Витольд Ермалёнок из Миор вспоминает о родных воинах-фронтовиках

 "Беларусь памятае!" У гэтай рубрыцы прапануем чытачам расказаць пра сваіх родных, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Якія ўспаміны перадаюцца пра іх у вашым родзе? Што захоўваецца ў сямейным архіве: фотаздымкі, лісты-трохкутнічкі, узнагароды, даведкі пра раненні? Чакаем вашых пісьмаў-аповедаў на электронны адрас mijer_nav@cmi.by.

Настаўнік і стваральнік музеяў СШ № 3 імя Я. Томкі Вітольд ЕРМАЛЁНАК добра ведае гісторыю краіны і рэгіёну, гэта прафесійнае. Ёсць і асабістая зацікаўленасць мінулым. Яна звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод дамашніх здымкаў — фота блізкіх людзей з узнагародамі ці ў вайсковай форме. Захоўваецца пасляваенны бацькаў фрэнч армейскага ўзору, які апранаў толькі да 23 лютага і 9 мая. Занатаваны ўспаміны.

— Вайна закранула маю сям’ю ў поўнай меры, — апавядае Вітольд Антонавіч. І паказвае здымак бацькі Антона Міхайлавіча, сталага чалавека з ордэнам Айчыннай вайны і мноствам медалёў на грудзях. Нарадзіўся ён у 1911 годзе ў вёсцы Жэймяны на Браслаўшчыне. Адслужыў у польскай кавалерыі, потым працаваў на зямлі. Як пачалася Вялікая Айчынная, мабілізаваць на фронт адмовіліся, бо паведаміў, што бацьку і сястру саслалі ў Сібір. Пры акупацыі халасцякам і незамужнім пагражаў вываз у Нямеччыну, таму тэрмінова ажаніўся на суседцы. Яму быў 31 год, ёй — 17. Здавалася, ніякіх рамантычных пачуццяў у абодвух, толькі разлік уратавацца. Аднак у міры і згодзе пражылі разам усё жыццё.


Але вайна неадступна ішла следам. Вызваленне родных мясцін ад нямецкай навалы прыйшлося на першыя дні ліпеня 1944-га, а ўжо 10.07 Антона Міхайлавіча, траіх братоў маці і мужчын-суседзяў адпаведнага ўзросту паклікаў палявы ваенкамат. Не паўставала пытання, дзе будуць служыць каталікі па веравызнанні з веданнем польскай мовы. Бацька трапіў у 36-ы Лужацкі полк 8-й Дрэздэнскай дывізіі 2-й арміі Войска Польскага. Пасля непрацяглай вучобы пад горадам Горкім у глыбіні Расіі скіраваліся на фронт.


 Вітольд Антонавіч са спасылкай на бацьку расказвае некалькі эпізодаў з армейскага жыцця, якія паўплывалі на ўсе далейшыя падзеі. Нават на лёс салдата. Па-першае, была ўлічана ўзнагарода, якую Антон Міхайлавіч атрымаў яшчэ ў 1931 годзе ў час тэрміновай службы ў польскім войску. Тады яму ўручылі кубак за трапную стральбу з каня. Цяпер прызначылі снайперам. Гэта значыць, у час бою здаля страляў па амбразурах варожых агнявых кропак, паляваў за кулямётчыкамі і не хадзіў у атаку ў першых радах. Верагоднасць выжыць была большай.
Аказалася, з усёй роты толькі Антон Міхайлавіч меў гадзіннік. Асабліва ён патрабаваўся лейтэнанту-камандзіру. Той настойліва прасіў прадаць за любыя грошы. Але салдат зрабіў мудра — надзейны кішэнны хранометр афіцэру падарыў. І набыў апекуна-прыхільніка.
Пра атмасферу ў падраздзяленнях красамоўна сведчыць такі факт. Салдатам выдалі форму з арлом на какардзе, але “птушка” была без кароны, як у Рэчы Паспалітай. І жалнежы павыразалі сабе арлоў з каронамі з бляхі. Не хацелі прысягаць новай уладзе, таму трапілі ў пачатку 1945 года на фронт без гэтага армейскага рытуалу. Наперадзе чакалі самыя напружаныя баі канчатковага перыяду вайны.
Да перадавой падраздзяленні Войска Польскага рухаліся пешшу. Ужо добра чулася кананада, зарывам палала неба, калі спыніліся на апошнюю начоўку. На вуліцы холадна, у хату набілася бітком салдат, ні дыхнуць. Сон не ішоў да Антона Міхайлавіча, ён прапанаваў чатыром таварышам пакурыць. Адышлі ад будыніны колькі дзясяткаў метраў, калі ў яе трапіў адзіны выпадковы снарад.


Фарсіраванне Нісы было цяжкім, страты вялікія. Хапала спраў і снайперу. Аднак у самы напружаны перыяд бою камандзір накіраваў Антона Міхайлавіча ў штаб, з якім не было сувязі, з данясеннем. Пакуль ён адолеў тыя пяць кіламетраў пешшу, рота паменела ўдвая.
Цяжкія баі ішлі за горад Ротэнбург на Берлінскім напрамку. Немцы прыпынілі савецкія танкі, якіх падтрымлівала польская пяхота. Тады савецкі афіцэр-танкіст запатрабаваў ад польскага камандзіра роты накіраваць на кірху снайпера, адзінага, у каго была надзейная оптыка. Ён павінен быў зверху выявіць замаскіраваныя агнявыя кропкі немцаў і азначыць іх трасіруючымі ці запальнымі кулямі. Усе разумелі, што гэта азначае для салдата, але загад трэба выконваць.


Антон Міхайлавіч узабраўся на вышыню, паспеў зрабіць толькі тры стрэлы. Ачуняў з цёмным: кірхі няма, сам ляжыць на руінах, непадалёку чуваць нямецкая гаворка. Зразумеў, што паспяховай аказалася нямецкая контратака, наступаючых адкінулі назад.


Цэлы дзень праляжаў цяжка кантужаным, палавіна цела чорная, левая нага не слухаецца. Але крыху прыйшоў у сябе. Наступнай ноччу асцярожна папоўз у той бок, дзе грымеў фронт. Як развіднела, шукаў схованку. Так было на наступныя суткі. На трэці дзень пабачыў фурманку з савецкімі афіцэрамі. Выйшаў насустрач, абапіраючыся на снайперскую вінтоўку з разбітым аптычным прыцэлам. Яго сустрэлі са здзіўленнем:


— Бач ты, ледзь жывы паляк, а зброю не кінуў!
Пасля шпіталя даслужваў у Зомерфельдзе, у каменданцкай камандзе падтрымліваў парадак у горадзе. У ваенны час узнагароджаны Крыжам Грунвальда другой ступені, медалём “За баявыя заслугі”. Як вярнуўся дадому пасля дэмабілізацыі, працаваў у калгасе. Толькі з нагамі не шанцавала. Малады механізатар няўдала даў задні ход да плугоў — пацярпела правая нага прыцэпшчыка, якую ў дзяцінстве паламаў, калі катаўся на санках. У 57 гадоў Антон Міхайлавіч стаў інвалідам. У 80 перавязваў авечак, тыя нечага перапужаліся і так тузанулі, што паламалася шыйка бядра.


З вайны не вярнуліся старэйшыя браты маці — Юзаф і Адольф. Яны ўжо мелі сем’і і дзяцей, былі прызваны ў той жа дзень, 10 ліпеня 1944-га. Трапілі ў 34-ы полк 8-й дывізіі Войска Польскага. У адным з цяжкіх баёў пад Берлінам, калі пад шчыльным агнём немцаў адкаціўся назад парадзелы ланцуг наступаючых, на полі засталіся параненыя, якія гучна прасілі паратунку. Не зважаючы на рой куль, да іх кінуўся Адольф, траіх паспеў выцягнуць, побач з чацвёртым застаўся ляжаць. Юзафа куля напаткала ў час атакі 5 мая.


Малодшы Ян Перамогу адсвяткаваў. Ён застаўся служыць у Польшчы, давялося змагацца з бандэраўцамі. Сведчыў, што гэта было яшчэ цяжэй, чым на фронце.


Цяпер пра воінаў-франтавікоў, якім пашчасціла вярнуцца пераможцамі, і тым, што засталіся на полі бою, у сям’і Ермалёнкаў сведчаць старыя здымкі, дакументы, узнагароды, некалькі ацалелых рэчаў і ПАМЯЦЬ. 

На здымках: Дзядзькі Адольф і Юзаф з фронту не вярнуліся. 

Антон Міхайлавіч Ермалёнак.

Фотаматэрыял з альбома В. ЕРМАЛЁНКА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.