Празднование 9 мая в Миорах

Зыркім сонейкам, пунсовымі майскімі цюльпанамі і бялюткімі галінкамі квітнеючых вішань сустракаў наш райцэнтр 9 мая. На плошчы ля раённага Дома культуры сабраліся прадстаўнікі адміністрацыі раёна на чале з старшынёй райвыканкама І. Кузняцовым, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, ваенныя, моладзь, школьнікі, каб ушанаваць памяць герояў і ўславіць тых, хто вынес на сваіх плячах цяжар вайны ў імя міру, блакітнага неба над галавой, радаснага  смеху дзяцей, шчасця жыць вольна і ствараць.  
 
Як вядома Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне—здабытак людзей розных нацыянальнасцей. Не выпадкова ў ліку гасцей—дэлегацыя на чале з першым сакратаром пасольства Рэспублікі Казахстан Булатам Каткенавым. На Міёршчыне, у раёне вёскі Слабада,  у выніку контратакі фашыстаў загінуў яго дзядуля Касабай Каткенаў. А ўсяго 21 воін-казахстанец пахаваны на нашай зямлі.  
 
Пачалося свята з урачыстай цырымоніі, прысвечанай Дню дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь. Вядучы Васіль Мядзюха нагадаў, што гэта неад'емныя сімвалы суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны, якія ўвасабляюць і пацвярджаюць яе дзяржаўнасць, растучы аўтарытэт на міжнароднай арэне. Пачэснае права ўзняць сцяг і тым самым выказаць павагу да гісторыі, а таксама да ўсіх беларусаў, якія ваявалі, адраджалі гарады і вёскі прадставілі лаўрэатам звання "Чалавек года Віцебшчыны-2015"—начальніку транспартна-энергетычнага адзела Міёрскай ПМК-55 Аляксандру Салькевічу і машыністу-экскаватара Міёрскай ПМС Юрыю Нікіценку. У памяць пра тых, каму абавязаны шчаслівым жыццём, удзельнікі свята ўсклалі кветкі да абеліска воінам-вызваліцелям райцэнтра. 

У наш час таксама ёсць месца подзвігу ў імя лепшага: заўсёды ў пашане добрасумленная праца. Па добрай традыцыі падзякі старшыні райвыканкама за старанні і адданасць роднай зямлі атрымалі калектывы і перадавікі, якія занесены на раённую Дошку гонару па выніках 2015 года. Пасля святочная калона накіраваліся на плошчу Памяці загінуўшых барацьбітоў, дзе гарыць Вечны агонь і змяняюцца ў пачэсным каравуле нашчадкі Вялікай Перамогі. 

 
Мітынг-рэквіем распачаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Тронькін. 1418 дзён і начэй працягвалася самая кровапралітная ў гісторыі чалавецтва вайна, забраўшы звыш 27 мільёнаў жыхароў Савецкага Саюза. Пра дарагую цану за Перамогу, якую заплаціла Міёршчына, гаварыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. У гады ваеннага ліхалецця загінулі на франтах і прапалі без вестак 2230 нашых землякоў. На тэрыторыі раёна спачывае вечным сном 801 воін-вызваліцель. Легендарныя старонкі ў гісторыю ўсёй краіны ўпісалі мірныя жыхары, якія не скарыліся захопнікам. Больш за 4 тысячы расстраляных землякоў, 1407 спаленых дамоў, звыш 10 тысяч вывезеных мужчын, жанчын, дзяцей на прымусовыя работы. Памяць герояў увекавечана ў 72 помніках і абелісках, ва ўспамінах франтавых сяброў, родных, блізкіх, сэрцах жыхароў усяго раёна.


Час няўмольны. На вялікі жаль, з кожным годам менее герояў тых страшных падзей. Сёлета 3 інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 16 удзельнікаў, 3 працаўнікі тылу, 30 вязняў канцлагераў сустрэлі Вялікую Перамогу. Як адзначыла Марыя Мікалаеўна, наша задача—надалей берагчы і захоўваць гістарычную праўду пра жудасныя гады ліхалецця, шанаваць памяць пра жывых і загінуўшых герояў, перадаваць у спадчыну гордасць за продкаў падрастаючаму пакаленню і зрабіць усё магчымае, каб трагедыя больш ніколі не паўтарылася.
Камісар Міёрскага раёна Сяргей Жабёнак таксама заклікаў берагчы памяць пра мінулае, нагадаўшы пра страты савецкага народа і яго баявы подзвіг у самай страшнай вайне. Загінуў кожны чацвёрты беларус. Былі спалены і сцёрты з зямлі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак, знішчаны ці вывезены ў Германію больш за 10 тысяч прадпрыемстваў. Аднак мужны народ заставаўся непахісным. Узброеныя Сілы СССР правялі больш за 40 буйных наступальных стратэгічных аперацый, у ходзе якіх былі разгромлены магутнейшыя групіроўкі нямецка-фашысцкіх войск. З годнасцю прайшлі ўсе выпрабаванні, нягоды і сталі сапраўдным прыкладам мужнасці і гераізму і землякі. Нераўнадушша і неабыякавасць дае магчымасць даведвацца пра новыя факты далёкіх падзей і ацэньваць сілу духу нашага народа. Так, цяпер мы ведаем імя легендарнага генерал-маёра Кузняцова і яго 126-ю дывізію, якая лічылася ў Прыбалтыцы знішчанай. Аднак яму ўдалося з мінімальнымі стратамі вывесці дывізію на тэрыторыю Міёршчыны. Тут на рубяжы нашага і Полацкага раёна прыняць баі і пасля перапраўкі праз Заходнюю Дзвіну ўдзельнічаць у абароне Полацка. Пошукавыя работы працягваюцца, каб памяць пра герояў жыла і не гаснула, гаварыў камісар раёна.  
Мы беражліва захоўваем ваенную гісторыю і на прыкладзе гераічных традыцый старэйшых выхоўваем моладзь. Дзесяцікласнік СШ №3 Юрый Сіповіч запэўніў, што маладое пакаленне таксама шчыра любіць сваю Радзіму, беражэ і захоўвае памяць пра гераічнае мінулае. Дзяўчаты ў гімнасцёрках з Міёрскай базавай школы таксама ведаюць, якой цаной неверагодных намаганняў выстаялі ў той вайне, што пацвердзілі песняй, якую спявалі, нібы пражывалі.  

Кіраўнік ветэранскай арганізацыі Часлаў Станіслававіч Кашкур гаварыў пра ўважлівыя і клапатлівыя адносіны да ветэранаў. Напярэдадні з падарункамі наведалі ўсіх, а таксама працаўнікоў тылу, вязняў фашызму, сем'і загінуўшых, усяго 55 чалавек. Прагучала падзяка вучням школ райцэнтра, якія ўжо не першы год сваімі рукамі майструюць да святочнай даты цудоўныя сувеніры.
Мітынг завяршыўся ўскладаннем кветак і вянкоў да падножжа помніка ў знак глыбокай пашаны і смутку пра загінуўшых у кровапралітнай барацьбе за Айчыну. 

Затым на плошчы адбылося ўрачыстае асвячэнне абраза Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага, які нядаўна ўстаноўлены ў аднайменай капліцы па ініцыятыве Тамары Іванаўны Ляхавай. Са слоў протаіерэя, благачыннага цэркваў Міёрскай акругі Віктара Вабішчэвіча, цяпер гэты духоўны сімвал Перамогі над ворагам будзе бласлаўляць райцэнтр, Айчыну, царкву і кожнага з нас на стваральнае жыццё і захаванне удзячнасці да тых, хто заваяваў для нас мір. 

Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.