Актуальные общественные вопросы поднимали и решали в Николаёвском сельсовете

 Як задавольваюць патрэбы насельніцтва, падтрымліваюць санітарны парадак на зямлі, добраўпарадкоўваюць двары і вёскі? На гэтых пытаннях завастрылі ўвагу ўдзельнікі Дня Мікалаёўскага сельскага Савета.

Рабочыя групы райвыканкама наведалі вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, праверылі будынкі, якія не выкарыстоўваюцца. Прааналізавалі стан помнікаў і абеліскаў, ці сочаць за парадкам у месцах пахаванняў.

У ходзе абмеркавання дырэктар ААТ “Мікалаёўскі” Аляксей Лаўрыновіч, старшыня сельсавета Анатоль Кудрашоў, кіраўнікі раённых служб атрымалі нямала даручэнняў і прадпісанняў. Першачарговай увагі ў Шарагах патрабуе тэрыторыя былой мехмайстэрні. Дыскамфорт і няёмкасць адчулі ўдзельнікі рэйдавай групы ў бытавым пакоі малочнатаварнай фермы, ля прыбіральні побач. Непачаты край работы ля артсвідравіны.


У сіцькоўскай мехмайстэрні трэба рамантаваць вароты гаражоў. Тут ніколі не ведала парадку дыспетчарская. Ігнаруюць і агульнапрынятае патрабаванне вызначыць і абгарадзіць пэўнае месца для складання металалому.


Стэла пры ўездзе на тэрыторыю гаспадаркі — помнік савецкай эпохі. Дырэктар меў намер яе дэманціраваць. Аднак старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава запярэчыла: у мясцовасці павінен быць пазнавальны сімвал. Каб не выглядаў маральна ўстарэлым, давядзецца аформіць яго ў духу часу.


На шляху аб’ездаў выяўлены і несанкцыянаваныя звалкі, якія трэба прыбраць. З месц вечнага спачыну не ўсюды рэгулярна вывозяць смецце. І заўвага да людзей: у адной кучы з лісцем і травой не месца рытуальным вянкам і кветкам.


Пры аб’ездзе населеных пунктаў заўважылі строгі парадак на падворках хутаран. Старанна даглядаюць яны межы сваіх агародаў з усіх бакоў. Нават не скажаш, што мясцовыя жыхары, у асноўным, у паважаным узросце. Адкуль толькі сілы бяруць. Усё проста: гаспадарлівасць у іх крыві.


Заслужылі пахвалы і тэрыторыі фельчарска-акушэрскіх пунктаў у Мікалаёве і Сіцькове, малочнатаварнай фермы ў Бандарцах. Нямала добраўпарадкаваных дамоў у гэтых вёсках, у чым заслуга старанных гаспадароў. Аднак ёсць і такія, каму трэба пастаянна нагадваць, каб абкасілі пад вокнамі, падрамантавалі агароджу. Нямала нараканняў выклікае эксплуатацыя ведамаснага жылля. Не ўсе лічаць патрэбным наводзіць ля яго парадак. Слаба зацікаўлены ў чысціні і прыгажосці ў вёсцы Горкі.


З кожным годам более пустуючых дамоў, і гэта няспынны працэс. Асабліва шмат такіх у Турчыне. Ля Сіцькоўскай школы патэнцыяльна небяспечны аб’ект — двухпавярховы будынак разбураецца.


У мінулы чацвер стаўку зрабілі на непасрэдныя стасункі з людзьмі, высветлілі, што іх хвалюе і трывожыць. Жыхары Акунёва скардзіліся на небяспечнае суседства з ваўкамі. Драпежнікаў развялося, нават днём сталі заўважаць іх у вёсцы. Некалькі дзён таму ў Ліпаціна, што непадалёк, знайшлі вывадак ваўчанят. Урэгуляваць абстаноўку даручана паляўнічым.


Шмат нараканняў на стан дарог. Грэйдуюцца, але няякасна. Даводзіцца часта рамантаваць школьны аўтобус, маршрут якога пралягае ад Мікалаёва да Арханава. Да могілкаў у Лугаўцах і на трактары не даехаць. Два кіламетры па бездаражы не кожны пешшу адолее, асабліва з грузам на плячах для рамонту агароджы ці ўстаноўкі помніка. І ў Капыльшчыне хвалююцца за дарогу. Раней гаспадарчая тэхніка скіроўвалася на палеткі ў аб’езд, цяпер — праз вёску. З-пад колаў гігантаў у бакі разлятаюцца рэшткі асфальту, новых ямін і каляін — не пералічыць.


У Бычыншчыне не могуць падстроіцца пад смеццявоз ЖКГ. Яго прыезд заўсёды нечаканы, бо не адпавядае ўстаноўленаму графіку. Жыхароў вёскі Турчына стаміла няякасная сувязь: Zala падвісае, прыёмнікі не ловяць хвалі. У ліку праблемных пытанняў і апрацоўка агародаў, доўга даводзіцца чакаць падмогі. Толькі жыхары Шарагоў у тым маюць пастаянную падтрымку, за што дзякуюць кіраўніку ААТ “Мікалаёўскі”.
Асабліва шмат нараканняў на паслугі райспажыўтаварыства. Пакуль рамантуецца халадзільнае абсталяванне ў аўталаўках, пакупнікоў Дзенісова абслугоўвае непрыстасаваная для гандлю машына. У крытай будцы пыл, брудна, у такіх умовах нават запакаваны тавар непрыемна купляць.


У сіцькоўскім магазіне наогул пустыя паліцы. Амаль як у вайну не хапае элементарнага, не кажучы пра такую прадуктовую раскошу як каўбаса ці цукеркі. Не маючы магчымасці набыць неабходныя тавары паблізу ад дома, мясцовыя жыхары вымушаны, як у даўнія часы, скіроўвацца за прадуктамі ў далёкую дарогу.


Адзін з чатырох зваротаў да кіраўніка спраў райвыканкама Валерыя Драба падчас прыёму грамадзян у Мікалаёўскім сельсавеце таксама меў дачыненне да гандлёвага абслугоўвання. Каб не пуставаў будынак дзіцячага садка, які дзейнічае апошні год, бухгалтар ААТ “Мікалаёўскі” Зінаіда Крыўко прапанавала адчыніць у ім сельскі магазін гандлёвай сеткі “Еўраопт”.


— Каб яшчэ і рынак арганізаваць. Хаця б два разы ў месяц карыстацца паслугамі прыватнікаў, як у Язна, — выказала просьбу вяскоўцаў жанчына.


Аддзел эканомікі райвыканкама вывучыць сітуацыю наконт прыватнага гандлю. Жаданне сяльчан атрымаць доступ да сучасных гандлёвых паслуг аналізуе кампанія “Еўраопт”. Аднак там, дзе мала насельніцтва і нізкі пакупніцкі попыт, адчыняць свае магазіны лічыць немэтазгодным. У тым адмоўлена нават жыхарам аграгарадка Туркова, які размешчаны ля бойкай транзітнай дарогі. У Мікалаёўскім сельсавеце сітуацыю паправіць даручэнне мясцовага гандлю ў сетку “Залатая ніва”, што ўваходзіць у склад Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Пра гэта патлумачыў Валерый Анатольевіч.


Спецыялісты галін, да якіх паступілі прэтэнзіі ад мясцовых жыхароў, ужо шукаюць шляхі вырашэння праблем. Усе пытанні на кантролі ў райвыканкаме, таму адказваць давядзецца ў тэрмін. Што да парадку, то за ім трэба сачыць рэгулярна — заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Па-сутнасці з-за бяздзеяння ўзнікаюць цяжкасці, якія напярэдадні Дня сельсавета даводзіцца гераічна пераадольваць.  

Фота аўтара.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.