Жителям Миорщины вручили медали "75 лет освобождения Беларуси ..."

 У сярэдзіне чэрвеня жыхарам Міёрскага раёна ўручалі юбілейныя медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Ганаровую місію выконвалі ваенны камісар Сяргей Жабёнак, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка. 

Кожнага з васьмі ўдзельнікаў баявых дзеянняў ці прыроўненых да іх асоб, 14 вязняў фашысцкіх канцлагераў наведалі па месцы жыхарства. Да дзяржаўных узнагарод далучылі словы віншавання і падзякі за ўклад у перамогу над ворагам, падтрымалі і паспачувалі за перанесеныя пакуты.

Міярчанку Лідзію Багданаву многія старэйшыя жыхары раёна памятаюць па рэгістратуры паліклінікі, дзе яна працавала на працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў, аддаючы хворым сваю ўвагу і душэўную цеплыню. Мала хто ведаў, што Лідзія Аляксандраўна – былая партызанка атрада № 2 брыгады Дубава. З верасня 1943 і да вызвалення ў выніку аперацыі “Багратыён” змагалася з ворагам са зброяй у руках. Пры правядзенні баявых аперацый сотні кіламетраў прайшла небяспечнымі ляснымі сцежкамі.


Глафіра Качан была членам падпольнай камсамольскай арганізацыі, агентурнай разведчыцай, байцом атрада № 3 4-й Беларускай партызанскай брыгады, цудам уратавалася ў час карнай блакады, перажыла фашысцкую няволю.


У партызанскім атрадзе імя Кірава 1-й Дрысенскай партызанскай брыгады змагаўся з ворагам Уладзімір Мароз, цяпер пастаялец Дзісенскага аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН.


 Жыхар Дзісны Яўграф Касаты (на здымку на першай старонцы) ў час вайны дзейнічаў на самым небяспечным участку перадавой лініі – ён знішчальнік танкаў. У ліпені 1944-га сталі франтавікамі цяперашні жыхар Наўгарод Іаан Лушчонак і міярчанін Антоній Рубанік, адзін баец Чырвонай Арміі, другі – Войска Польскага.


Валянціна Сялюк паходзіць з Докшыцкага раёна, была вывезена ў Германію. Пасля вызвалення з канцлагера яе прызвалі ў армію, а пасля кароткатэрміновых курсаў рэгулявала рух транспарта ў франтавым Берліне.


Не давялося ваяваць міярчаніну Аляксандру Лапечанкаву, аднак яго юнацтва не менш небяспечнае: на роднай Смаленшчыне пасля вызвалення быў размінёрам, выявіў і абясшкодзіў сотні варожых мін.


Франтавікам і партызанам кожная гадзіна баявых дзеянняў пагражала смерцю. Напоўнены пакутамі і здзекамі, атручаны дымам крэматэрыяў кожны дзень для вязняў фашысцкіх канцлагераў. А гэта пераважна жанчыны, дзяўчаты, дзеці.


Сярод тых, хто добра памятае жах няволі, Лідзія Аланцьева з Міёр і Яўгенія Окунь з Пякоціна. Іх вывезлі ў Германію дарослымі. Былі непаўналетнімі, аднак працавалі як паўнацэнныя работнікі Тамара Пашкевіч з райцэнтра і Марыя Шарснёва з Новага Сяла. Людмілу Бялевіч з Чапукоў, якая нарадзілася ў няволі, хутчэй за ўсё чакаў лёс малалетняга донара для гітлераўскіх ваяк.


Цяжкае мінулае цяперашніх міярчан Еўдакіі Івінай, Дзіаны Крук, Лідзіі Пугаўка, Уладзіславы Томка і Данііла Платонава, Валянціны Гугала з Малявак, Валянціны Корсак з Блажак, Лідзіі Якіменка з Дзісны, Зінаіды Аўсюк з Узмён.


Цяжар баявых дзеянняў амаль усё жыццё суправаджаў многіх з іх у пасляваенны час, ускладняў працэс вяртання да звычайнага мірнага існавання. Не выпадкова Дзень Перамогі, як і гадавіну вызвалення, называюць святам са слязьмі на вачах.
Беларусь заўсёды ўдзячна тым, хто выстаяў у самай жорсткай вайне, якую пазнаў свет, адолеў навалу, аднавіў краіну. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.