Авторизация
 

Уладзіслава ТОМКА з Міёраў бачыла вайну за агароджай лагера для палонных

 Розным паўстае ваеннае ліхалецце ў памяці відавочцаў. Адны прыгадаюць халодныя зямлянкі ў лесе, іншыя раскажуць пра бяссонныя ночы ў шпіталях і цяжкія раны салдат, у кагосьці перад вачыма асляпляльнае святло пражэктараў на подступах да Берліна. Міярчанка Уладзіслава ТОМКА бачыла вайну за агароджай лагера для палонных.

Па дакументах, дата нараджэння Уладзіславы Станіславаўны – 11 мая 1928 года. У гэты дзень дзяўчынку хрысцілі. А на свет з’явілася двума днямі раней. Тады ніхто не ведаў, чым стане 9 мая ў гісторыі.

СТАЯЎ цёплы летні дзень. Мала каго ў вёсцы сустрэнеш. Сяляне на палетках ды ў агародах. Дапытваць, дзе хаваюцца сямёра яўрэяў, што ўцяклі ад расстрэлу, немцы сталі ў трынаццацігадовай Уладзіславы і яе малодшага суседа. Дзеці разам гулялі на вуліцы. Уцекачоў не выдалі. Пасля брат Улады вывеў яўрэяў з Марцінаўцаў у Пераброддзе.


Дзяўчыну-падлетка разам з васьмігадовым сябрам варожыя салдаты забралі.
– Прывезлі нас у Глыбокае. Там колькі дзён пабылі – адправілі на цягніку ў Германію. Трапіла ў лагер у Франкфурт-на-Майне, – расказвае былая палонная. – Тэрыторыя вялікая. Людзей шмат. У дзяцей кроў бралі. Пасля іх, нібы смецце, з машыны выгружалі. Я толькі аднойчы на такую працэдуру трапіла. Галадалі. Калі што дадуць паесці, а калі і днямі без ежы.


З ЮНАЦТВА Уладзіслава Станіславаўна не п’е малако. Калі пешшу вярталіся дадому, убачыла па дарозе, што ў збанах з малаком, якое прадавалі гаспадыні, жабы плаваюць. Іх запускалі, каб прадукт даўжэй свежым заставаўся. У няволі дзяўчыне даводзілася жаб спрабаваць. Імі карміла дзяцей палонная францужанка. Трэба было выжываць.


 Уратавацца ад смерці Уладзіславе дапамагла яўрэйская мова. Добра яе ведала. Гэтая мова да нямецкай падобная, таму разумела чужую гаворку. Падслухвала, калі кроў браць будуць, і папярэджавала пра гэта палонных. Пасля наглядчык лагера забраў дзяўчыну да сябе. Даглядала двух яго дзяцей. Малыя прыхільна ставіліся да нянькі, слухаліся яе.


Дома ў гаспадара жылося лягчэй. Па просьбе Уладзіславы ён даведаўся, што яе родны брат-франтавік таксама ў Франкфурце-на-Майне ў палоне, дазваляў ежу яму насіць. На развітанне падарыў залаты ланцужок з кулонам. Пасля аддала яго старэйшай дачцэ, калі тая замуж выходзіла.


ЯШЧЭ ў лагеры цыганка напрарочыла Уладзе, што дадому яны з братам вернуцца ў адзін дзень. Яна раніцай, а хлопец увечары.
– Тры месяцы ішла дадому пешшу, – гаворыць субяседніца. – Маці ў агародзе бульбу капала. Убачыла, што нейкая дзяўчына ідзе. Не адразу мяне пазнала. Усю вайну бацькі не ведалі, жывая я ці не. Вечарам таго дня і брат вярнуўся.


Збылося прадказанне пра “парных” дзяцей. Дочкі Марыя і Валянціна ў Міёрах жывуць. Сын Антон у Мінску, малодшы Іван у Верхнядзвінску. Дарослыя ўнукі, дачакалася праўнукаў. Не падманула цыганка пра доўгае жыццё. Уладзіславе Станіславаўне ідзе дзевяноста другі год. Сама ў хаце парадкі наводзіць, гародчык садзіць і даглядае. На здароўе не скардзіцца, толькі чуе дрэнна. Слых пагоршыўся пасля 45 год працы на шумным абсталяванні камбікормавага завода.


– Пасля палону дома цяжка было работу знайсці. Як на ворага глядзелі, нібы я па сваёй волі ў Германію на заробкі паехала, – кажа яна. – З часам усё наладзілася. Жыллё ад прадпрыемства атрымала. Так і засталася ў гэтым доме насупраць завода. Унук дапамагае, дачка штодня наведваецца, яна таксама на гэтай вуліцы жыве.


ДЗЕНЬ вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як і свята Перамогі, для Уладзіславы Станіславаўны значыць шмат. Удзельнічае ў гарадскіх урачыстасцях, прымае віншаванні ад родных. Толькі ваенныя фільмы і тэлеперадачы, якіх шмат паказваюць у гэты час, не глядзіць. Не хоча варушыць цяжкае мінулае. Лепш азірнуцца навокал: на чыстае сіняе неба, белыя кветачкі на бульбяных каліўях, шэрага ката, што грэецца на сонцы, усмешкі прахожых, – і парадавацца добраму мірнаму дню. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта