Беречь память о войне

Беречь память о войне Больш за 13 мільёнаў дзіцячых жыццяў забрала Другая сусветная вайна, а ў памяці тых, каму ўдалося прайсці праз нечалавечыя выпрабаванні і выжыць, назаўсёды засталіся балючыя ўспаміны. Агонь і дым, голад і страх, холад і ледзяное дыханне смерці прымусілі заўчасна пасталець наіўныя і светлыя душы дзяцей. Тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак трапілі ў палон да ворага і зведалі жудасць канцлагераў. Хтосьці застаўся там назаўсёды, кагосьці лёс збярог.

 

38 вязняў фашызму, з якіх 36 былі вывезены на катаржную працу ў непаўналетнім узросце, пражывае цяпер у нашым раёне. Гэта людзі сталага ўзросту, за плячыма якіх цэлае жыццё з багатым запасам цярплівасці і мудрасці. І кожны раз, калі прыгадваюць пару ваеннага ліхалецця, на іх вачах выступаюць слёзы.

 

24 красавіка ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за гасцінна накрытым сталом адбылася сустрэча-дыялог вязняў фашызму з прадстаўнікамі маладога пакалення. Такое мерапрыемства ўпершыню было арганізавана ў мінулым годзе і паклала пачатак добрай традыцыі. Каму як не тым, хто не на словах ведае, што такое вайна, разумець сапраўдную цану яснага неба і вучыць іншых цаніць і берагчы мір.


Беречь память о войне — Вашыя ўспаміны будуць карыснымі для моладзі, — адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Алегаўна Стальмачонак, звяртаючыся да паважаных гасцей. — Вы прайшлі праз цяжкія пакуты, але змаглі зберагчы сілу духу і дабрыню.
І наступныя выступоўцы — старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Станіслававіч Кашкур, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Васільеўна Пяткевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" Ала Пятроўна Смерцьева — гаварылі пра велікадушнасць і добрыя сэрцы былых вязняў, віншавалі іх з хуткім святам 9 Мая і адрасавалі самыя добрыя пажаданні. Моладзі наказвалі берагчы памяць пра вайну.


— Пра гэта ўспамінаць балюча, — гаварыў старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму" Генадзь Васільевіч Кажан.—Вязень—гэта чалавек, які на сабе зведаў тое, чаго не пажадаеш нікому. Амаль на кожным кроку чакала смерць.
Генадзь Васільевіч расказаў пра сваё пасляваеннае жыццё і працоўную дзейнасць, пра ўласных дзяцей, якімі па праву ганарыцца, выказаў упэўненасць, што кожны чалавек можа дасягнуць пастаўленых мэт і даў наказ маладому пакаленню быць годнымі людзьмі.


Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не сустрэне 70-ю гадавіну Перамогі.
Вершаванымі радкамі пра няпросты лёс дзяцей вайны нагадалі вучаніцы школ райцэнтра Юля Лакотка, Паліна Мацвеева, Насця Адамёнак. З песняй "Дзеці вайны" выступіла школьніца Аня Савуць. Музычныя падарункі падрыхтавалі спявачкі Дар'я Шук, Святлана Атопкіна, Валянціна Пундзіс. З уласным вершам на ваенную тэматыку выступіла паэтэса Юлія Вітко, вершаванае прывітанне былым вязням даслала Алена Басікірская.


Спадабалася гасцям гульня "Адгадай мелодыю". Па фанаграме вызначалі песню, якую потым спявалі пад гармонік. У спаборніцтве з лікам 7:5 перамаглі прадстаўнікі старэйшага пакалення. Усе разам спявалі вядомыя песні ваеннай пары "В землянке", "Журавли", "Катюша", канечне, "День Победы" і многія іншыя.
Напрыканцы сустрэчы ад імя моладзі да былых вязняў звярнуўся малады спецыяліст ПМК-55 Антон Буйніцкі. Хлопец падзякаваў ім за душэўную сустрэчу і пажадаў добрага здароўя і ўсяго найлепшага.
На памяць у паважаных гасцей засталіся віншавальныя паштоўкі, ласункі, падарукі і цёплыя ўражанні.

 
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.