Акция "Во славу общей Победы!" прошла в Дисне
gazeta 15-10-2019, 10:27 599 75 год ПерамогіМіжнародная акцыя памяці “Во славу общей Победы!” на Міёршчыне пачалася з Дзісны 10 кастрычніка. Раніцай гараджане сабраліся ў цэнтры горада ля брацкай магілы загінулых у гады Вялікай Айчыннай воінаў і партызан. Значнасць падзеі падкрэслівае ўдзел ва ўрачыстасці кіраўніцтва раёна і горада, членаў аргкамітэта па правядзенні акцыі.
Мітынг памяці адкрылі дырэктар гарадскога Цэнтра культуры Аляксей Астукевіч і мастацкі кіраўнік установы Ганна Чабан.
10 гадзін. Гучыць гімн. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў нагадвае пра важнасць унікальнай акцыі, што стартуе ў Дзісне напярэдадні 75-гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчынай вайне. Выказвае падзяку жыхарам горада за памяць пра ўдзельнікаў барацьбы з ворагам, пра загінулых воінаў і партызан. На ёй грунтуецца ўпэўненасць, што мінулае не паўторыцца, а нашы дзеці і ўнукі будуць жыць на мірнай зямлі. Абавязак прадстаўнікоў старэйшага пакалення – уласным прыкладам выхоўваць дзяцей і моладзь патрыётамі, любіць Радзіму.
Ваенны камісар раёна Сяргей Жабенак нагадаў: у брацкай магіле ў цэнтры горада знайшлі вечны спачын не толькі танкісты і іншыя воіны, што вызвалялі Дзісну. У пасляваенны час у два этапы праводзілася перазахаванне байцоў Савецкай Арміі з усяго наваколля, якое шчодра паліта крывёй прадстаўнікоў усіх народаў былога СССР. Непасрэдна 159-я танкавая брыгада пачала штурм горада з раніцы 30 чэрвеня 1944 года і страціла тут нямала баявых машын і асабовага складу. Дзясяткі танкістаў згарэлі ў танках, але іх імёны засталіся на граніце мемарыялу.
– Мы не забываем пра баі на Дзісенскім рубяжы ў 1941-м і пры вызваленні ў 1944-м, – засведчыў старшыня гарсавета Яўген Баран. – Вайна пакінула гораду пахаванні байцоў і мірных жыхароў, на жаль, імёны многіх невядомы і цяпер. Абавязак сучаснікаў, нас з вамі, – клапаціцца пра магілы, ушаноўваць памяць.
Выказванні дарослых пра патрыятызм, гераізм продкаў і памяць падрастаючага пакалення дапоўнілі вучні Дзісенскай СШ.
Сцвярджэннем, што ў Бога няма мёртвых, пачаў выступленне протаіерэй Васіль Мешчаракоў. З яго слоў, рай на зямлі – наша агульная згода. Памяць – агульная малітва пра тых, хто аддаў жыццё за нашу будучыню. Для гэтага і збіраецца зямля з усіх пахаванняў, з месц баявой славы, каб над ёй праводзіліся богаслужэнні ў Храме-Помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску.
Гэтую ганаровую і адказную місію на мітынгу памяці ў Дзісне выканалі старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Яўген Баран, арганізатар патрыятычных акцый у горадзе і раёне Эдуард Цярэшка і вучань Дзісенскай СШ Глеб Швядко. Па жменьцы зямлі з брацкай магілы яны насыпалі ў спецыяльна прыгатаваны мяшэчак.
Мітынг завяршыўся ўскладаннем кветак да помніка, хвілінай маўчання.
***
Мінулая вайна пакінула ў Дзісне нямала жалобных месц. Адразу пасля мітынгу дэлегацыя з яго ўдзельнікаў наведала ўсе. На кожным поўніліся зямлёй мяшэчкі.
Аднымі з першых ахвяр вайны сталі яўрэі, іх пахаванні самыя масавыя. Не можа пакінуць раўнадушным сам выгляд мемарыялу па 3,8 тысячы бязвінных ахвяр нямецка-фашысцкага генацыду, што ў сасонніку. Калі ж нагадаць нібы зусім бытавыя падрабязнасці масавага расстрэлу дзяцей, жанчын, старых, які доўжыўся з раніцы да змяркання 14 чэрвеня 1942 года – і цяпер жудасна… А тады, па словах відавочцаў, зямля над брацкай магілай варушылася некалькі дзён.
Захопнікі не шкадавалі нікога. У тым жа сасонніку магілы мірных жыхароў. Да правядзення памятных мерапрыемстваў ля іх запрасілі намесніка дырэктара Дзісенскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Алену Конах, яна праўнучка аднаго з расстраляных – Ігната Касатага. Апавядала: фашыстам стала вядома, што да прадзеда ноччу наведваліся партызаны, пакінулі яму стомленага каня, узялі ў яго другога. Ці быў гэты візіт невыпадковым, і цяпер невядома…
Алена Леанідаўна выказала падзяку, што пахаванні ахвяр вайны даглядаюць не толькі члены сем’яў, клапоцяцца пра іх мясцовыя ўлады, грамадскасць.
Магіла на вуліцы Піянерскай нагадвае, як захопнікі ўсталёўвалі «новы парадак» на нашай зямлі. Па выдуманай прычыне аб пашкоджанні кабеля сувязі немцы схапілі ў цэнтры Дзісны дзесяць заложнікаў і прыгразілі іх расстраляць, калі вінаватыя не аб’явяцца самі. Хто мог з’явіцца! Адбылася акцыя застрашвання.
На магіле
партызана
Мітынг памяці на могілках вёскі Вянужжа ў Туркоўскім сельсавеце правялі навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Вольга Пупіна і відэадэманстратар кінавідэасеткі Аляксей Рачыцкі. Пахаванне партызана Антона Кураша дагледжанае, цяпер у акружэнні палымяных асенніх клёнаў і дубоў. У гэтым цудоўным месцы старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава гаварыла пра страшэнны след вайны, які павінен застацца найперш у памяці маладых.
Райваенкам Сяргей Жабенак нагадаў пра блакаду партызанскай зоны, што вогненнай навалай пракацілася з вясны да пачатку лета 1944 года па гэтых мясцінах. І цяпер чуем успаміны жывых узельнікаў тых падзей, але іх ужо адзінкі. Галоўнае пажаданне былых франтавікоў і партызан нашчадкам – каб ім не давялося перажыць жахі вайны.
Старшыня Туркоўскага сельвыканкама Пётр Ціхановіч нагадаў жалобную статыстыку: больш за шэсць дзясяткаў землякоў не вярнулася з франтоў мінулай вайны, 39 мірных жыхароў расстралялі, нямала зведалі фашысцкую няволю. Пры гэтым тутэйшыя вёскі папаўнялі байцамі часці Савецкай Арміі, партызанскія атрады і брыгады. І Антон Кураш спяшаўся папярэдзіць баявых таварышаў-партызан аб набліжэнні карнікаў напярэдадні блакады ў сакавіку 1944-га. Варожая куля яго спыніла…
Зямлёй з магілы партызана напаўнялі мяшэчак старшыня раённага Савета Марыя Баніфатава, старшыня Туркоўскага сельвыканкама Пётр Ціхановіч, пяцікласнікі мясцовай школы Насця Сташкевіч і Валодзя Скубановіч.
Фотаматэрыял аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.