Працяглы час двойчы за год – на Дзень Перамогі і Дзень вызвалення краіны – святочныя дэманстрацыі ўзначальвалі ў райцэнтры ветэраны Вялікай Айчыннай – партызаны і падпольшчыкі, франтавікі.
Іх вылучалі баявыя і працоўныя ўзнагароды. Больш за дзве тысячы нашых землякоў са зброяй ў руках змагаліся з ворагам. Яны заўсёды былі сярод паважаных людзей за баявыя заслугі, працоўныя дасягненні на мірнай ніве, поспехі ў адраджэнні і станаўленні народнай гаспадаркі. Назваць усіх па імені проста немагчыма. А пабачыць дазваляюць рэпарцёрскія здымкі з архіва рэдакцыі. На масавым фота, якое прапануем вашай увазе, – удзельнікі вайны, якія святкавалі 45-годдзе Перамогі ў дзіцячым санаторыі “Расінка”. У 1990-м іх было яшчэ шмат.
Мінула толькі дзевяць гадоў. У аб’ектыў трапіла ўжо не шматлікая частка калоны, затое на здымку ветэраны буйным планам. Успомнім іх, нагадаем добрыя справы і падзякуем за ПЕРАМОГУ, за ВЫЗВАЛЕННЕ, за наша мірнае сёння. Цяпер, калі саміх пераможцаў усё менш, у строй акцыі “Беларусь памятае” ўдзячныя нашчадкі бяруць фота сваіх гераічных продкаў. Яны – ПЕРАМОЖЦЫ!
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.