Прэзідэнт адзначыў, што барацьбу з наркаманіяй неабходна весці на такім узроўні, каб і думак не ўзнікала займацца збытам небяспечнага зелля. Пакаранне павінна быць непазбежным, судовае рашэнне – справядлівым, а прафілактыка – эфектыўнай. Такія тры кіты паспяховага супрацьдзеяння распаўсюджанню наркотыкаў. Гэта тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні ў Прэзідэнта.
Па статыстыцы, кожны дваццаты жыхар планеты спажывае наркотыкі. Штогод ад іх гінуць звыш 200 тысяч чалавек. Насельніцтва вялікага горада! Не абышла навала і нашу краіну. Медыкі з жахам узгадваюць падзеі шасцігадовай даўніны, калі маладыя людзі, трапіўшы на «спайсавы кручок», калечылі адзін аднаго і паміралі ад перадазіроўкі. Пераломным момантам стаў антынаркатычны дэкрэт ад 2014 года, які спыніў распаўсюджанне спайсаў, курыльных сумесяў і іншых псіхатропаў. Адначасова павысілі крымінальную адказнасць за нарказлачынствы. У выніку за пяць гадоў іх колькасць скарацілася ў 1,5 раза, з удзелам непаўналетніх – у пяць разоў. Смяротнасць ад перадазіровак наркотыкамі ў Беларусі ў 14 разоў ніжэй, чым у Літве, і ў 72 – чым у ЗША. Сітуацыю пераламілі, але заспакойвацца рана, лічыць кіраўнік дзяржавы. Прывабная наша краіна для наркагандляроў з пункту погляду геаграфіі і лагістыкі. Таму акцэнт неабходна змясціць на барацьбу з кіраўнікамі арганізаваных груп і аптовых звёнаў наркатрафіку.
Дарэчы, толькі за мінулы год органы ўнутраных спраў перакрылі 29 каналаў і адабралі звыш 700 кілаграмаў наркотыкаў і псіхатропаў. Кіраўнік ведамства Юрый Караеў патрабуе ад падначаленых працаваць па-новаму, у тым ліку ўзмацніўшы інтэрнэт-разведку ў барацьбе з распаўсюджаннем наркотыкаў. На супрацьдзеянне наркагандлярам нацэлены ўсе супрацоўнікі: ад патрульных да ўчастковых.
Аднак найлепшы сродак барацьбы з наркаманіяй, як і з любой хваробай, упэўнены Аляксандр Лукашэнка – прафілактыка.
– Пакуль будзем змагацца толькі з наступствамі, а не з прычынамі, карэннага паляпшэння сітуацыі не даб’ёмся. Самы эфектыўны бар’ер на шляху распаўсюджання наркотыкаў – гэта іх татальнае непрыняцце грамадствам. Не будзе попыту, не стане і прапаноў. Нам гэтага трэба дабівацца. Дзейнічаць неабходна на папярэджанне па лініі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, і перш за ўсё, сям’і. Важнае значэнне мае ўдасканаленне антынаркатычнай прапаганды з улікам інтарэсаў моладзі. Разам з традыцыйнымі СМІ тут неабходна актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у падлеткаў інтэрнэт-рэсурсаў.
Па выніках нарады будзе падрыхтаваны комплексны дакумент пра далейшыя меры па супрацьдзеянні наркотыкам. У ім знойдуць адлюстраванне прапановы ўсіх зацікаўленых – ад міліцыі і пракуратуры да выкладчыкаў і ўрачоў.
Фота для ілюстрацыі.
Па матэрыялах друку.