Пресс-конференция предшествовала экологическому фестивалю в Миорах
gazeta 19-09-2017, 15:34 890 Афіцыйна
Экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" за шэсць гадоў набыў папулярнасць сярод мясцовага насельніцтва, стаў вядомы далёка за межамі раёна. Уласцівую святу незвычайна цёплую атмасферу нават халодны дождж не можа астудзіць. Фестываль пры любым надвор'і не проста радуе, а здзіўляе шматлікіх удзельнікаў і гасцей. З найлепшымі ўражаннямі вярнулася дадому і дэлегацыя з Апочкі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Пралогам да святочнага дня стала прэс-канферэнцыя ў зале пасяджэнняў райвыканкама з удзелам старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, кіраўніка Апочацкага раёна Юрыя Ільіна, яго намеснікаў і кіраўнікоў сельскіх пасяленняў.
Вітаючы пачэсных гасцей, старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў нагадаў, што Ельня — гэта цэлы азёрна-балотны комплекс з рэдкімі відамі раслін і жывёл. Тут вялікія запасы журавін і месца прыпынку ў верасні некалькі тысяч мігруючых журавоў. Прыродныя перавагі і натхнілі на думку шэсць год таму заснаваць фестываль экалагічнага накірунку. Пры падтрымцы прафесійных эколагаў і нераўнадушных да прыроды людзей ідэя рэалізавалася. Мяркуючы па тым, колькі гасцей цікавяцца святам і якія застаюцца ўражанні, намаганні не дарэмныя. Мерапрыемства не толькі спрыяе рэкламе. Развіваецца экалагічны турызм, усталёўваюцца сувязі паміж народамі суседніх краін і ўзнікаюць ідэі новых праектаў. Усё гэта накіравана на развіццё раёна, паляпшэнне ўзроўню жыцця, адзначыў Ігар Валер'евіч.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" ўваходзіць у пяцёрку самых унікальных у рэспубліцы, створаных за апошняе дзесяцігоддзе. Значнасць і каштоўнасць яго, перш за ўсё, у імкненні захаваць экалагічную спадчыну, мясцовыя традыцыі, памнажаць культурныя набыткі.
Шчыра дзякаваў за запрашэнне і магчымасць прасякнуцца духам міёрскага краю, увачавідкі пабачыць яльнянскія краявіды і паспрабаваць на смак мясцовыя журавіны кіраўнік Апочацкага раёна Юрый Ільін. У чэрвені ён сустракаў міёрскую дэлегацыю на сваёй зямлі, дзе адбываўся экалагічны фестываль "Рака Вялікая". Тады абодва бакі знайшлі шмат агульнага і сышліся ў думцы, што дружбу трэба працягваць, дзелавыя адносіны — падтрымліваць. Падпісалі пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Ігар Валер'евіч і Юрый Артамонавіч упэўнены, калі ёсць добразычлівыя суседскія стасункі, лёгка абменьвацца цікавым вопытам, рэалізоўваць сумесныя экалагічныя, сацыяльныя праекты, зберагаць прыроднае багацце, развіваць гандлёвыя, культурныя, спартыўныя і маладзёжныя сувязі. Такім чынам і адказалі на пытанне журналістаў, што ўяўляе найбольшы інтарэс для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
У ходзе прэс-канферэнцыі старшыня Міёрскага райвыканкама падзяліўся планамі развіцця экалагічнага бізнесу, паслуг заказніка "Ельня" і іншымі.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.