Авторизация
 

Пра кнігу «У смяротным баі. Успаміны камандзіра супрацьтанкавага разліку»

 Расійскае выдавецтва “Цэнтрпаліграф” у серыі “Па той бок фронту” выдала мемуары нямецкіх франтавікоў. У іх ліку кніга афіцэра 132-й пяхотнай дывізіі вермахта Готлаба Бідэрмана “У смяротным баі. Успаміны камандзіра супрацьтанкавага разліку”.

Яна ўяўляе цікавасць найперш для тых, каго займае ваенная гісторыя, тактыка баявых дзеянняў падраздзяленняў іншаземнай арміі, у дадзеным выпадку — нямецкай. А чытачы раёнкі знойдуць у ёй некалькі старонак, дзе апісваюцца “з таго боку” падзеі вызваленчага для нас
ліпеня 1944 года на Міёршчыне.

Аўтар кнігі «У смяротным баі. Успаміны камандзіра супрацьтанкавага разліку» ў 1941-м быў яфрэйтарам, для якога вайна — лад жыцця. Правёў на перадавой чатыры гады, дасканала асвоіў тактыку бою і стаў афіцэрам, камандзірам батальёна. Тры гады знаходзіўся ў рускім палоне. 

 Спачатку аб нямецкай 132-й дывізіі, якая ў ваенна-гістарычных выданнях называецца адной з найбольш паспяховых і баяздольных. Яна ўдзельнічала ў захопе Югаславіі ў 1940 годзе, пасля нападу Германіі на СССР ішла на Кіеў, вяла баі ў Крыме і штурмавала Севастопаль, затрымлівала прарыў блакады Ленінграда. Калі пачалася аперацыя “Багратыён”, накіравана пад Полацк, каб флангавым ударам спыніць гвардзейцаў Баграмяна. Але гэта аказалася беспаспяховым. Адступала па Міёршчыне імкліва, толькі з ар’ергарднымі баямі, потым “пакацілася” на Дынабург, Рыгу, капітулявала ў апошнія дні вайны ў Курляндыі.

132-я дывізія — гэта другі эшалон нямецкіх войск. Яна выгрузілася з вагонаў на савецкай тэрыторыі 30 ліпеня 1941 года і рушыла міма Львова ў напрамку Кіева. Салдаты былі ўпэўнены, што вайна з Савецкім Саюзам, як і ўзброеныя канфлікты з Францыяй і Польшчай, закончацца хутка. Іх суправаджаў пах дыму ад нядаўніх бамбардзіровак, насустрач ішлі несканчоныя калоны ваеннапалонных. Шмат разбітай тэхнікі сведчыла, што руская армія была добра матарызаванай.


Толькі 17 ліпеня разлік гарматы ўпершыню акапаўся і ўдзельнічаў у выпадковай сутычцы з чырвонаармейскай разведкай. Наступленне на пазіцыі Чырвонай Арміі пачалося першага жніўня. За шэсць гадзін цяжкага бою дывізія панесла страты, але захапіла 12 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Яфрэйтар упершыню задумаўся, як гэта мала для вялікай краіны, і толькі цяпер адчуў подых працяглай вайны. Праўда, прыкрае адчуванне згладзіла прыемнае дапаўненне да абрыдлага армейскага пайка — звараная з украінскай бульбай мясцовая курыца, агурочкі з агародаў. Вайскоўцы вучыліся рабаваць насельніцтва, што нібы забаранялася статутамі, але не каралася. У наступным Готлаб нават захапляецца здольнасцю арміі займацца самазабеспячэннем (выжываць за кошт рабаўніцтва захопленай тэрыторыі).


 Да Дняпра фронт паступова прасоўваўся з не надта жорсткімі баямі, хаця нямецкіх магіл побач з савецкімі болела. Готлаб не раз рабіў запісы, што Чырвоная Армія амаль або зусім разбіта. Але чым далей рухаліся немцы на ўсход, тым больш узрастаў яе адпор, павялічвалася негатыўнае стаўленне да захопнікаў насельніцтва. Пачалі адмоўна сказвацца глыбіня пранікнення, бесчалавечнасць вайны. І ні разу нямецкі салдат не задаўся пытаннем: навошта яна вядзецца?


На некаторыя, відаць, больш познія меркаванні аўтара спашлюся. Напрыклад, “абараняць Расію-маці ад фашысцкіх акупантаў стала патрыятычным абавязкам кожнага без выключэння. Так канфлікт перарос у вайну рускага народа супраць германскіх агрэсараў”. “На жаль, жорсткія дзеянні рускіх параўнальныя з паводзінамі нямецкіх акупантаў у тылавых раёнах… Для звычайнага рускага чалавека нямецкі салдат стаў прыхільнікам пагарджальнай, крывавай палітычнай арганізацыі і барацьбітом за яе”.


Ці вось яшчэ. ”Пасля першых поспехаў на нас наваліўся ўсё больш нарастальны цяжар у спробах захаваць мабільнасць і папоўніць свае страты…”, “Саветы перанялі тактыку вермахта… У супрацьлегласць гэтаму, правадыры ў Берліне прыносілі вялікую колькасць салдат у ахвяру ўсё той жа палітыкі “трымацца любой цаной”, якая амаль знішчыла Чырвоную Армію ў 1941-м. Сапернікі памяняліся месцамі”. “Рускі салдат праявіў сябе надзвычай цяжкім праціўнікам… Зброя нашых праціўнікаў была простай па канструкцыі, але практычнай…” “…Адрозненне паміж дзвюма арміямі, такое выразнае спачатку, стала паступова знікаць”.


Наступіла лета 1944-га. “Цяпер рускія наносілі страты нямецкай арміі дакладна такім жа чынам, як мы рабілі гэта з імі ў 1941-м і 1942 гадах у перыяд нашых вялікіх перамог”. 132-я нямецкая дывізія ўжо ля Полацка. Вельмі парадзелы першы батальён 437-га грэнадзёрскага палка 29 чэрвеня тэрмінова грузяць на аўтамашыны, да канца дня ён ужо недзе на поўдзень ад Дзюны (Дзісны?). Пераадольвае абарону наступаючых савецкіх войск і паглыбляецца ў адкрыты фланг на 30 кіламетраў. Але пад пагрозай акружэння атрымлівае загад рухацца ў напрамку Міорыі. Туды і накіроўваецца палавіна батальёна першага ліпеня пад камандаваннем лейтэнанта Готлаба Бідэрмана, неўзабаве займае пазіцыі на двух кіламетрах фронту. Са світаннем і тут пачынаюцца актыўныя баі.


 У 14.00 перапыняецца радыёсувязь Бідэрмана з камандзірам батальёна палкоўнікам Амброзіусам у Міёрах. Аказваецца, “горад заняты рускімі”. Баявая група немцаў утрымлівае наступленне савецкіх войск да змяркання, а потым кідаецца наўцёкі праз лес на поўнач па ўжо занятай чырвонаармейцамі тэрыторыі. Ім дапамагалі выходзіць з акружэння балоціста-лясістая мясцовасць, адсутнасць суцэльнага фронту ў наступаючых і асабістая дзёрзкасць.


Пятага ліпеня з боем адступаючыя прарываюцца праз некалькі вёсак, нарэшце дасягаюць населенага пункта, жыхары якога толькі рыхтуюць урачыстую сустрэчу вызваліцелям — байцам Савецкай Арміі. Накрыты сталы з пачастункамі, жанчыны трымаюць збаны са смятанай, ля іх дзеці з драўлянымі лыжкамі. І раптам высвятляецца, што худыя, у парванай ваеннай форме, перапэцканыя граззю і ўзброеныя да зубоў прышэльцы — зусім не вызваліцелі. Немцы, не зважаючы на перапужанае насельніцтва, хутка праглынулі ўсю ежу і пітво, прадоўжылі ўцёкі на поўнач да Друі. Аднак вёскі, па якіх адступалі бравыя грэнадзёры, засталіся без коней і падвод.


З 12 салдат, што ўваходзілі ў разлік супрацьтанкавай гарматы Бідэрмана на пачатку вайны, дадому вярнуліся толькі тры. А колькі магіл, руін і пажарышчаў яны пакінулі на сваім шляху. І дзеля чаго?


Мемуары пакідаюць не лепшыя ўражанні, цяжка ўспрымаецца гераізацыя гітлераўскіх салдат-захопнікаў. Гэта ж іх рукамі германскі фашызм рэалізоўваў сваю нечалавечую, крывавую палітыку ў Беларусі і іншых краінах.


Разам з тым успаміны дадаюць некалькі штрыхоў да ўсведамлення падзей, што адбываліся летам 1944-га на нашай тэрыторыі. Яны сведчаць, што нямецкая 132-я пяхотная дывізія хаця і баяздольная, але імкліва імкнецца на захад міма Дзісны, праз Міёры да Друі і Дынабурга з сярэдняй хуткасцю каля 20 кіламетраў за дзень. Варта ёй прыпыніцца, як акажацца акружанай. Калі паглядзець на карту, становіцца зразумелым, чаму адзін з батальёнаў з боем кідаецца на поўдзень у фланг наступаючым савецкім войскам. Праз раку Дзісна ў гэтых мясцінах толькі дзве пераправы — у Мікалаёве і Германавічах. Той батальён потым падзяляюць, каб выкарыстаць у якасці заслонаў. Так група пад камандаваннем лейтэнанта Готлаба Бідэрмана аказваецца ля Міёр. Але дзе?


Па журнале баявых дзеянняў 9-й гвардзейскай чырванасцяжнай стралковай дывізіі, яе наступленне на Міёры пачынаецца ад Свярдлоў-Дворнага Сяла. Раніцай чацвёртага ліпеня падраздзяленні займаюць рубеж Слаўшчызна-Масеўцы-Міснікі і ўступаюць у бой з 5-м латышскім паліцэйскім палком. Пра іншыя падраздзяленні праціўніка не ўзгадваецца.


Бідэрман таксама пра нейкіх суседзяў не піша. Яго група з дзвюх грэнадзёрскіх (пяхотных), у адной з якіх не больш за 60 байцоў, і рэзервовай рот (можна меркаваць пра агульную колькасць у 200-250 салдат), пры падтрымцы дзвюх самаходных зенітак, цяжкай супрацьтанкавай гарматы, чатырох станкавых кулямётаў і двух мінамётаў заняла два кіламетры абароны. Гэтая непадрыхтаваная пазіцыя ўспрымаецца толькі як заслона за Міёрамі на дарозе на Друю для прыкрыцця адступаючай дывізіі. Тады лейтэнант выдумаў гераічнае супрацьстаянне савецкім войскам з раніцы чацвёртага ліпеня — яны туды маглі падысці толькі пасля абеду, каля 16.00. Ускосна гэта пацвярджаецца звесткамі, што радыёсувязь са штабам батальёна прыпынілася ў 14.00. Адразу для высвятлення сітуацыі ў Міёры накіроўваецца ўзвод пешай разведкі, але калі тут ішлі баі з раніцы, гэтыя мясціны ўжо былі заняты наступаючымі чырвонаармейцамі.
Тое, што маляўніча апісвае Готлаб Бідэрман, найбольш верагодна, засталося ў дакументах савецкай 9-й СД як “нязначнае агнявое супраціўленне праціўніка з лесу на поўнач ад Загор’я” пад вечар 4 ліпеня 1944 года.


Цікава даведацца, дзе так горача рыхтавалі сустрэчу вызваліцелям сяляне. Гэта нейкі населены пункт на тэрыторыі цяперашняга Павяцкага сельсавета.


Кнігу прадаставіў
Вітольд ЕРМАЛЁНАК,
яе агляд зрабіў
Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 643
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 151
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 51 034
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 965
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 711
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 477
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 439
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 мая 2019
Александр, Иван, Леонтий, Макар, Максим, Марк, Никита, Петр, Тихон

Именины 26 мая 2019
Александр, Василий, Георгий, Ефим, Макар, Сергей, Тарас, Юрий, Ирина

Госці краін
free counters
Партнеры сайта