Авторизация
 

Марыі ШАРСНЁВАЙ ідзе 93-і год. “Вязень нацызму”

 Марыя Аляксандраўна ШАРСНЁВА клопатамі дачкі пасялілася ў вёсцы Новае Сяло на беразе Чэраскага возера ўжо ў пенсіённым узросце. Цяпер жанчыне 93-і год, за плячыма няпростае жыццё, поўнае нястачы ў маленстве, жахаў ваеннай пары, цяжкай працы пасля яе і статус “Вязень нацызму”.

Марыя Аляксандраўна нарадзілася 1 кастрычніка 1926 года ў вёсцы Чарнарэчка на Магілёўшчыне ў беднай сялянскай сям’і. Старэйшая сярод пяцярых дзяцей, а значыць, — першая памочніца маці, выхавальніца і распарадчыца для малодшых сястрычак і брацікаў. Бацькі працавалі ў калгасе, дзе зараблялі мала. Карміліся са сваёй гаспадаркі. Малеча назапашвала сена кароўцы на зіму з лясных палян (сенакос тады не выдзялялі), і цягалі галлё на паліва. Крапіва і шчаўе былі звычайнымі вясеннімі стравамі.


Нават у такіх няпростых умовах Марыя закончыла сямігодку. Паспела адолець толькі школьную праграму, бо пачалася вайна. 90-дзённая гераічная абарона Магілёва — гэта і трагедыя мясцовага насельніцтва. Мужчын мабілізавалі ў апалчэнне, бацька дадому ўжо не вярнуўся. Нямецкія снарады даляталі да вёскі і знішчалі хаты. Сям’і давялося ратавацца самой і выводзіць карміліцу-карову. Калі фронт пакаціўся далей, вярнуліся ў родныя мясціны, абжываліся ва ўмовах акупацыі. Але ў 1943-м пачаўся вываз моладзі ў Германію. У ліку вясковых дзяўчат на чыгуначную станцыю Чорны Лес немцы з паліцэйскімі пагналі і Марыю. У яе душа балела, што не паспела прывезці сена з далёкага, кіламетраў за 15, сенакосу для сваёй кароўкі.


Далёкая дарога ў Нямеччыну стала сапраўдным кашмарам. Дзяўчат пагрузілі ў вагоны-цялятнікі, не кармілі. Спачатку выса- дзілі на чыстым полі недзе ў Польшчы. Кастрычнік. Холад. За баландай чарга, парадак у якой падтрымлівалі пані з дубінкамі. Калі што не так — удар з усяе сілы па галаве. І так тры тыдні.


Прывезлі ў Брэмен. Для медагляду дзяўчат распранулі, аблілі халоднай вадой з нейкімі хімікатамі, ад якіх зліпліся валасы, усіх абстрыглі нагала. Зрабілі надта балючыя ўколы пад лапатку — некаторыя валіліся без прытомнасці. Марыя Аляксандраўна і цяпер не можа слухаць пахвальбу па тэлебачанні нямецкім урачам. Кажа: на нас калісь натрэніраваліся.


Потым было размеркаванне. Нямецкія гаспадары выбіралі сабе работніц. Марыі і яе стрыечнай сястры Вользе пашанцавала, іх з натоўпу выдзеліў уладальнік гасцініцы. Так, працаваць даводзілася шмат і цяжка, але не галадалі і начавалі пад дахам. Нават насілі нешта з ежы сяброўкам за калючы дрот, пакуль вартавы настойліва не параіў дзяўчатам не праяўляць цікавасці да жахаў, што адбываліся ў канцлагеры.
1945 год запомніўся Марыі Аляксандраўне бамбёжкамі, якія ўзмацняліся. Разбурылі і гасцініцу, усё навокал гарэла перад прыходам амерыканцаў.


Пасля праверкі ў фільтрацыйным лагеры, што праводзілі супрацоўнікі НКУС, Марыя вярнулася ў сваю Чарнарэчку. А там толькі пажарышчы. Прытуліла цётка, якой патрабавалася памочніца на час будаўніцтва ўласнай хаты, для ўдзелу ў лесанарыхтоўках. Потым зноў пошукі жылля і заробку. Рабочыя рукі патрабаваліся, але дзяўчыну суправаджала ганебная пляма “вывезенай”.


Пашчасціла ўладкавацца ў пральню школы-інтэрната ў недалёкім мястэчку Расна. Надарвалася, пакуль адмыла амаль без мыючых сродкаў усю бялізну, павыводзіла ў сірот-гадаванцаў блох.


Там, у Расна, Марыя праз некалькі гадоў выйшла замуж за былога франтавіка-сапёра Валянціна. Падарваўшыся на міне, ён застаўся без правай кісці, потым з-за гангрэны ўрачы адрэзалі яму руку амаль па локаць. Аднак гэта не збянтэжыла дзяўчыну, адно аднаму былі апорай і падтрымкай у жыцці. У сям’і нарадзілася двое дзяцей.


Старэйшая дачка, міярчанка Аліна Новікава, пры дапамозе якой запісаны ўспаміны Марыі Аляксандраўны, пра лёс сям’і сведчыць:
— Бацька памёр рана, у 37 гадоў яго падкасіла невылечная тады лейкемія. Але пакуль мог — працаваў, на кані адвозіў з сепаратарнага пункта малако-абрат у калгас за тры кіламетры. Маці больш замуж не выйшла. Ёй давялося быць афіцыянткай у сталовай, малаказборшчыцай у калгасе, а пасля курсаў — загадчыцай сепаратарнага пункта, затым свінаркай на адкорме. Побач з імі расла ў працы і я. З раніцы прыводзіла для бацькі ці маці каня з пашы і запрагала яго, вечарам адводзіла. Нярэдка падмяняла бацькоў, ездзіла за іх на фурманках з флягамі. Заставалася без канікул, калі трэба было дапамагаць на сепаратарным пункце пераносіць бітоны са смятанай, вырабляць казеін, мыць сепаратар, пастэрызатар і розны посуд.


Добра знаёма з працай у свінарніку, дзе ў каўшы падвясной дарогі патрабавалася спачатку прыгатаваць ежу кормнікам з бульбы і камбікорму, раздаць яе, а потым пачысціць стойлы і выдаліць гной.


А што такое вясковая сядзіба, у якой трымалі карову, авечак і іншую жывёлу, садзілі бульбу, даглядалі калгасную кукурузу, без мужчынскай падтрымкі. З маці нарыхтоўвала і вазіла сена, займалася дрывамі. Усё ўручную, на конях, нярэдка з прыгодамі.


І пры тым маці яшчэ была дэпутатам раённага Савета, на сесіі ў райцэнтр ездзіла. Медаль “Ветэран працы” і шматлікія юбілейныя ўзнагароды для яе заслужаныя. І грамадская пашана як вязню. Як жанчыне, што дала жыццё двум дзецям, мае трох унукаў і шасцёра праўнукаў. 

Фота з асабістага архіва М. Шарснёвай.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 624
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 088
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 50 880
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 925
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 668
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 463
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 422
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 мая 2019
Герман, Денис, Иван, Петр, Федор, Евдокия, Семен, Филипп

Именины 24 мая 2019
Александр, Иосиф, Кирилл, Константин, Михаил, Ростислав

Госці краін
free counters
Партнеры сайта