЗЯМЛЯК і вучыцца ўсё жыццё. Акрамя самаадукацыі, пасля політэхнічнага інстытута адолеў аспірантуру эканамічнага ўніверсітэта, асвоіў міжнародныя камунікацыі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Але гэта пазней, першае працоўнае месца свайму выхаванцу прадаставіла альма-матар. Часлава Шульгу накіравалі ў цэх ваеннай тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода. Неўзабаве здольнаму і ініцыятыўнаму маладому чалавеку партыйнае кіраўніцтва прапанавала пасаду ў камітэце камсамола. Шмат у той час павандраваў па Савецкім Саюзе. Падарожжы захаплялі.
Наступная пасада Часлава Шульгі стала лагічным працягам яго турыстычных памкненняў. Намеснік, а потым і генеральны дырэктар Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму “Спутник”. Праз 15 гадоў трывалага досведу Часлава Казіміравіча прызначылі намеснікам міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь:
— Да аднаго з самых важных праектаў з маім удзелам адношу развіццё сельскага турызму. Памятаю, як вагаліся наконт мэтазгоднасці аграсядзіб. Час паказаў, што задума ўдалася. Поўнамаштабна яна пачала рэалізоўвацца ў 2006 годзе з прыняццем адпаведнага закона. Спрыялі турыстычнай ідэі льготныя пазыкі на добраўпарадкаванне. Сяльчане ацанілі магчымасці, ахвотна іх скарысталі. Па папулярнасці і колькасці аграсядзіб бачым, што сельскі турызм развіваецца і цяпер.
З 2015 года Часлаў Шульга жыве і працуе ў Смаленску. Ён старшы саветнік, кіраўнік аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Зямляк канкрэтызуе:
— У Смаленску, як цяпер модна казаць, знаходзіцца штаб-кватэра нашага пасольства. Насамрэч яно адказвае за стасункі Беларусі з дзесяццю абласцямі Расійскай Федэрацыі. Развіваем гандлёва-эканамічныя зносіны, займаемся консульскімі і іншымі пытаннямі. Скажу важнае: нашы краіны не толькі суседнічаюць, іх насельнікі — блізкія па крыві. Бадай ва ўсіх расійскіх памежных з нашай рэспублікай абласцях жыве шмат землякоў або расіян з беларускімі каранямі. Неяк звярнуўся за інфармацыяй у смаленскі загс. Аказалася, у 80 працэнтах шлюбаў муж ці жонка — выхадцы з Беларусі. Таксама як і ў нашай краіне атабарылася шмат расіян.
Часлаў Шульга акцэнтуе ўвагу на таленавітых земляках, якія таксама лічацца агульнымі сынамі і праславілі нашых дзяржаў-сясцёр на ўвесь свет. Яркі таму прыклад — вядомы мастак Ілья Рэпін. Словам, усе мы славяне, і продкі нашы паходзяць з аднаго радаводнага дрэва.
ПАСОЛ з Туркова называе Міёршчыну залатым краем, высока ацэньвае сучасную моладзь, паважае вёску. Гэтым абумоўлена наступнае пытанне. Школы і прадпрыемствы ў малых населеных пунктах зачыняюцца, народ масава з’язджае ў горад. Як адрадзіць сельскую мясцовасць? Пасол дзеліцца меркаваннем:
— Не магу назваць сітуацыю катастрофай. Гэта маятнік, які хістаецца і некалі супакоіцца. Наступае цывілізацыя: адзін удасканалены камбайн цяпер можа замяніць 10-15 ранейшых. Прагрэс кліча за сабой, так і сучасны чалавек — паляпшае ўласнае жыццё і шукае, дзе зручней. Але тэндэнцыя нязменна рухаецца да таго, што людзі не парываюць сувязі з сельскай мясцовасцю. У мегаполісах зарабляюць грошы, а вольны час праводзяць дома — за кальцавой аўтадарогай. Як вынік, імкліва развіваюцца гарады-спадарожнікі, дзе будуецца жыллё і ўзбагачаецца інфраструктура.
Эфектыўны рэцэпт ад урбанізацыі ў адначассе Часлаў Шульга не дае, але яго парады слушныя:
— Любім патрабаваць ад дзяржавы. Яна, безумоўна, павінна ўладкоўваць жыццё грамадства, чым і займаецца. Але ж перш за ўсё кожны ў адказе за сябе і родных. А сельская мясцовасць, на маю думку, — гэта скарб нерэалізаваных магчымасцей. Па-першае, той самы турызм. Больш за 2,5 тысячы аграэкасядзіб зарэгістравана ў Беларусі — няслабая самазанятасць. Можна яшчэ больш! Думаецца, у новых ідэях, і не толькі па стварэнні сельскага турызму, дапамогуць пляцоўкі перадавога вопыту на мясцовым і замежным узроўнях. Мой тата ў 1956 годзе вярнуўся з Германіі са службы ў войску і столькі ідэй адтуль прывёз! Неўзабаве іх ажыццявіў. Навошта, напрыклад, насіць ваду з панадворка, калі можна пры дапамозе помпы яе правесці ў дом. Або парадны і рабочы ўваходы ў хаце адкуль, думаеце? З таго ж замежнага вопыту. Таму спасцігаць новае заўсёды карысна.
АКРАМЯ сельскага турызму Часлаў Шульга бачыць шмат іншых варыянтаў вясковага заробку:
— Аб’ездзіў многія раёны. У кожным знойдзецца па некалькі адмысловых і прыбытковых бізнес-праектаў. Тым самым прадпрымальнікі стварылі пад сябе працоўнае месца. Недзе вырошчваюць валяр’яну і наладзілі вытворчасць таблетак з яе. Іншыя збіраюць і рэалізоўваюць у медыцынскіх мэтах смалу. На Гарадоччыне, напрыклад, заняліся перапрацоўкай лясных ягад. Мысліць трэба глабальна і шукаць магчымасці. А яны ў беларускай глыбінцы ёсць заўсёды.
Яшчэ пасол раіць ніколі не губляць аптымізму. Менавіта гэта якасць кіруе светам і будуе гарады. Часлаў Казіміравіч вялікі патрыёт. Тройчы на тыдзень чытае беларускую класіку: Караткевіча, Быкава і ўсё, што з Радзімы. Бойка размаўляе па-беларуску, англійску. Любіць сваю сям’ю, якая жыве ў Мінску. Яна невялікая, але самы надзейны тыл. Жонка — медработнік. Сын — выпускнік эканамічнага ўніверсітэта — наладзіў турыстычны бізнес, стварыў сям’ю. Чатырохмесячны ўнучок для Часлава Казіміравіча — яшчэ адна слаўная нагода паспяшацца ў беларускую сталіцу.
Дыпламатычная місія земляку па душы. Лёс склаўся так, як і хацелася. Застаецца прыносіць плён карыснымі справамі, служыць грамадству. Па-мойму, гэта ў Часлава Казіміравіча атрымліваецца. Інакш не стаў бы дыпламатам.
Фота з інтэрнэта.
Алена БАСІКІРСКАЯ.