Череская Свято-Николаевская церковь

Череская Свято-Николаевская церковьУ энцыклапедычным выданні "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць" адзначана, што Мікалаеўская царква на ўскраіне вёскі Чэрасы пабудавана ў 2-й палавіне 19 ст. з цэглы. 

 

Шмат'ярусная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з шатровай званіцы, бабінца, асноўнага кубападобнага аб'ёму, пяціграннай апсіды з бакавымі прыдзеламі. Асноўны аб'ём завершаны цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане. У дэкаратыўнай апрацоўцы фасадаў выкарыстаны формы старажытнарускага культавага дойлідства—какошнікі, кілепадобныя аркі. Царква—помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.

 

Старонкі далёкай даўніны
У 2009 годзе ля царквы ў Чэрасах праводзілася добраўпарадкаванне тэрыторыі з выкарыстаннем землярыйнай тэхнікі. Гэтую акалічнасць для археалагічных пошукаў выкарысталі члены гуртка "Арганаўты мінулага" пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі СШ №3 Вітольда Ермалёнка. А гуртковец Ігар Кандратовіч, тады дзесяцікласнік, па выніках даследаванняў знаходак і розных пісьмовых крыніц напісаў працу "Вёска Чэрасы ад старажытнасці да сучаснасці", якая заняла першае месца ў рэспубліцы ў намінацыі "Сельскія населеныя пункты". З дазволу аўтара некаторыя прыведзеныя ім звесткі пра Чэраскую царкву будуць выкарыстаны і ў гэтай публікацыі.


Дык вось, ля агароджы храма выяўлена лыжачка для прычасця 16 стагоддзя. Рэшткі бронзавых упрыгожанняў, кавалкі аплаўленых званоў і шкла сведчаць, што тутэйшая невялікая драўляная культавая пабудова згарэла ў 17-ым стагоддзі. Магчыма, гэта адбылося ў час Паўночнай вайны 1700-1721 гг.


Зямля хавала шмат расійскіх манет рознага наміналу, самай распаўсюджанай аказалася дзянга 18-га стагоддзя. Адна з іх 1731 г. знойдзена ў дошцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі падсвечнікаў, жырандолі, жалезнага крыжа, бронзавых акладаў абразоў, шклянога посуду і парцаляны, да больш позняга—кавалкі кафлі.


В.А. Ермалёнак са спасылкай на дакумент "Стан Міёрскага касцёла і плябаніі…" за 1783 год ("Міёрскія навіны", №8 за 26 студзеня 2016 г.) сцвярджае, што на тэрыторыі Міёрскай каталіцкай парафіі на той час была капліца непасрэдна ў Міёрах у маёнтку пані Беліковічавай як філіял Чэраскай уніяцкай царквы. Чэраскі святар Стэфан Бароўскі быў добрым памочнікам у парафіяльных справах і не толькі сам наведваў па нядзелях службу ў касцёле, але нават праводзіў у ім некаторыя праваслаўныя набажэнствы з казаннямі і працэсіямі для сваёй паствы. І такое доўжылася ўжо 140 год!


Ахвяраваннямі Радзівілаў, якія сталі ўладарамі Чэрасаў, у 18 стагоддзі была ўзведзена новая драўляная ўніяцкая царква. Яна прастаяла доўга. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе была прымусова пераведзена ў праваслаўе. На той час у прыход уваходзілі маёнтак Чэрасы, хутар Чэрасы, вёскі Новае Сяло, Масеўцы, Пціцкія, Літоўчыкі, Захарні, Сілава, Басяныя, Застарынцы, Мацюкі, Слаўшчызна, Татары, Грэцкія, Сушкі, Ліпаўкі, Глінаўка, Старыя Крукі, Новыя Крукі, Вя-лікая Кавалеўшчына, Малая Кавалеўшчына, Якубаўшчына, Папкоў Луг, Пацеенкі, Казлы, Кручкі, Маляўкі, Сухавержжа, Дзянісава, Мнюхі, Дульскія, Кушняры, Франопаль, Палякі, Астравы, Падгайцы, Юнцы, Свярдлы, Канахі, Крыштулі, Папоўшчына, Марозькі, Картавыя, Дворнае Сяло, Пальчахі, Пестуны, Мацюкі, Вярсты, Жарсцвянка, Стэфанова, Вязаўцы, Вазаўнікі, Чэхаўшчына, Цілеўцы, Юркаўшчына, Сухія, хутары Лаўкі, Верацеі, Селішча, Карпачова, Дуброва.


Святарамі ў той час служылі: друйскі дабрачынны, чэраскі настаяцель протаіерэй Міхаіл Стукаліч (1839-1855), Васіль Шалюта (1839-1842), Ігнацій Пятроўскі (1844-1846), Феліцыян Шалюта (1847-1850), Іакаў Лукашэвіч (1848-1849), Іаан Васілеўскі—друйскі дабрачынны і чэраскі настаяцель (1849-1866), Іакаў Андрыеўскі (1851-1866), Іосіф Шалепін (1864-1866), Іван Кузняцоў (1865-1871), Аляксандр Арлоў (1866), Іеранім Качынскі (1867-1874), Аляксей Біруковіч (1869-1877), Аляксандр Спабаловіч (1877-1880), Вікенцій Станкевіч (1872-1882), Васіль Хваінскі (1877-1882), Міхаіл Зінкевіч (1882).


Псаломшчыкі займалі свае пасады больш стабільна: Мацвей Малажаўскі (1835-1859), Міхневіч (1845), Аляксандр Паўлоўскі (1852-1856), Іосіф Дарашэўскі (1856-1857), Піліп Гяртовіч (1858-1869), Мікалай Фёдараў (1870-1874), Дзмітрый Прырпін (1874), Іосіф Пярвенскі (1877), І. Паўлоўскі (1879-1901).


Працяг 
Калі меркаваць па прозвішчах, абсалютнай большасцю прадстаўнікі кліру былі людзі прыезджыя. Ведамасць 1863 года сведчыць, што ў параўнанні з мясцовым насельніцтвам яны былі добра забяспечаны матэрыяльна. Па штаце 1842 года кожны з двух святароў атрымліваў 180 рублёў у год, дыякан—80 рублёў, кожны з двух намеснікаў дыякана і прасвірня—24, а ўвесь прытч—544 рублі срэбрам. Дадаткова кожны святар атрымліваў ад сялян адпрацоў-вальнымі па 64 рублі 25 капеек срэбрам. Яны мелі 272 дзесяціны 659 квадратных сажняў (сажань— 2,1336 м) зямлі, часткова цераспалоснай, што з'яўлялася масавай з'явай, і аддаленай. Карысталіся хто жыллём, іншыя гаспадарчымі пабудовамі, дадаткова натурай выдзяляліся дровы—па 33 сажні з памешчыцкіх дач.


У той час у прыходзе было 1680 чалавек мужчынскага полу і 1836—жаночага. Адлегласць да самага аддаленага населенага пункта 12 вёрст (вярста—1,0668 км).
Для канчатковага зацвярджэння новай веры і падтрымкі плануемага царкоўнага будаўніцтва 6 снежня 1866 года пры царкве заснавана Свята-мікалаеўскае брацтва. Прадэкларавана яго асноўная мэта—"дзейнасць на карысць праваслаўна-рускай справы".
Ля вытокаў брацтва стаялі святары Іакаў Андрыеўскі і Іван Кузняцоў, трэцім ініцыятарам названы Дункель. У гэтай сувязі варта спаслацца на публікацыю "Вестника западной России" за той жа 1866 год аб залажэнні новай цаглянай царквы таксама ў гонар Мікалая Цудатворца ва Узмёнах, там сярод павятовага начальства з Дзісны названы капітан жандармаў з такім жа прозвішчам. Найбольш верагодна, гэта адна і тая ж асоба.
Між тым, брацтва актыўна занялося рэлігійным выхаваннем вернікаў і папаўненнем сваёй казны. На карысць "рускай справы" памешчыца Свярской губерні Ганна Юрэцкая даслала царкоўных прадметаў на 50 рублёў срэбрам, а святар з той жа мясцовасці Аляксандр Пашахонаў—на тры рублі. Мясцовы жыхар Сцяпан Шаўчонак ахвяраваў абраз коштам 10 рублёў, а князь Міхаіл Радзівіл не пашкадаваў нават 300 рублёў—вялікую па тым часе суму, за што быў абраны ганаровым старшынёй брацтва.


Стараннямі брацтва адкрыты аддзяленні Чэраскага народнага вучылішча ў вёсках Вялікая Кавалеўшчына і Пестуны. Настаўнікамі сталі два выпускнікі вучылішча з аплатай 1 рубель ад вучня ў год плюс 3 рублі на памяшканне для жылля. Селяніну з Пестунаў Францу Тычко заплачаны рубель за хату для заняткаў вучняў.
Брацтва падтрымлівала грашыма навакольных вяскоўцаў. "Прымаючы да ўвагі бязвыхаднае становішча сялян у выніку неўраджаю", яно дало ў доўг пад 6% гадавых пэўныя сумы Грыцкевічу з Пестунаў, Лушчонку з Мацюкоў, Іллі Мальцу з Казлоў і іншым. За выраб дзвюх шаф для царквы мясцоваму майстру Грыневічу заплачана 10 рублёў.


У 1879 годзе пазыкай ад брацтва ўжо скарысталіся 25 чалавек. Вучням выдзелена ў якасці дапамогі з-за няўраджаю 10 рублёў на пакупку круп.
Такая дзейнасць брацтва працягвалася і пазней, калі святаром стаў Аляксей Біруковіч.
Чэраская воласць, а адпаведна і царкоўны прыход, была даволі вялікая. У 1872 годзе яна налічвала 342 двары ў 56 вёсках з 3223 жыхарамі (для параўнання, Міёрская воласць мела 180 двароў і 3451 жыхара). Валаснымі старшынямі ў ёй у канцы 19-пачатку 20 стст. з'яўляліся Піліп Матэленак, Фама Лакотка, Уладзімір Шульга. Такія прозвішчы сустракаюцца тут да гэтага часу.


Пры падтрымцы брацтва памкненнямі святара Алексія Бяляўскага ў 1886 годзе на месцы старога драўлянага пачата ўзвядзенне будынка "на фундаменце з каменя, звязанага са званіцай, у якой месцілася вартоўня". Так паўстаў сучасны Свята-Мікалаеўскі праваслаўны храм, асвячэнне якога адбылося 22 кастрычніка наступнага 1887 года. У царкве знаходзіўся толькі адзін прастол у імя свяціцеля і цудатворцы Мікалая.
Дарэчы, святарамі ў Чэрасах служылі на рубяжы стагоддзяў і крыху пазней Кялесцін Галянкевіч (1882-1889), Максіміліян Памяранцаў (1882-1884), Алексій Бяляўскі (1884-1916), Пётр Лебе-дзеў (1890-1897), Міхаіл Эрдман (1898-1903), Павел Зубоўскі (1904-1911), Ніл Кульчыцкі (1912-1914), Антоній Мазалеўскі (1915-1916), Аляксандр Раманюк (1915-1916), Мікалай Мірановіч (1916-1917), Павел Валынцэвіч (1917), Аляксандр Нарановіч (1917-1920), Міхаіл Мажароўскі (1917-1926).
Ім дапамагалі псаломшчыкі Міхаіл Зянковіч (1880-1891), Аркадзь Зянковіч (1900), Мікалай Паўлоўскі (1902-1903), Стэфан Гардзілоўскі (1904-1912), Дзмітрый Савіч (1909-1911), Канстанцін Нарановіч (1912-1927), Мірон Сухадолец (1915), Стэфан Бяляўскі (1919-1930).


Працяг будзе.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.