Авторизация
 

Дні сельсаветаў распачаліся з Туркова

 Шэраг пытанняў і накірункаў дазваляюць ахапіць Дні сельсаветаў, у ліку якіх навядзенне парадку на вытворчых тэрыторыях і ў вёсках. Пасля невялікага зімовага перапынку ў раёне працягваецца традыцыя праводзіць такія мерапрыемствы. Яны даюць магчымасць прааналізаваць, наколькі мяняецца аблічча нашага краю, паляпшаецца якасць жыцця, што ўдаецца зрабіць у вызначаны тэрмін, а таксама ацаніць сумесную работу старшынь сельсаветаў, кіраўнікоў гаспадарчых аб’ектаў і насельніцтва.

 Вясенні аб’езд рабочыя групы райвыканкама пачалі з Туркоўскага сельсавета. На яго тэрыторыі дзве гаспадаркі. У ААТ “Туркова” ў любы дзень і час можна прывезці гасцей любога ўзроўню. Звычка падтрымліваць парадак тут даведзена да аўтаматызму, калектыў дбае пра кожны куточак зямлі круглы год і без натугі. Прадпрымаецца шмат, каб апраўдваць высокі статус аграгарадка. Дагледжана і большасць прыватных дамоў, прыемна заехаць у бліжэйшыя вёскі.


Такую практыку трэба пераймаць суседняму ААТ “Дрыгучы”. З мінулагодняга рэйду яшчэ ў памяці рабочых груп непрывабнасць яго ўладанняў. Не выклікала станоўчых эмоцый і ўбачанае сёлета. Па-ранейшаму па дарозе да цэнтральнай сядзібы сустракаюць убогія дамы, дзе ніякіх прыкмет жыцця, у дварах сухастой, кустоўе, хаця ў некаторых ёсць гаспадары. На шляху — ланцугом растуць хмызнякі. У лазовым лесе схаваліся і Дрыгучы. Тут шмат паўразбураных жытлаў, дэмантаж якіх расцягнуўся ў часе. Не паляпшаюць сітуацыю і нядаўна пабудаваныя дамы, бо не пасаджаны сады і кветкі, няма цяпліц і градак. На такім фоне маляўнічасць тутэйшых мясцін блякне. Ну якіх гасцей сюды завабіш?


 Безумоўна, прывабнасць — адна з умоў паспяховага развіцця. Шматгадовае бяздзеянне яго стрымлівае. Спасылацца на адсутнасць ці недахоп сродкаў і рабочай сілы — значыць, распісацца ў сваёй няздольнасці. Даўно трэба навесці парадак, заўважыла старшыня райсавета Марыя Баніфатава ў адказ на абяцанні кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Жылінскага выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час. Актывізавацца запатрабавана да пачатку пасяўной кампаніі.


Вынікі Дня Туркоўскага сельсавета падводзілі 29 сакавіка. Раніцай прадстаўнікі інфармацыйных груп пабывалі ў працоўных калектывах, сустрэліся з вяскоўцамі па месцы жыхарства. У ходзе размовы шырока абмяркоўваліся задачы Года малой радзімы, праблемы насельніцтва. Некаторыя вырашаліся на месцы, астатнія ўзяты на кантроль. Напрыклад, жыхары вёскі Рыкуны маюць патрэбу ў адпампоўванні каналізацыі, у чым знойдуць падтрымку. У Іваньках наракалі на работу аўталаўкі, для якой стала традыцыяй адхіляцца ад графіка і спазняцца на тры-чатыры гадзіны. Вяскоўцы заўсёды на сувязі, але папярэджваць іх па тэлефоне не спяшаюцца. У Забалоцці вельмі дрэнны стан дарогі. Хвалююць мясцовых жыхароў і частыя візіты ваўкоў і лісіц. Восенню з-за няпрошаных гасцей не далічваліся авечак, курэй. Змагацца з драпежнікамі дапамогуць паляўнічыя.


Са слоў старшыні райсавета Марыі Баніфатавай, пытанні жыхароў будуць вырашаны ў кароткія тэрміны. Мала часу адведзена і на добраўпарадкаванне тэрыторый. У бліжэйшы час трэба дасягнуць лепшых вынікаў у гэтай важнай і адказнай справе, асабліва там, дзе пра гэта думаюць у апошнюю чаргу. 

 З праблемамі, якія складана вырашыць на мясцовым узроўні, вяскоўцы ішлі да старшыні раённага Савета дэпутатаў Марыі Баніфатавай. Яна правяла прыём грамадзян у Туркоўскім сельсавеце. Ад маладых жыхароў аграгарадка паступіла калектыўная скарга на дрэнную якасць водаправоднай вады. Чырвоная, з прымесямі, нават з пяском. З іх слоў, немагчыма піць нават кіпячоную. 10 сакавіка зварот з аграгарадка накіравалі на разгляд у міёрскі водаканал. Дагэтуль не атрымалі адказу. Напачатку Марыя Мікалаеўна даручыла санітарнай службе раёна правесці аналіз вады ў Туркове, каб прымаць наступныя меры.


Жыхары аграгарадка адчуваюць недахоп кантэйнерных пляцовак для смецця, на іх думку чатырох малавата. Гэта пытанне разгледзіць УП ЖКГ.


Малады энергетык Андрэй Каснікоўскі звярнуўся да кіраўніцтва гаспадаркі з просьбай дазволіць прыватызаваць дом па вуліцы Садовай у Туркове, дзе жыве з жонкай і дзіцяці. Пакуль яму адмовілі, а сяброў і знаёмых хлопца, якія заняты ў іншых гаспадарках, у гэтым пытанні падтрымалі. У чым адрозненне — пракансультуе юрыст.


Малады спецыяліст ААТ “Туркова” Аляксандр Жук зноў скардзіўся на недапрацоўкі будаўнікоў ПМК-55. Дом, які выдзеліла яму гаспадарка, на гарантыйным абслугоўванні. Аднак ужо нямала ўклаў уласных сродкаў і падмайстроўваў сваімі рукамі. Працэс разбурэння падмурку, прыступак, якія імкліва ператвараюцца ў пандус, папярэдзіць не атрымалася. Выпраўляць свае хібы будаўнікі браліся адразу пасля звароту Аляксандра да старшыні райвыканкама мінулым летам. Аднак якасць зробленага інакш як “халтура” не назавеш. Чаму так, давядзецца разабрацца.


На прыём завітаў і жыхар аграгарадка Пад’ельцы Дзмітрый Васіленка. Працуе ў Туркоўскай школе сацыяльным педагогам, а просьбы маюць дачыненне да малой радзімы. Першай справай пацікавіўся, ці можна для вучняў, якія чакаюць школьнага аўтобуса ля рэдакцыі раённай газеты, устанавіць павільён, каб маглі збірацца ў строга вызначаным месцы і хавацца ад ападкаў. Як заўважыла старшыня райсавета, такое пытанне ўжо агучвалася, яно вывучаецца.


Цікавіўся педагог, ці з’явіцца ў райцэнтры гарадскі транспарт, калі адчыніцца новая ЦРБ. Для яго маці, супрацоўніцы лячэбнай установы, з-за праблем з нагамі стане складана дабірацца на працу. У адказ пачуў, што плануецца арганізаваць аўтобусны маршрут па горадзе.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта