О своём отце, участнике войны Павле Сиповиче рассказывала жительница Миор

 “Бей врагов и приходи скорей домой!” – няўмела пісала вугалём па шафе шасцігадовая дзяўчынка Ніна, чакаючы з вайны тату. Калі вярнуўся, не пазнала яго.

Пра свайго бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Канстанцінавіча СІПОВІЧА расказвае жыхарка Міёр, псаломшчыца мясцовага храма Ніна Смулькевіч:

– НАРАДЗІЎСЯ тата ў 1912 годзе ў вёсцы Дворышча Новапагосцкага сельсавета. У сям’і раслі трое хлопцаў. Малодшы Мікалай загінуў на фронце ў першыя дні вайны. Юстын трапіў у Польшчу, там і застаўся жыць.


Тату забралі на вайну ў 1942-м. Спачатку ваяваў на тэрыторыі Беларусі. Затым пад Сталінградам. Там быў цяжка паранены. Пасля лячэння ў шпіталі змагацца з ворагам не мог – нага балела. Пакінулі працаваць на заводзе. Узбраенне выраблялі, але дакладна не скажу якое. Пісаў пісьмы дадому.


Калі вярнуўся, мне восем год было. Гуляла на вуліцы. Бачу, хтосьці да нашага дома ідзе. “Там нейкі салдат,” – прыбегла з навіной да мамы. А яна глядзіць і кажа: “Дык гэта ж твой бацька!”.


ТАТА часта хварэў. Нагадвалі пра сябе раненні. Людзі ў нашай вёсцы добрыя былі, чулыя. Дапамаглі новы дом пабудаваць. Разлічваліся з імі зернем, якога многа мелі. У 1950 годзе сястра Раіса нарадзілася.


Работы тата не баяўся. Быў брыгадзірам у калгасе, затым конюхам. Калі здароўе пагоршылася, пайшоў у вартаўнікі.
У сям’і шчыра верылі ў Бога. Тата вазіў нас на кані ў Новы Пагост у царкву. Ад нашай вёскі туды сем кіламетраў. Доўга турбаваў яго адзін грэх. Яшчэ хлопцам выпадкова ўбачыў як яго бацькі падабралі з дарогі залатыя манеты, што згубіў прахожы, і забралі сабе. Таго чалавека ён ведаў. Хацеў выправіць бацькоўскую памылку. Падчас споведзяў у царкве пра гэта расказваў. Калі стаў пенсію атрымліваць, назбіраў патрэбную суму і аддаў доўг сваякам таго вяскоўца. У хуткім часе таты не стала. Памёр у 1969 годзе.


Запісаў Аляксандр РЫНКЕВІЧ,

супрацоўнік музея.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.