Авторизация
 

Пра тату-франтавіка Аляксея Лося расказвае дачка

 Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Аляксандравіч Лось родам з вёскі Шыцікі цяперашняга Глыбоцкага раёна. Таго мястэчка ўжо няма. Больш за 20 год, як не стала салдата-франтавіка. А памяць пра яго жыве.

Пра свайго бацьку расказвае міярчанка Таццяна Аляксееўна Мінчына:
– Тата рос у шматдзетнай сялянскай сям’і. У яго былі тры браты і сястра. Жылі бедна. Зямлю мелі, але яна не была шчодрай на ўраджай. Успамінаў, калі вясной выводзілі ў поле карову, падвязвалі яе лейцамі, каб не валілася ад слабасці.


15 год было тату, калі пачалася вайна. Немцы ў іх вёсцы не стаялі. Бывалі толькі наездамі. Пастаянна знаходзіліся ў мястэчку паліцаі.


Дзядуля Аляксандр быў звязаны з партызанамі. Па яго заданні тата таксама часам бегаў на сустрэчы, штосьці перадаваў. На іх данеслі. Прыехалі немцы. Але сям’ю паспелі папярэдзіць. Хтосьці з дзяцей схаваўся ў хляве, тата з братам – у хаце пад печчу. Нямецкі салдат зазірнуў туды, але хлопцаў не заўважыў. Стрэліў – кулі праляцелі міма. За дзядулю заступіўся мясцовы святар. Сказаў, што інфармацыя пра сувязь яго сям’і з партызанамі несапраўдная. Яго паслухаліся і адпусцілі. Так дзядулю ўратавалі жыццё.


Калі вызвалілі Беларусь, тату было 18 і ён сам папрасіўся на фронт. Пайшоў ваяваць 22 чэрвеня 1944 года. Добра страляў, таму трапіў у стралковую дывізію. Мне не казаў, што быў снайперам. Пра гэта даведалася пасля.


Пра вайну тата расказваў няшмат. Гаварыў, што значных баёў падчас наступлення не было. Змагаліся з кучкамі немцаў, якія не хацелі здавацца. Аднойчы з сябрам пайшлі здабываць ежу. Па дарозе назад заўважылі нямецкага афіцэра, які хаваўся. Прывялі да свайго камандзіра. Той сказаў, што напіша прашэнне, каб салдат прадставілі да ўзнагароды. На наступны дзень камандзір загінуў. Тады ўзнагароду тата не атрымаў. Меў медаль “За адвагу”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.


Самы вялікі яго бой – за Будапешт. Параніла асколкамі ў правую нагу і ў галаву. Урачы хацелі адняць нагу. Адзін з іх параіў пачакаць: можа быць, гангрэна не пачнецца. Тата заўжды з удзячнасцю ўспамінаў таго доктара. Доўга не мог ступіць на параненую нагу. Урач расказаў, што трэба рабіць, каб паправіцца. Частку асколкаў дасталі, але не ўсе. Засталіся і ў назе, і ў галаве. Усё жыццё пражыў з імі.
Дадому вярнуўся ў пераможным маі 1945-га. Дабіраўся доўга. Пачыналася мірнае жыццё. Толькі ў лясах засталіся бандыты. Дзядуля і тата дапамагалі ў вышуку.


Пасля вайны скончыў бухгалтарскія курсы, працаваў брыгадзірам у калгасе, сакратаром у сельсавеце. У 1969 годзе прызначылі дырэктарам дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у Празароках. На заслужаны адпачынак пайшоў у 69 гадоў, а ў 70 таты не стала. Запомніла яго актыўным, вясёлым чалавекам. Ён добра ладзіў з людзьмі, меў шмат сяброў і знаёмых.


Дзень Перамогі ў нашай сям’і заўсёды быў святочным. У гэты час у вёсцы садзілі агароды. А тата казаў: пасадзіць паспеем, а ў свята працаваць не будзем. Прыходзіў на вясковы мітынг, ездзіў па месцах баявой славы. Часта браў мяне з сабой. Менавіта тата прывіў мне павагу да свята 9 мая, навучыў быць удзячнай абаронцам нашай радзімы. І цяпер у гэты дзень не застаюся дома. Іду на мітынг, наведваю магілу таты. Аддаю даніну памяці ўсім, хто ваяваў за мір.


Запісаў Аляксандр РЫНКЕВІЧ,
супрацоўнік музея.


Фота з асабістага архіва
Таццяны МІНЧЫНАЙ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта