Толькі адзін радок у раённай кнізе “Памяць” прысвечаны ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны міярчаніну Іосіфу Вікенцьевічу Чарняўскаму.
Вядома, што ён нарадзіўся ў 1918 годзе. Ды вось юны краязнаўца з 8 “а” Валерыя Аніська ў закінутай будыніне вёскі Дворышча, а гэта практычна прыгарад райцэнтра, выявіла падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага салдату Войска Польскага Юзафу Чарняўскаму, які служыў у 44-м гаўбічным палку. Байцы гэтага падраздзялення ў складзе 1-га Беларускага фронту вызначыліся пры прарыве Паморскага валу і адзначаны ў загадзе №288 ад 4 сакавіка 1945 года. А ўжо 20 сакавіка яшчэ адна падзяка — за паспяховую ліквідацыю нямецкай абароны на левым беразе ракі Одэр ля Шчэціна.
Цяпер гэтыя дакументы зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыях музея СШ №3. Вялікая просьба да родных, суседзяў, людзей, што ведалі Іосіфа Вікенцьевіча, расказаць пра ратны і працоўны шлях гэтага чалавека. Захаваем памяць пра кожнага, хто бараніў родную зямлю ад ворага.
Фота для ілюстрацыі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.