Директива №1 действует 14 лет. Её на практике обсудили в Миорах

 Як выконваецца план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, прааналізавалі на пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу. 

Дырэктыва №1 дзейнічае 14 гадоў. Відавочна, што парадку стала больш, аднак фактаў безадказнасці, невыканання тэхнікі бяспекі на рабочым месцы, злоўжывання спіртным яшчэ нямала. Па інфармацыі галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Руслана Карпуця, за мінулы перыяд сёлета няшчасных выпадкаў, якія належаць спецыяльнаму расследаванню, у Міёрскім раёне не зарэгістравана. Летась праблем хапала.

У прыватнасці, 29 мая пры разгрузачных работах супрацоўніка ДРБУ-203 прыціснуў люк паўвагона, з-за чаго ён памёр на месцы. Па выніках расследавання вінаватым прызналі дарожнага майстра, які не забяспечыў персанал спецыяльнымі адбойнымі штангамі, прызначанымі для адчынення паўвагонаў на бяспечнай адлегласці. Сам загінуўшы парушыў патрабаванні працоўнай і вытворчай дысцыпліны — прыйшоў нецвярозы на работу. Па гэтым факце раённы аддзел Следчага камітэта адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Службовая асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.


13 ліпеня падсобны рабочы Язненскага ПМС траўмаваў вока металічным прадметам, які выскачыў з-пад касілкі ў час абкошвання тэрыторыі. Пасля навучання, інструктажу і праверкі ведаў па ахове працы ён легкадумна парушыў галоўныя патрабаванні, што і прывяло да бяды.
29 кастрычніка цяжкую траўму вока атрымаў вальшчык Дзісенскага лясгасу. Па выніках расследавання ўстаноўлена, што гэты няшчасны выпадак не належыць да вытворчых. Знявечча атрымана падчас рэгламентаванага перапынку. Менавіта ў гэты час работнік пілаваў для асабістых патрэб сцябло ляшчыны, лучынка ад якога трапіла яму ў вока.


25 кастрычніка сур’ёзна траўмаваў паясніцу механізатар ААТ “Пад’ельцы”. Яго прыціснула стралой пагрузчыка “Амкадор“ у час замены гідраўлічнага рукава.


18 снежня ў ААТ “Мікалаёўскі” ў выніку падзення з вышыні ў 0,8 метра цяжкую траўму атрымаў работнік, які працаваў па дагаворы падраду.
Як вынікае, асноўнымі прычынамі здарэнняў сталі безадказныя адносіны работнікаў да асабістай бяспекі. Не арганізоўвалі на належным узроўні здаровыя і бяспечныя ўмовы працы кіраўнікі і адказныя спецыялісты арганізацый. Многія, як заўважыў Руслан Віктаравіч, лічаць гэта “лішняй работай”.


У той жа час арганізавана шырокая асветніцкая дзейнасць па ўсіх накірунках рэалізацыі Дырэктывы №1. Мабільная група аказвае практычную і метадычную дапамогу наймальнікам па пытаннях выканання заканадаўства аб ахове працы. За студзень-снежань 2017 года наведалі 97 арганізацый усіх сфер дзейнасці, выявілі 721 парушэнне. За студзень-чэрвень сёлета — 53 і 421 адпаведна.


Павысіць граматнасць па пытаннях аховы працы дапамагаюць семінары, сумесныя рэйды з групамі тэхнічных інспектараў працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, месячнікі. Адзін з апошніх правялі ў сельгасарганізацыях раёна на пачатку масавых уборачных работ. Створаны банк дадзеных праходжання праверкі ведаў кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый і ўстаноў. Адпаведнае пасведчанне летась атрымаў 41 чалавек, за студзень-чэрвень сёлета — 22.


Для папярэджання і прафілактыкі вытворчага траўматызму ў мінулым годзе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне накіравала ў арганізацыі раёна 20 інфармацыйных пісьмаў, дала 61 кансультацыю юрыдычным і фізічным асобам. Вядзецца ўлік прыцягнутых да адказнасці ў парадку, прадугледжаным Дырэктывай №1, у тым ліку звольненых за парушэнні норм і правіл па ахове працы, што прывяло да смерці ці калецтва іншых. Згодна з прадастаўленай інфармацыяй, летась за распіццё спіртных напояў у рабочы час і на працоўным месцы звольнены 17 чалавек. Да дысцыплінарнай адказнасці за прагулы прыцягнуты 78 работнікаў, з іх 21 застаўся без работы. За парушэнне працоўнага распарадку да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты чатыры службовыя асобы.


Сёлета за распіццё спіртнога на рабочым месцы звольнены 11 чалавек. Увогуле да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 49, усе за прагулы. Па гэтай прычыне звольнена сем.


На пасяджэнні райвыканкама адзначылі, што пытанне захавання чалавечага жыцця цесна звязана не толькі з арганізацыяй бяспечных умоў працы, але і ўмоў быту людзей. Яны працягваюць неасцярожна абыходзіцца з агнём, парушаць правілы эксплуатацыі ацяпляльных печаў, электрасетак і электраабсталявання. Гэта сведчыць пра безадказныя адносіны да ўласнай бяспекі. Па інфармацыі намесніка начальніка РАНС Уладзіміра Рачыцкага, сёлета на тэрыторыі раёна здарылася 14 пажараў, што на два менш, чым за аналагічны перыяд летась. У прыватным сектары вогненная стыхія бушавала 12 разоў, на жаль, адзін чалавек загінуў. Неспрыяльнай названа абстаноўка на тэрыторыі Завуццеўскага сельсавета, дзе тры пажары. Гарэлі аб’екты дзяржаўнай уласнасці — фізкультурна-аздараўленчы комплекс і будынак для ўтрымання цялят на тэрыторыі МТФ “Канцэрава”. Матэрыяльныя страты перасягнулі 40000 рублёў.


Супрацоўнікі РАНС настойліва і актыўна вядуць прафілактычную і растлумачальную работу, што дапаможа ўзмацніць бяспеку і паўплываць на свядомасць жыхароў раёна.


Прафілактычная дзейнасць па ўмацаванні грамадскай дысцыпліны, папярэджанні гібелі людзей даўно стала сістэмнай, носіць мэтанакіраваны характар і ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Начальнік РАУС Васіль Балад адзначыў, што істотны ўплыў на ўзровень правапарадку аказвае алкагалізацыя насельніцтва. За распіццё спіртнога, з’яўленне п’яным у грамадскім месцы складзена звыш 400 адміністрацыйных пратаколаў. Рэйды выявілі нямала нецвярозых на рабочых месцах, у тым ліку восем вартаўнікоў. Праводзіцца мэтанакіраваная барацьба з самагонаварэннем. Складзена восем пратаколаў у адносінах асоб за незаконны абарот алкагольных напояў. Са слоў Васіля Мікалаевіча, ёсць пытанні да правядзення перадрэйсавага агляду, афармлення аўтатранспартнай дакументацыі.


Немалаважная і арганізацыя бяспечнага дарожнага руху. У маі супрацоўнікі ДАІ праверылі ўстановы адукацыі раёна. Неабходна абсталя- ваць пешаходны пераход, дарожку, устанавіць адпаведны знак ля Дзісенскага дзіцячага садка, выяўлена недастатковая асветленасць паблізу школы №2 у райцэнтры, ля яе па вуліцы Свярдлова неабходна пешаходная дарожка. Акцэнтавалася ўвага на іншых пытаннях, на іх прычынах і метадах далейшай работы.


Дырэктыва ахоплівае ўсе аспекты жыццядзейнасці чалавека. Па сутнасці, многія ведаюць, каму і што неабходна рабіць, каб умацаваць дысцыпліну і забяспечыць усеагульны парадак. Аднак толькі ўнутраная і прафесіянальная дысцыпліна кожнага чалавека дазволіць захаваць жыццё і здароўе, маёмасць жыхароў Міёршчыны. На гэта звярнуў увагу старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Згодна з рашэннем райвыканкама, неабходна ўзмацніць кантроль кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання за забеспячэннем здаровых і бяспечных умоў працы на вытворчасці. 

Фота для ілюстрацыі.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.