На Миорщине прошли организационные сессии

 5-6 сакавіка ва ўсіх сельскіх і Дзісенскім гарадскім Саветах дэпутатаў прайшлі арганізацыйныя сесіі. На іх народныя выбраннікі новага 28-га склікання вызначыліся з кіраўнікамі мясцовых органаў улады — старшынямі  і іх намеснікамі.

5 сакавіка ў 13 гадзін першую арганізацыйную сесію Павяцкага сельскага Савета адкрыў старшыня выбарчай камісіі Ігар Барысенка. Ён праінфармаваў, што ўсе 11 дэпутатаў выбраны і прысутнічаюць. Большасць маюць стаж і адпаведны вопыт работы, гэта пасадзейнічае выкананню імі адказнага грамадскага даручэння і апраўданню даверу насельніцтва.


Сесія аб'яўляецца адкрытай, гучыць гімн. У прэзідыум запрашаецца старшыня раённага Савета Марыя Баніфатава, сакратаром выбіраецца Таццяна Сіўко, дэпутат ад Зарэчнай выбарчай акругі №2.


Ігар Пятровіч тлумачыць парадак выбірання старшыні сельскага Савета, а Марыя Мікалаеўна прапануе кандыдатуру на адказную пасаду. Гэта дэпутат ад Павяцкай Маладзёжнай выбарчай акругі №1 Віктар Бандарэнка. Яе падтрымлівае прадстаўнік Орцаўскай выбарчай акругі №5 Антон Астукевіч. Іншых прапаноў не паступае. Фарміруецца падліковая камісія пад кіраўніцтвам Мікалая Шведа. Яна праводзіць тайнае галасаванне і аб'яўляе вынікі: падтрымалі адзінадушна.


 Сесія зацвердзіла пратакол аб выбранні старшынёй Павяцкага сельскага Савета дэпутатаў Віктара Бандарэнкі. Дэпутаты адзінадушна падтрымалі яго прапанову аб вылучэнні на пасаду намесніка старшыні сельскага Савета на грамадскіх пачатках Антона Астукевіча.
 Старшыня раённага Савета Марыя Баніфатава пажадала плённай дзейнасці новаму складу дэпутатаў і толькі што абранаму кіраўніцтву сельскага Савета па задавальненні патрэб насельніцтва, дала параду абапірацца на старэйшын і актыў, працаваць найперш па выкананні задач Года малой радзімы.


***
Сесію Узмёнскага сельскага Савета адкрыла старшыня выбарчай камісіі Яўгенія Конан. Яна адзначыла высокую актыўнасць выбаршчыкаў — у галасаванні прыняло ўдзел 98% занесенага ў спісы дарослага насельніцтва. Усе 11 дэпутатаў выбраны. Пры захаванні адпаведных патрабаванняў заканадаўства тут праведзена тайнае галасаванне па вылучэнні на пасаду старшыні сельскага Савета Браніслава Невяроўскага.


Браніслаў Зыгмундавіч — мясцовы жыхар. Ён вядомы дэпутатам не толькі як нядаўні дырэктар Слабадской школы, які актыўна займаўся выхаваннем дзяцей і добраўпарадкаваннем установы, але і актывіст у грамадскай рабоце, нераўнадушны да патрэб вяскоўцаў кіраўнік, аўтарытэтны чалавек, краязнаўца. Гэтыя якасці гарантавалі яму адзінадушную падтрымку.
Намеснікам старшыні на грамадскіх пачатках выбрана Вольга Рамза.


У рабоце сесіі прымала ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Яна нагадала дэпутатам і наноў выбранаму кіраўніцтву сельскага Савета, што Узмёншчына мае асаблівы статус у раёне, гэта своеасаблівыя ўязныя вароты на Міёршчыну. Тут павінны клапаціцца пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў і вытворчых аб'ектаў, стварэнне належных умоў для жыцця насельніцтва і гаспадарлівасць тутэйшых жыхароў.


Марыя Мікалаеўна выказала словы падзякі за працяглую плённую працу на пасадзе старшыні Узмёнскага сельскага Савета Таццяне Смулько і ўручыла ёй ад імя раённага Савета сувенір. Дэпутаты сельскага Савета пажадалі Таццяне Сяргееўне заслужанага адпачынку і дапоўнілі словы ўдзячнасці за супрацоўніцтва падарункам — маляўнічай дэкаратыўнай вазай.


***
Старшынёй Дзісенскага гарадскога Савета дэпутатаў выбраны Яўген Баран, а яго намеснікам — Святлана Палячэнка.
Узначальвае Завуццеўскі сельскі Савет новага склікання Аляксандр Качан пры падтрымцы намесніка Васіля Кухцінскага.
Дэпутаты Міёрскага сельскага Савета прагаласавалі за старшыню Галіну Шынкевіч, яе намеснікам стала Валянціна Пальчэўская.
Арганізацыйная сесія Мікалаёўскага сельскага Савета кіраўніком сельсавета выбрала Анатоля Кудрашова, намеснікам старшыні — Наталлю Белазорчык.


Пасля выбараў Новапагосцкі сельскі Савет па-ранейшаму ўзначальвае Раіса Гернат, яе намеснікам выбраны Генадзь Хахель.
Ля руля мясцовай улады ў Перабродскім сельсавеце засталіся старшыня Савета Віктар Дзеравянчык, яго намеснік — Леанід Касаты.
Сесія Туркоўскага сельскага Савета выбрала старшынёй Пятра Ціхановіча, намеснікам старшыні — Алёну Дуброўскую.
Дэпутаты Язненскага сельскага Савета даверылі кіраўніцтва мясцовай уладай, як і ў папярэднім скліканні, старшыні Валянціне Фядзьковіч, намеснікам яе застаўся Уладзімір Пашковіч.

Фота аўтара.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.