Жизнь с видом на сад

Жизнь с видом на сад Феакціст Канстанцінавіч Нізюлька жыве ў Цімошкаве, але плён яго жыццёвага захаплення і працы могуць пабачыць многія жыхары Міёршчыны, ды і суседніх раёнаў. Ці знойдзецца дзе сад, у якім няма яго саджанцаў?! Не згодны? Тады нагадаю, што на восеньскім кірмашы 1995 года ў райцэнтры ён прадаў 400 дрэўцаў розных гатункаў. Сцвярджаў, што ў папярэднія гады рэалізоўваў у Міёрах, Дзісне, Дрысе, Лужках і іншых навакольных гарадах і мястэчках да тысячы яблынек.

 

Дарэчы, і асабіста мяне доўга радавала мноствам ярка-чырвоных і смачных пладоў яблынька з цімошкаўска-нізюлькаўскага пітомніка. Пра тыя плённыя часіны і цяпер нагадвае 93-гадоваму ветэрану ўласны сад, што пастаянна глядзіць у вокны старэнькай хаты. Летась яго аддзячылі за клопаты вялікім ўраджаем антонаўка звычайная, кранштэйн, пепін-шафран, уэлсі, памяць Сікоры, ігрушы… А вось сёлета пацешыла вясновай квеценню толькі ранняя ранетка, але пазнейшыя халады і звязаная з гэтым адсутнасць пчол не дазволілі развіцца завязям. Ніводнага яблычка не наліецца на дрэве.
Каб яблыня пладаносіла штогод, патрэбна ўрадлівая зямля і клапатлівы догляд,—тлумачыць вопытны садоўнік.—Калі такія ўмовы не забяспечаны, дрэва адзін год дае плады, а на другі толькі закладвае завязь. А яшчэ многае залежыць ад апылення.


Феакціст Канстанцінавіч ведае, пра што гаворыць. Любоў да садаводства ён з дзяцінства пераняў у бацькі. Той хаця і меў толькі чатырохкласную адукацыю пасля царскай школкі, уласную гаспадарку вёў умела. Быў адзін з нямногіх сялян у наваколлі, што ўкаранілі шасціпольны севазварот. І садам займаўся грунтоўна, выпісваў саджанцы з Кракаўскага ваяводства. Праўда, сапраўдны сад з тых дрэўцаў развесці не пашчасціла, пасадкі загубіў моцны зімовы мароз.
Як бачым, калі давялося вызначацца з будучай працоўнай дзейнасцю, не выпадкова Феакціст Канстан-цінавіч выбраў менавіта садоўніцтва. Паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча садаводаў і агароднікаў у Оршы, 2 гады і 3 месяцы асвойваў сакрэты атрымання высокіх ураджаяў.
Але гэта будзе потым, пасля вайны, з якой ён вярнуўся інвалідам. Пра тыя неспакойныя і гаротныя часіны ветэран не надта любіць успамінаць, ды і многае сцерлася з памяці. Але далёка не ўсё.

 

осенню 1943 года вёску Цімошкава наведаў начальнік асобага аддзела 4-й Беларускай пар-тызанскай брыгады з вялікай групай байцоў. Заклік да маладых мужчын і нежанатых юнакоў быў канкрэтны: "Хопіць, хлопцы сядзець па хатах, настаў час ваяваць з захопнікам!" Вось такім чынам гэтае злучэнне, ледзь не адзінае ва ўсёй Беларусі, правамі савецкай улады праводзіла прызыў-мабілізацыю моладзі для папаўнення сваіх радоў. Тады Феакціст Канстанцінавіч папоўніў шэрагі другога атрада брыгады, якім камандаваў старшы лейтэнант Дзюмін.
—Талковы быў камандзір,—некалі расказваў мне пра яго былы партызан.—Калі здарыцца што нечаканае, ударыць, бывала, рукой па фуражцы і прыме правільнае камандзірскае рашэнне.


Прымаць такія рашэнні даводзілася нярэдка, бо хадзілі партызаны на варожыя гарнізоны, на чыгунку пад Глыбокае. Асабліва запомнілася Феакцісту Канстанцінавічу апошняя карная экспедыцыя вясной 1944 года. Збор партызанскіх атрадаў тады быў прызначаны ў Дубах. Тры дні чакалі астатніх на Яльнянскіх астравах. Аказалася, што многія дзейнічалі ў залежнасці ад мясцовай сітуацыі. Між тым варожае кальцо замкнулася вакол балотняга масіву. Давялося ісці на прарыў. Нагадвае Феакціст Канстанцінавіч, што партызаны атрымалі загад—пры набліжэнні да варожых пазіцый не страляць да апошняй магчымасці. Але немцы нешта адчувалі, начную цемру раз-пораз праразалі трасіруючыя кулі. Як наблізіліся ўшчыльную, адкрылі шквальны агонь з усёй зброі. Ашаломленыя немцы разбегліся, адкрылі шлях ударнай групе з блакаднага кальца. Толькі паспелі прывесці сябе ў парадак, адпачыць пасля таго імклівага рэйду, як адбылася сустрэча з Савецкай Арміяй, што гнала ворага на захад. Атрымалі партызаны некалькі тыдняў "водпуску" з даведкамі, што яны маюць права на жыллё і работу, каб наведаць родных, атрымаць новыя савецкія дакументы. А потым зноў іх і іншых вяскоўцаў адпаведных узростаў паставіў у строй па мабілізацыі Дзісенскі райваенкамат. На два тыдні звычайнай для навабранцаў стала каманда "Вышэй нагу, шырэй крок!" Здаганяючы фронт, ішлі пешшу цэлымі днямі, прыпыняючыся на гадзіну-другую, спалі толькі з 10 вечара да 3-х ночы.
Трапіў Феакціст Канстанцінавіч у 9-ю дывізію 6-й арміі першага Прыбалтыйскага фронту. Як і ў партызанах, стаў радавым, стралком. А яшчэ атрымаў санітарную сумку, каб дапамагаць параненым ў баях таварышам. Спачатку наступалі на Літву, потым павярнулі на Латвію. Давялося пабачыць рознага, а малюнак апошняга франтавога дня і цяпер перад вачыма.


…16 жніўня 1944-га набліжаўся з таварышамі да перадавой па полі, на якім нядаўні бой пакінуў нямала разбітай тэхнікі, мёртвых салдат—сваіх і варожых. Пераадолелі ручаіну, наблізіліся да адзінокага хутара з цаглянымі пабудовамі. І вось тут, як у замаруджаным кіно, заўважыў Феакціст Канстанцінавіч "віхляючы" на апошнім участку траекторыі палёту снарад, што кіраваўся, здавалася, прама на яго. Апошнім рыўком кінуўся за вугал будыніны. Гэта ўратавала жыццё, але не прадухіліла ад ранення. Аскепкамі секанула па нагах, перабіла косці. Цяпер ужо баявыя таварышы паклапаціліся пра яго самога, на плячах данеслі да медсанбата. Цяжкае раненне амаль паўгода лячылі медыкі ў шпіталі Растова-Яраслаўскага, давялося перанесці тры аперацыі.


А тады трэба было вызначацца, як далей жыць з інваліднасцю, калі цяжкая фізічная праца супрацьпаказана. Але такіх у пасляваенны час было шмат, гэта не абараняла ад праблем, толькі іх ускладняла. Вось і знайшоў Феакціст Канстанцінавач выйсце ў садоўніцтве. Пасля вучобы ў Оршы некалькі месяцаў працаваў у Дрысе, а потым заняў пасаду агранома-садавода ў зямельным аддзеле Дзісенскага райвыканкама. Каб паболела садоў у тутэйшых мясцінах, стварыў пітомнік пладовых дрэў у вёсцы Чырвоная Гара (цяпер гэта Шаркаўшчынскі раён), пазней яго перанеслі ў Мікалаёва. Але і там яго існаванне даўно забылася.
Ф.К. Нізюлька—адзін з аматараў распаўсюджання ў нашых мясцінах зараз шырокавядомага гатунку яблынь "памяць Сікоры". Адрозніваў яго ад іншых навобмацак, па незвычайна аксамітнай кары маладых парасткаў. Часта апавядаў, як наведаў і гутарыў у Малых Алашках з "самім" Сікорам. А той не ўтойваў сакрэты вырошчвання пладовых дрэў, асабліва ад калег-садаводаў.


У 1951 годзе штат зямельнага аддзела быў скарочаны. Вярнуўся Ф.К Нізюлька ў родныя мясціны, ажаніўся, пабудаваў дом. Нейкі час старшынстваваў у сельгасарцелі "Чырвоны сцяг", якая пазней улілася ў калгас імя Дзяржынскага. Там працаваў брыгадзірам, рахункаводам, даглядаў статак, амаль 15 гадоў узначальваў пажарны апорны пункт у Туркове. І ніколі не парываў з садоўніцтвам. Яшчэ ў 1947-ым стварыў уласны пітомнік. А ён патрабаваў штовосень нарыхтоўваць безліч насення перспектыўных гатункаў, каб недзе ў лютым размясціць яго ў пясочку і з вясны атрымаць новыя парасткі, якія толькі пасля прышчэпкі і клапатлівага догляду некалі стануць пладовымі дрэвамі, што "пойдуць у людзі", будуць цешыць вока і радаваць пладамі.
Так, цяпер і гэта ў далёкім мінулым. Але падтрымлівае душу зялёны сад за акном. З задавальненнем расказвае Феакціст Канстанцінавіч, што і ў 93 яшчэ сам пасадзіў і даглядае невялічкі агарод. Што мае сыноў і ўнукаў.


Магчыма, крыху перабольшана скардзіцца на памяць, нібыта вельмі хутка забывае, што адбывалася ўчора. А вось даўняе яшчэ тое-сёе трымаецца. З самага ранняга, напэўна, такі малюнак: ідзе хлопчык з маці і бацькам светлым летнім ранкам у Грыгравіцкую царкву, як толькі расхінаецца бор, паўстаюць перад імі купалы храма. І малеча ў захапленні: "Мама, глядзі, чабуры!"
Так, у любым ўзросце чалавек чакае ад навакольнай рэчаіснасці нечага незвычайнага і гатовы радавацца яму.


Леанід МАТЭЛЕНАК,
На здымку: Феакціст Канстанцінавіч Нізюлька ў сваім садзе. Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.