Авторизация
 

Рабочыя групы райвыканкама пабывалі ў кожным куточку Перабродскага сельсавета

 На пачатку красавіка рабочыя групы райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Марыі Баніфатавай пабывалі ў кожным куточку Перабродскага сельсавета, каб даведацца, як тут клапоцяцца пра навакольны парадак. Падчас прыёму, сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства выслухалі просьбы і праблемныя пытанні. Вынікі гэтай работы падвялі на мінулым тыдні ў пятніцу. Аператыўную нараду вёў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. 

Кіраўнікі рабочых груп, якія аналізавалі добраўпарадкаванне тэрыторыі Перабродскага сельсавета, заўважалі: тут зроблена шмат. Прычым нямала і па іх пратаколе даручэнняў, што азначае — аператыўна.


Як звярталася ўвага, жыхары многіх вёсак, у тым ліку Дворышча, Міёрак-ІІ, Пераброддзя, Лебедзева, пастаянна клапоцяцца пра свае домаўладанні, імкнуцца стварыць навакольную прыгажосць. На жаль, сустракаюцца і кантрасныя карцінкі. З дагледжанымі тэрыторыямі суседнічаюць непрывабныя, дзе няма гаспадароў, ці адсутнічае жаданне дбаць пра чысціню. А гэта не выклікае станоўчых эмоцый.
Не ўсюды парадак ля гаспадарчых аб’ектаў. Са станоўчага боку адзначана ферма «Масаніха». Астатнім перш за ўсё трэба прыбраць раскіданыя рэшткі кармоў. Несвоечасова вазваляюцца кантэйнеры ад смецця ля месц вечнага спачыну вяскоўцаў. У Крычаве выклікае небяспеку ліпавая алея абапал дарогі. Ад часу дрэвы пахінуліся, нярэдка з-за парываў ветру губляюць долу свае магутныя сукі. Яны прызнаны аварыйнымі, што патрабуе тэрміновага рэагавання. З вясной абвастраецца праблема стану дарог. Шмат дзе неабходна падсыпаць, прафіліраваць, чым ужо займаюцца дарожныя службы.


Нямала пытанняў паступіла ад людзей да ўдзельнікаў інфармацыйных груп райвыканкама. На многія неадкладна давалі адказы, некаторыя ўзяты на кантроль. Гучала просьба пераарыентаваць галоўную дарогу, якая вядзе да фермы Пячонкі, у напрамку да металапракатнага завода. Гэта абумоўлена інтэнсіўным рухам транспарта на будоўлю. У сітуацыі даручана разабрацца ДАІ.


Нямала прэтэнзій да работы аўталавак, дзе нярэдка прапануюць пратэрмінаваныя прадукты. У крайніх кропках тавару часта не хапае, ці ён з нізкімі спажывецкімі якасцямі. Факты не сістэмныя, але ўжо і не эпізадычныя. Кіраўніку райспажыўтаварыства давядзецца навесці парадак.
Да старшыні райвыканкама на асабісты прыём у Перабродскім сельсавеце звярнулася жыхарка Пераброддзя. Ад імя вяскоўцаў яе просьба — каб не апусцеў будынак мясцовага магазіна. Прадавец — з райцэнтра. Дабіраецца на аўтобусе, абслугоўвае пакупнікоў з 11 да 14 гадзін, каб гэтым жа маршрутам вярнуцца дамоў. Столькі часу не стае вяскоўцам. Як задаволіць мясцовы запыт і не адбіць ахвоту гарадскога прадаўца працаваць на сяле? Праблема вырашылася ў дзень звароту. Старшыня сельсавета Віктар Дзеравянчык знайшоў у Пераброддзі кватэру, прадавец не супраць там пасяліцца. Хутка магазін стане працаваць па агульна прынятым раскладзе.


Старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава падчас прыёму выслухала прэтэнзіі ў адрас банкаў. Часта ў банкаматах няма наяўных грашовых сродкаў, асабліва перад выхаднымі. Прасілі звярнуць увагу на пляж у Пераброддзі. Яго падтаплівае ўстаноўленая два гады таму дамба, з-за гэтага збіраецца шмат бруду, па ваколіцы распаўсюджваецца ўстойлівы «водар». Узровень вады сапраўды выйшэй за норму, тое пацвярджае інспекцыя аховы прыроды і навакольнага асяроддзя. Прадпісанне атрымала ДРБУ-203.


Пры падвядзенні вынікаў нарады ў чарговы раз нагадалі падтрымліваць паўсюдны парадак, што для кожнага з нас — жыццёвая неабходнасць, важнейшая задача. Гэта і люстэрка гаспадарлівасці на зямлі, і беражлівага выкарыстання яе рэсурсаў. Для перабродскіх мясцін асабліва важна не сапсаваць імідж самага маляўнічага куточка міёрскай зямлі. Усім трэба жыць з патрыятызмам у душы і любоўю да малой радзімы.

Нагадаць пра галоўнае

Інфармацыйная група пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Марыі Баніфатавай сустрэлася з працоўным калектывам дзіцячага санаторыя «Расінка». Яго тэрыторыя — узор чысціні і парадку, на чым акцэнтавала ўвагу Марыя Мікалаеўна. І тут ніколі не спыняюцца на дасягнутым, пастаянна ўдасканальваюць яе аблічча. Работнікам санаторыя пажадалі такога ж імкнення да прыгажосці і парадку ля ўласных домаўладанняў. Нагадалі і пра чысціню помыслаў і памкненняў на рабочых месцах.


Начальнік РАНС Сяргей Слізень звярнуў увагу на правілы бяспекі пры выпальванні сухой расліннасці. За іх парушэнне аштрафаваны многія жыхары раёна. І падчас аб’езду сельсавета рэйдавая группа заўважыла, як ля аднаго з прыдамавых участкаў з сухой травы вырвалася полымя і вецер панёс па ваколіцы не толькі густы дым. Іскры разляталіся ва ўсе бакі, плошча гарэння імкліва пашыралася. Неадкладна адрэагаваў інспектар РАНС Алег Бунта і ў лічаныя секунды патушыў тэрыторыю. Жанчына, якая ўчыніла пажар, сітуацыю крытычнай не прызнала. Дарэмна, бо зусім надаўна ў суседнім раёне падобны выпадак закончыўся трагедыяй.


Пра аператыўную абстаноўку ў раёне, дынаміку злачыннасці і адміністрацыйных правапарушэнняў праінфармаваў інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэй Ільніцкі. На тэрыторыі раёна павялічылася колькасць крадзяжоў, таму клапаціцца пра захаванасць уласнай маёмасці неабходна кожнаму. Павышанай увагі патрабуюць дзеці. Выхоўваць, кантраляваць іх вольны час, месца знаходжання — асноўныя рэкамендацыі напярэдадні лета. Нагадана, што з 23 гадзін да шасці раніцы хлопчыкам і дзяўчынкам да 16 гадоў нельга гуляць па вуліцы, нават быць на лесвічнай пляцоўцы без законных прадстаўнікоў. Толькі ў суправаджэнні маці, бацькі, апекуноў. Бабуля ці дзядуля не ўлічваюцца. За парушэнне — пакаранне штрафам.


Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Руслан Карпуць засяродзіў увагу на вытворчым траўматызме. Сёлета ў краіне за І квартал на рабочым месцы загінулі 49 чалавек, двое з іх — у стане алкагольнага ап’янення. У Віцебскай вобласці за гэты перыяд зарэгістравана шэсць выпадкаў з лятальным зыходам, траўмы атрымалі 19 работнікаў. Асноўная прычына трагедый — парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў па ахове працы. Адсюль заклік: працаваць добрасумленна, дзейнічаць па інструкцыі, заўсёды думаць пра наступствы сваіх учынкаў. 

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 376
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 128
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 779
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 344
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 085
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 229
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 201
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Именины 24 апреля 2019
Ефим, Иван, Николай, Петр, Прохор, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта