Противодействие наркомании. Как ведется работа на Миорщине

 Стужка інтэрнэт-навін не перапыняецца: затрымалі іншаземца, які гандляваў псіхатропнымі рэчывамі, сталічнага таксіста, што распаўсюджваў наркотыкі, беглага расіяніна-наркагандляра… Пра небяспеку вяшчаюць тэлеканалы: у студзені жыхары Пінска прывезлі з Галандыі больш за 650 грамаў какаіну на продаж. 

Раней гамяльчане наладзілі яго пастаўку з Лацінскай Амерыкі ў вадкім выглядзе. Растваралі ў алкаголі, пасля выпарвалі.


Год толькі пачаўся, а ўжо адабралі больш за 10 кілаграмаў наркатычных сродкаў. Вязуць іх у Беларусь, бадай, самыя адчайныя, нягледзячы на наша жорсткае заканадаўства і бескампрамісную пазіцыю. Пра наступствы ніхто не думае, толькі пра грошы. А гэта прамая пагроза жыццю і здароўю, і ў першую чаргу — нашых дзяцей.

Мінімізаваць небяспеку на тэрыторыі раёна імкнуцца ўсе суб’екты прафілактыкі. Як спраўляліся з пастаўленай задачай летась, абмеркавалі на чарговым пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета па супрацьдзеянні наркаманіі, незаконнаму абароту наркотыкаў і звязаных з імі правапарушэннях. Ходам яго кіраваў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.


Па інфармацыі старшага оперупаўнаважанага групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Андрэя Люцкага, зладжаная сумесная работа суб’ектаў прафілактыкі дазваляе трымаць сітуацыю пад кантролем. У 2018 годзе па лініі наркакантролю выявілі два злачынствы, у адносінах жыхарак райцэнтра ўзбуджаны крымінальныя справы. Пад пільным вокам крымінальна-выканаўчай інспекцыі пяць раней асуджаных за незаконны абарот наркатычных сродкаў.


Падчас спецыяльнай праграмы “ДОПІНГ” праверылі ўмовы захоўвання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у аптэцы, рэанімацыйным і тэрапеўтычным аддзяленнях Міёрскай ЦРБ, Дзісенскай бальніцы, цэнтральнай аптэцы №111. Тэхнічная ўмацаванасць аб’ектаў у норме, парадак выдачы і спісання не парушаюцца.


Райветстанцыя, хлебазавод, мясакамбінат, камбікормавы завод, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, Міёрская ЦРБ, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці прэкурсоры, таксама не дапускаюць, каб яны траплялі ў рукі іншых асоб.


Пэўная ўвага — наркотыкам расліннага паходжання. І тут ёсць пэўныя праблемы. Пра забарону вырошчваць мак на градках і клумбах пастаянна папярэджваюць у працоўных калектывах, па месцы жыхарства насельніцтва, праз раённую газету. Аднак многія і вухам не вядуць, што гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое атрымаюць штраф. Летась у рамках спецыяльнай аперацыі “Мак” знішчылі 22,536 кг незаконных пасеваў на плошчы 17,1 м2.


На Міёршчыне ў маладзёжным асяродку ўсё спакойна. У месцах, дзе хлопцы і дзяўчаты часта бавяць час, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў не выяўлялі. Тым часам бяда блізка. Летась у Мінску 19-гадовая дзяўчына памерла на вечарынцы ад перадазіроўкі наркотыкамі. Нядаўна суд вынес прыгавор яе сябрам. Здавалася б, страшней прыкладу не трэба, каб адбіць ахвоту ад небяспечнага зелля. Аднак не. Некалькі тыдняў таму зноў у сталіцы кампанія маладых людзей арганізуе падобную вечарынку.

Непаўналетняя імянінніца запрасіла ў госці старэйшых таварышаў. Пры затрыманні ў іх адабралі гашыш і мефедрон, якіх хапіла б на масавае ўжыванне. Хлопцаў трымалі ў полі зроку праваахоўнікі, цяпер ім давядзецца адказваць па законе.


Грамадства раздзяліла наркотыкі на цяжкія і лёгкія, апошнія ў некаторых краінах легалізавалі. Агульная задача — давесці маладым, што няма ніякай культуры наркаўжывання, гэта ўбіваюць у яшчэ несфарміраваныя розумы наўмысна, каб уцягнуць у страшную сферу. Не дапусціць бяды дапаможа ўдзел кожнага. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў нацэліў суб’екты прафілактыкі на далейшую пільную работу. Праз гутаркі, “круглыя сталы”, тэматычныя дыскатэкі неабходна развейваць усялякія міфы. Буклеты і плакаты, распрацоўку і друк якіх не варта спыняць, таксама нагадваюць пра прамую пагрозу жыццю і здароўю. Праблемы наркаманіі не павінны замоўчвацца ў працоўных і школьных калектывах, у кожным доме і сям’і. 

Фота для ілюстрацыі.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.