Пенсии для участников ликвидации последствий катастрофы на ЧАЭС

 Пенсіённае забеспячэнне асоб, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і членаў іх сем'яў праводзіцца з улікам норм, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый" (далей — Закон аб ЧАЭС). 

Права на пенсію па ўзросце з улікам умоў i норм, прадугледжаных артыкуламі 32 і 33 Закона аб ЧАЭС, прадастаўляецца пры наяўнасці працоўнага стажу не менш за 20 гадоў у жанчын і не менш за 25 гадоў у мужчын, пры ўмове выплаты абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні не менш за 15 гадоў 6 месяцаў (далей страхавы стаж працы). З 1 студзеня 2017 года названы стаж працы штогод з 1 студзеня павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў.


Паводле артыкула 32 Закона аб ЧАЭС пенсіі па ўзросце ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый прызначаюцца са зніжэннем агульнаўстаноўленага ўзросту:


— для асоб, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай АЭС у межах дзесяцікіламетровай зоны ў 1986 годзе або не менш за дзесяць сутак у 1987 годзе, — на 10 гадоў;


— для асоб, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986-1987 гадах у межах зоны адчужэння (акрамя занятых у 10-кіламетровай зоне), i ўдзельнікаў ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый, названых у падпунктах 3.1.-3.4. пункта 3 артыкула 13 Закона аб ЧАЭС, пры ўмове наступлення інваліднасці, незалежна ад яе прычыны (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап'янення, членашкодніцтва) — на 5 гадоў.


Права на пенсіі пацвярджаюць: пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (з прадастаўленнем ільгот па артыкуле 19 Закона аб ЧАЭС); дакументы, якія засведчваюць факт (1986 г.) ці перыяд (1987 г.) працы ў межах 10-кіламетровай зоны.


Адпаведна пункту 26 Палажэння аб парадку пацвярджэння і вылічэння стажу работы для назначэння пенсій, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 24.12.1992 № 777 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў ад 06.04.2017 № 257) (далей — Палажэнне), час працы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у межах 10-кіламетровай зоны пацвярджаецца даведкамі працадаўцаў, у якіх захоўваюцца першасныя дакументы аб гэтай рабоце, а таксама даведкамі архіўных устаноў. Павінны быць указаны перыяды ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, зона радыёактыўнага забруджвання, назва населеных пунктаў, дзе працавалі, першасныя дакументы, паводле якіх выдадзена даведка. Падставай для выдачы могуць служыць таксама камандзіровачнае пасведчанне з адзнакай аб знаходжанні ў адпаведных зонах, ваенны білет і іншыя дакументы з неабходнымі звесткамі.


Права на датэрміновую пенсію па ўзросце на 10 гадоў раней агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту даецца таксама грамадзянам, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, інвалідам па прычыне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ці іншых радыяцыйных аварый (артыкул 33 Закона аб ЧАЭС). Пры гэтым мужчынам яна прызначаецца пры стажы працы не менш за 20 гадоў, жанчынам — ад 15 гадоў 6 месяцаў. Пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, названы стаж працы штогод з 1 студзеня павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў.


Пачынаючы з 1 студзеня 2017 года ўзрост, які дае права на пенсію адпаведна частцы першай артыкула 33 Закона ЧАЭС, павышаецца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 53 гадоў, жанчынамі 48 гадоў.
Дадаткова да пенсіі ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС прызначаюцца надбаўкі:
« тым, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986-1987 гадах у зоне эвакуацыі (адчужэння) або быў заняты на эксплуатацыі або іншых работах на ўказанай станцыі (у тым ліку часова накіраваным і камандзіраваным), уключаючы ваеннаслужачых i ваеннаабавязаных, прызваных на спецыяльныя зборы i далучаных да работ, звязаных з ліквідацыяй наступстваў гэтай катастрофы, і ўдзельнікам ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый — 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;


« удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1988-1989 гадах у зоне эвакуацыі (адчужэння) або занятым на эксплуатацыі і іншых работах на ўказанай станцыі (у тым ліку часова накіраваным і камандзіраваным), уключаючы ваеннаслужачых i ваеннаабавязаных, прызваных на спецыяльныя зборы i далучаных да работ, звязаных з ліквідацыяй наступстваў катастрофы — 25 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.


Ірына ІВАНОВА, начальнік аддзела пенсіённага забеспячэння
і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.