Агроном Владислав Карсюкевич из ОАО "Чересы" без дела не сидит

Агроном Владислав Карсюкевич из ОАО "Чересы" без дела не сидитЧаста даводзіцца чуць меркаванне, што аграномы зімой без справы сядзяць, бо травы і азімыя пад снегам, насенне на складах, сянаж і сілас—у траншэях і імі распараджаюцца спецыялісты жывёлагадоўчай галіны… Чым жа заняты кіраўнік агранамічнай службы?

 

Уладзіслаў Карсюкевіч з ААТ "Чэрасы" на пытанне адказвае з усмешкай:
—У працоўны водпуск адпраўляюся зімой, бо гэтай парой, сапраўды, работы менш. Сям'ю пакуль не стварыў, таму на адпачынак спяшаюся на родную Браслаўшчыну. Люблю рыбачыць--паблізу ад маёй вёскі Цяцеркі ёсць возера. Дзеля гэтага студэнтам нярэдка экстэрнам здаваў экзамены зімовай сесіі. Ля лункі з вудай атрымліваю шмат пазітыву, а вось да летняй рыбалкі такой цікавасці няма.


Малады кіраўнік раслінаводчай галіны ААТ "Чэрасы" лічыць, што зімой у агранома работа не менш карпатлівая. Шмат часу Уладзіслаў затрачвае на афармленне рознай дакументацыі, у тым ліку ёмістай кнігі гісторыі палёў. Спіс дадзеных, якія заносяцца ў яе, доўгі. Праз нейкі час цікава будзе гартаць старонкі, дзе ўсё пра цяперашнія севазвароты, агульны аб'ём зямельнага фонду гаспадаркі і плошчы пад рознымі відамі сельгаскультур, велічыню ворнага пласта і пажыўныя рэчывы ў ім, аб'ёмы ўнесеных мінеральных і арганічных угнаенняў, агратэхнічныя мерапрыемствы, ураджайнасць і іншае.


Зіма адлічвае апошнія дні, і малады аграном, перш чым тэхніка накіруецца на палеткі, прааналізуе работу раслінаводчай галіны за мінулы год, зробіць высновы, дзе аб'ектыўныя фактары перашкодзілі выйсці на запланаваную ўраджайнасць, а дзе мелі месца ўнутрыгаспадарчыя недапрацоўкі і ўпушчэнні. Працуе толькі другі год, але ёсць веды і старанне, а гэта, са слоў вопытных аграрыяў,—добры фундамент.


Уладзіслаў Карсюкевіч месца працы выбраў не выпадкова. Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі прыбыў ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання ў Міёрскі раён, дзе прапанавалі ААТ "Любінова", ВУПКУ "Юбілейны" і ААТ "Чэрасы". Выбраў апошнюю з названых, па-першае, непадалёк ад роднай Браслаўшчыны, па-другое, цэнтральная сядзіба ААТ "Чэрасы" блізка ад Міёр, дзе жыве і працуе старэйшая сястра Марыя.
Аграном удзячны за падтрымку дырэктару таварыства Алегу Януковічу, бо абодва яны ніцыятыўныя, настроеныя на пазітыўныя перамены, лічаць, што гэта галоўная ўмова выніковай працы на кожным вытворчым участку.


—Ёсць катэгорыя работнікаў, якія жывуць у палоне асабістай абыякавасці і безадказнасці. Да такіх у мяне адносіны жорсткія і патрабавальныя,—дзеліцца малады аграном.—Не змаўчу, калі хтосьці працуе "абы дзень да вечара" ды дапускае нямала агрэхаў.


На заўвагі і крытыку некаторыя агрызаюцца, маўляў "які заробак, такая і праца". Аграном у адказ: як працуеш, так і зарабляеш. Цяпер аграрыям даводзіцца жыць у асноўным за ўласна заробленыя грошы і пагашаць немалыя даўгі і запазычанасці, а таму трэба старацца, каб была прадукцыя, якую можна выгадна рэалізаваць, сабекоштам не вышэй за рэалізацыйную цану. Уладзіслаў перакананы, што грошы трэба зарабляць, турбуючыся.
—Механізатар-сеяльшчык не адзін раз павінен вылезці з кабіны, каб праверыць спраўнасць агрэгата, пракантраляваць, як загортваецца ў глебу насенне. Камбайнераў павінна хваляваць якасная ўборка ўраджаю на палетках. Але далёка не ва ўсіх баліць душа,—сцвярджае Уладзіслаў.—Таму даводзіцца быць не толькі аграномам, але і псіхолагам, каб пераканаць, знайсці "агульную мову" з тымі, хто не жадае выконваць працоўныя абавязкі якасна ці "шукае шчасце" на дне бутэлькі са спіртным.


Са слоў маладога спецыяліста, справы ў гаспадарцы наладжваюцца ў выніку далучэння таварыства да Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Пры гэтым павысіліся патрабаванні і да сельскіх вытворцаў. Леташняй восенню падчас сяўбы азімых КХП дапамог з набыццём мінеральных тукаў. Забяспечана нядрэннае сілкаванне глебы. Чакаюць крэдыту і на закупку вясенняй падкормкі сельгаскультур і яравой сяўбы.


Да працаўладкавання ў ААТ "Чэрасы" Уладзіслаў нямала вучыўся. Пасля сярэдняй школы паступіў у Відзаўскае СПТВ, дзе атрымаў рабочыя прафесіі і некалькі месяцаў працаваў зваршчыкам. У гаспадарцы па месцы жыхарства надоўга не затрымаўся, паступіў у Лужаснянскі каледж на агранома, а затым павышаў адукацыю ў Горацкай акадэміі. Вытворчую практыку праходзіў у сельгасарганізацыях, у тым ліку ў ААТ "Узмёнскі край" нашага раён. За плячыма ў маладога спецыяліста ёсць пэўны вопыт, але не саромецца звярнуцца за рэкамендацыямі да старэйшых калег, спецыялістаў райсельгасхарчу. Нярэдка дзеліцца вопытам галоўны аграном ААТ "Пад'ельцы" Міхаіл Пятровіч Панкрат. Пад яго кіраўніцтвам раслінаводы гэтай гаспадаркі штогод атрымліваюць добры ўраджай збожжавых культур.


Ва Уладзіслава таксама ёсць поспех, летась ён прызнаны лепшым маладым спецыялістам АПК на Міёршчыне. На першым годзе яго працы ў раслінаводчай галіне ААТ "Чэрасы" перамагло ў раённым спаборніцтве па вытворчасці алейнага насення рапсу. Сам жа аграном сціпла адзначае, што ганарыцца пакуль няма чым. Дзякуе за старанне механізатарам і ўсяму калектыву, якія летась сталі пераможцамі раённага спаборніцтва на жніве, касьбе, транспарціроўцы зялёнай масы і іншых работах. У гаспадарцы ёсць адказныя работнікі, на якіх варта раўняцца іншым не толькі ў працы, але і ў паводзінах, уменні выслухаць і пачуць. Побач з такімі людзьмі маладому лёгка рэалізоўваць свае веды і навыкі.


Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.